Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» выйшлі ў рэйд па прытонах


У пачатку жніўня па ўсёй краіне праводзілася акцыя «Побыт». Яна ставіла сваёй мэтай прафілактыку злачынстваў у сем'ях. Сярод іншага, міліцыянеры адпрацоўвалі і прытоны. Карэспандэнты «Звязды» таксама выйшлі ў рэйд.


Крывавая драма ў мінскай «хрушчоўцы»

Наш рэйд пачынаецца з пяціпавярховак у раёне вуліцы Альшэўскага.

— Раён тут даволі спецыфічны, — адзначае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Фрунзенскага РАУС Павел ПУНЧЫК. — Мой былы ўчастак. Можа, мяне і згадаюць... Зараз мы кіруемся ў кватэру, дзе літаральна на днях адбылося цяжкае злачынства. Суседзі шмат скардзяцца на гаспадароў гэтага жылля. П'янкі-гулянкі там ледзь не штодня. У тым ліку і на вуліцы.

Алкаголь і рэўнасць — штука, мякка кажучы, тэрмаядзерная. Так адбылося і ў двухпавярховай кватэры на першым паверсе «хрушчоўкі». Да гаспадара кватэры прыйшла жанчына разам са сваім сужыцелем і сяброўкай. У нейкі момант тая падумала, што яе сяброўка хоча звесці ў яе сужыцеля. У руках апынуўся нож... Ахвяру адправілі з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі ў рэанімацыю, ну а сама нападніца паехала пад варту.

У самой кватэры, аднак, нішто не нагадвала пра крывавую драму. Гаспадар кватэры выпіў і мірна спаў. Некалькі гасцей глядзелі тэлевізар. А ў паветры адчуваўся моцны пах спіртнога. Што цікава, на ўвесь велізарны халадзільнік знайшлося толькі некалькі яек і шакаладка.

Жанчына кажа, што пакуль перасялілася да сваіх знаёмых. Калі яна адбывала чарговы адміністрацыйны арышт, нехта разбіў шыбу і ўлез праз акно. Камунальнікі пасля закалацілі раму дошкамі, а ўчастковы міліцыянер апячатаў кватэру. Плюс у яе вялікая запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі.

Але відавочна, што Павел Пунчык ведае яе. Цікавімся: адкуль?

— Яна ж абавязаная асоба. Ужо даўно нідзе стала не працуе. Арышт за арыштам. Дзяржава дзяцей забрала яшчэ гадоў шэсць таму. Наш, так бы мовіць, «сталы» кліент.

Разам з участковым міліцыянерам двое гасцей «вясёлай» кватэры адпраўляюцца ў апорны пункт аховы правапарадку для высвятлення асобы. Таксама трэба даведацца, у якім стане яны прыйшлі ў кватэру. Калі нецвярозымі, то для іх тады надыдзе адказнасць па пункце 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за з'яўленне п'янымі ў грамадскім месцы.

Пытаюся ў суразмоўцы: ці бываюць выпадкі, калі чалавек п'янствуе, а пасля бярэцца за галаву?

— Мне вядомы толькі адзін выпадак. Гады чатыры таму жанчыну пазбавілі мацярынскіх правоў. Да гэтага ў яе стала былі п'янкі, а вось трох дзяцей глядзець лічыла залішнім для сябе. Апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Двойчы ездзіла ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Але нешта ў яе светапоглядзе змянілася. Раптоўна перастала піць. Навяла парадак у кватэры. Уладкавалася на работу, выплаціла ўсю запазычанасць. І цяпер жыве сціпла, але цалкам годна. Вось гэта сіла волі. Як яна тлумачыла, проста стамілася... А пераважная большасць ні пра што наперад не думае. Як гаворыцца, з раніцы выпіў — і вольны.

Эх, Васіль...

