Вы тут

На Аўгустоўскім канале прайшло брэндавае свята


Яго адрадзілі некалькі гадоў таму. Такія забавы на шлюзе Дамброўка праводзіліся больш за 100 гадоў таму. Але свята заціхла пасля разбурэння канала. І вось калі беларускі бок поўнасцю адрадзіў сваю частку, свята мора таксама вырашылі аднавіць. І цяпер гэта самы цікавы і відовішчны брэнд Аўгустоўскага канала.


Усё новае — даўно забытае...

Традыцыйна свята мора праходзіць на шлюзе Дамброўка. Гэта самы «абжыты» з пяці шлюзаў на беларускай частцы канала — з прыгожым ландшафтам і турыстычнай інфраструктурай.

Калі паглыбіцца ў гісторыю, можна даведацца, што святочную падзею тут пачалі праводзіць больш за 100 гадоў таму. Канал быў поўнасцю суднаходны, і тут збіралася шмат людзей, якія на ім працавалі. А калі месца прыйшло ў заняпад падчас вайны, усё заціхла. І толькі пасля рэканструкцыі тут зноў зацяплілася жыццё.

Як адзначыў падчас адкрыцця свята намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар ЛІСКОВІЧ, штогод тут бывае больш за 100 тысяч чалавек. Пастаянна ўдасканальваецца інфраструктура воднай жамчужыны. Канал аб'яўлены зонай бязвізавага знаходжання.

Тут курсіруе некалькі пасажырскіх параходаў, якія заўсёды запоўнены. Таксама на шлюзе Дамброўка можна ўзяць напракат веласіпед, байдарку, лодку, катамаран. Колькасць плавальных сродкаў з кожным годам павялічваецца. Па беразе пракладзены новы веламаршрут «Шляхам ятвягаў» працягласцю 24 кіламетры, які ўваходзіць у маршрут «Аўгуст Вела» і буйны міжнародны маршрут «Грын Вела». Дарэчы, такія водныя святы здаўна праводзяцца на польскай частцы канала ў горадзе Аўгустове.

Гульцы бруду не баяцца

Свята мора не абыходзіцца без балотнага футбола. А сама ідэя гэтай гульні некалі была ініцыявана фінкамі. Звычайнага футбола не атрымалася, затое матч спадабаўся гледачам, якім было весела назіраць за тым, што адбывалася на гразевым полі. З той пары балотны футбол перанялі многія краіны.

З незабыўнымі эмоцыямі прайшоў балотны футбол на Аўгустоўскім канале. Для гульні тут існуе спецыяльная пляцоўка, супрацоўнікі МНС пастаянна падліваюць ваду на пясок. У некаторых месцах гразь даходзіць футбалістам да калена. У неардынарным спаборніцтве прынялі ўдзел 25 камандаў Гродзенскай вобласці, з якіх 17 мужчынскіх і 8 жаночых.

Як расказалі ўдзельнікі спартыўнага турніру, балотны футбол адрозніваецца ад традыцыйнага памерамі — і поле значна меншае, і працягласць гульні, у камандзе ўсяго пяць гульцоў і варатар. Ну і, вядома, умовамі гульні, якая вядзецца «на балоце».

Многія каманды ўдзельнічаюць не першы год. Яны складаюцца з прадстаўнікоў самых розных прафесій. Напрыклад, Кацярына Глуская з Ашмян працуе фельдчарам на хуткай дапамозе. Яе каманда паказала выдатную гульню і стала найлепшай сярод жаночых каманд.

А найлепшымі сярод мужчын сталі футбалісты Іўеўскага раёна. Дарэчы, свае каманды прадставілі ўсё раёны вобласці. Многія прыехалі са сваімі заўзятарамі. Напрыклад, мужчынскую каманду са Скідзеля падтрымлівалі амаль усе іх родныя. І гульцы не падвялі. Занялі адно з прызавых месцаў у вясёлым спаборніцтве. Некаторыя прызналіся, што гуляюць у балотны футбол з задавальненнем, бо гэта адрэналін, а гразевыя ванны нават карысныя для здароўя.

