Вы тут

Гродна: «Аб градзе гэтым і ўсіх, хто вераю жыве ў ім»


Фотаальбом «Каложская царква» гродзенскага фотамайстра Аляксандра Ласмінскага выдадзены ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства ў Слоніме. Увогуле, на Гродзеншчыне актыўна развіваецца краязнаўчы рух у розных праявах. І візуалізацыя аб'ектаў даўніны — адзін з кірункаў у гэтай справе.


З прадмовай да сімпатычнай і красамоўнай праз выдатныя фотаздымкі фотакнігі, «зялёнае святло» якой дало выдавецтва «Беларусь», выступае архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Вось што, у прыватнасці, ён зазначае: «Акрамя гісторыка-культурнай каштоўнасці для горада Гродна, Свята-Барыса-Глебскі храм на Каложы мае яшчэ і вялікае духоўнае значэнне. Па-першае, гэты адзіны з храмаў, што захаваўся з XІІ стагоддзя, выразна сведчыць пра тое, што менавіта ўсходняя хрысціянская традыцыя, якая атрымала пасля назву праваслаўнай, была першаснай у Гродне — горадзе, які ў перыяд Сярэднявечча быў сапраўдным фарпостам на заходніх межах Старажытнай Русі. Па-другое, той факт, што храм быў асвячоны ў гонар святых дабраверных князёў і пакутнікаў Барыса і Глеба, сыноў святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра — хрысціцеля Русі, кажа пра асаблівую духоўную і культурную супольнасць усходніх славян — продкаў сучасных беларусаў, рускіх і ўкраінцаў — і дае нам выдатны пырклад іх адзінства ў Хрысце, у якім, па словах апостала Паўла, «няма ні эліна, ні іўдзея... але ўсё і ва ўсім Хрыстос». І, па-трэцяе, старажытная Каложская царква справядліва лічыцца сярод жыхароў Гродна адным з самых святых месцаў у горадзе. Бо тут, у сценах старажытнага храма, з XІІ стагоддзя ўзносіцца малітва «аб богаахаванай нашай краіне», «аб градзе гэтым і ўсіх, хто вераю жыве ў ім». Пад гэтыя старажытныя скляпенні прыходзяць людзі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу па малітвеную дапамогу да святых Барыса і Глеба, пад жыватворнае Покрыва Маці Божай дзеля цудатворнай іконы «Каложскай». Многія менавіта тут імкнуцца атрымаць благаславенне Божае на ўступленне ў шлюб і далейшае сумеснае сямейнае жыццё, а затым прыносяць сваіх дзяцей, каб спадобіць іх благадаці Святога Хрышчэння».

«Несмяротным тварэннем нашых продкаў» называе Аляксандр Ласмінскі Каложскую царкву. А сваім фотапаглядам унікліва сягае ў сэрца і душу Каложы, паказвае яе палёт і яе ўзвышанасць у гарадскім інтэр'еры, у сённяшнім дні старажытнага горада. Поруч з арыгінальнымі здымкамі сапраўднага майстра — рэпрадукцыі старых паштовак з выявай Каложскай царквы ў пачатку XX стагоддзя, выявы варыянта рэканструкцыі Каложскай царквы М. Вароніна (1954 год), абмернага чарцяжа перыметра храма. На здымках Аляксандра Ласмінскага — дэталі, фрагменты каложскіх артэфактаў, літаральна ўсе куточкі царквы.

Тыраж выдання — 2000 экзэмпляраў. Няма ніякіх сумненняў, што фотакніга Аляксандра Ласмінскага шырока разыдзецца не толькі па Гродзеншчыне, але і па ўсёй нашай краіне. Варта адзначыць, што Аляксандр Ласмінскі — знаны фоталетапісец Гродзеншчыны. Дзякуючы яго творчай руплівасці пабачылі свет фотальбомы «Аўгустоўскі канал», «Прынёманне. Гродзенская вобласць», «Возера Свіцязь», «Гродзенская зямля з вышыні птушынага палёту». У 2011 годзе Аляксандра Ласмінскага ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.