Праўда, летась было заяўлена, што ў гэтым годзе каманды згуляюць у футбол у фірменным працоўным адзенні: чыноўнікі — у гальштуках, повары — у калпаках, будаўнікі — у касках... Але, як аказалася, каманды зборныя, таму вылучыць для кожнай нейкую адну прафесію не атрымалася. Нягледзячы на гэта, усе каманды паказалі відовішчную гульню і сабралі вакол стадыёна сотні гледачоў. Таксама выклікаў цікавасць і пляжны валейбол, у якім прынялі ўдзел 22 каманды. Найлепшай стала каманда сельскагаспадарчага прадпрыемства «Ніва-2003» Гродзенскага раёна. У ліку прызёраў валейбалісты Мастоўскага і Лідскага раёнаў.

Плыў карабель «з чаго папала»...

І гэта сапраўды так. Вось ужо некалькі гадоў гэтае воднае шоу стала самым папулярным на канале. І кожны год на ваду спускаюць новыя і новыя плавальныя сродкі. Ніводзін «карабель» за гэты час не паўтарыўся. Праўда, ёсць варыяцыі. Напрыклад, летась быў беласнежны торт, а сёлета — яркі, каляровы, вышынёй тры метры пад назвай «Мучныя разваліны». Летась плыў бульдозер, а цяпер — танк Т-34... Яго прадставіла каманда Дзятлаўскага раёна. Удзельнікі абгрунтавалі свой выбар важнымі падзеямі — 75-годдзем вызвалення Беларусі і такім жа юбілеем Гродзенскай вобласці. У гонар гэтых дат і быў спушчаны на ваду легендарны танк, паведаміў камандзір Дзяніс Трафімчык. Танк рухаўся на вадзе пад залпы феерверка, і прыплыў да... перамогі. Ён атрымаў Гран-пры ў водным конкурсе.

Дарэчы, намінацый было нямала. І самая непатапляльная канструкцыя, і арыгінальная назва, і драйвавы заплыў, і найлепшае тэхнічнае рашэнне.

Здзівіла гледачоў ветэрынар з Воранава Тамара Казлоўская. Яна не першы год прымае ўдзел у заплыве. Напрыклад, летась з'явілася ў вобразе Бабы-ягі з катом Эрасам. А сёлета праплыла вярхом на яркім трохгаловым Змеі Гарынычы.

А вось прадстаўнікі паляўнічай гаспадаркі «Каменскае» Шчучынскага раёна ўдзельнічалі ўпершыню. Яны зрабілі сапраўдны паляўнічы прывал сярод дзікай прыроды. Плыт замацавалі на шасці металічных бочках, у выніку чаго на ім размясцілася пяць чалавек — паляўнічых і рыбаловаў.

Медыцынская тэма — адна з папулярных на заплывах. Вось і цяпер сваю інтэрпрэтацыю здаровага ладу жыцця прадэманстравалі супрацоўнікі Мастоўскай райбальніцы. Яны спусцілі на ваду судна пад назвай «Адрэналін». На думку ўдзельніка заплыву, менавіта адрэналін спрыяе настрою і пазітыву.

Перад тым як трапіць у фінал, усе ўдзельнікі сталі пераможцамі сваіх раённых спаборніцтваў. Сёлета іх набралася 11 — гэта крыху менш за 15 леташніх, але ўсе сродкі былі сапраўды цікавыя. Адчувалася, што ўсе ўдзельнікі грунтоўна падрыхтаваліся. Як зазначыла намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Таццяна ЛІДЗЯЕВА, выступілі найлепшыя з найлепшых. А такія святы даюць магчымасць прыцягнуць у гэты дзень большую колькасць турыстаў. Дарэчы, былі тут і госці з суседніх краін, і беларусы з іншых рэгіёнаў краіны. Многія спецыяльна прыехалі на канал, каб убачыць феерычнае свята.

Заплыў і балотны футбол — далёка не ўсё, чым бавіліся прысутныя. Працавалі шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі, многія засталіся ў захапленні ад пеннай вечарыны на паляне, дзе кожны мог акунуцца ў пенны басейн. Атракцыёнаў і конкурсаў хапала на розны густ. Працавалі «марскія» фотазоны. Налета брэндавы фестываль зноў вернецца, запэўнілі арганізатары свята. Без яго ўжо складана ўявіць Аўгустоўскі канал.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Балотны футбол і заплыў на танку

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.