А мы кіруемся тым часам у сталічны мікрараён Захад. Трохпакаёвая кватэра на вуліцы Якубоўскага ў Мінску ператворана ў прыстанак для людзей, як іх афіцыйна пазначаюць, з нізкай сацыяльнай адказнасцю. Вада, святло там даўно адключаны. Запазычанасць вялікая і ці пагасіцца — невядома. Гаспадар кватэры, Васіль, працуе грузчыкам на адным са сталічных рынкаў.

Сюрпрызы пачынаюцца з дзвярэй у кватэру. Замест замка гаспадар прыстасаваў... зубіла. Прычым гэта нават прагрэс, раней дзверы былі проста прыстаўлены да праёма. Як спявалася, «прыходзьце ў мой дом, мае дзверы адчынены...»

У самой жа кватэры адчуваецца нейкі непрыемны пах. У пакоях — склад брудных лахманоў. Затое нечакана знайшліся кнігі. Прычым гэта адносна новыя міліцэйскія раманы, выдадзеныя ў Расіі. Шпалеры, калі яны і былі паклеены на сцены, даўно сатлелі ад старасці. На пытанне, дзе гаспадар бярэ ваду, ён адказвае, што ў калонцы. Але дзе знайсці калонку сярод квартала шматпавярховак — пытанне. А ў якасці прыбіральні ён даўно асвоіў санвузел у найбліжэйшым траўмапункце. Знаходлівасць, аднак!

Васіль у кватэры быў не адзін.

— Ды я сюды ў госці зайшоў, — кажа госць.

— Ой, глядзіце. Тут жа антысанітарыя жудасная. Ды і месяц таму вы мне тое ж самае казалі.

Госць сарамліва апускае вочы...

— Васіль, вось скажыце адну простую рэч, — звяртаецца ўчастковы інспектар гарадскога аддзела міліцыі № 2 Фрунзенскага раёна Яўген МІХАЛОЎСКІ. — Як доўга яшчэ думаеце так жыць? У вас жа добрая кватэра. Кіньце вы алкаголь, выплаціце запазычанасць і жывіце, як звычайныя людзі.

Але Васіль не знаходзіць, што адказаць...

Тут жывуць тры чалавекі — сам Васіль, яго сужыцелька і яе сястра. Апошняя цяпер знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Кватэра Васілю дасталася ад бацькоў, якія памерлі.

«Спарта» на Каменнай Горцы

А вось трэцяя кватэра, якую мы наведалі, шчыра кажучы, непрыемна ўразіла. Знаходзіцца яна ў мікрараёне Каменная Горка. У адным з дамоў непадалёк ад МКАД кватэру атрымала шматдзетная сям'я. Ды яшчэ якую кватэру — адмыслова для яе былі аб'яднаны адна- і трохпакаёўка. Здавалася б, жыві і радуйся. Але...

У дзень нашага візіту, толькі з раніцы, органы апекі забралі з гэтай сям'і двух дзяцей у прытулак. Старэйшая дачка з бацькамі не жыве — ёй ужо споўнілася дваццаць гадоў. Ды яно і не дзіўна. Калі ў аднапакаёўцы аздабленне яшчэ прымальнае, то ў трохпакаёўцы, здаецца, разарвалася атамная бомба. Усе сцены падраныя. Колер лінолеуму вызначыць вельмі складана. Мэбля ёсць толькі на кухні, ды і тое гэта невялікая раздзяўбаная і заляпаная белай фарбай шафка, якая, пэўна, яшчэ бачыла часы Брэжнева. А тое, на чым спаў адзінаццацігадовы малы... Уявіце сабе два пастаўленыя сядушкамі адно да аднаго невялікія крэсельцы. Паміж імі — нейкі цюк. Наверсе — матрац даўно не першай свежасці. Коўдру адшукаць не атрымалася. Дзе праводзіла ноч другое дзіця, мы так і не зразумелі. У халадзільніку ж — пустэча... Святло ў трохпакаёўцы таксама адключана. Сапраўдныя спартанскія ўмовы. І, як сімвал крайнасці, адзінокі плюшавы мішка, якога нехта прытуліў за гэтым «ложкам»...

Кемлівы гаспадар прыкрыў гару смецця знятымі дзвярыма. Але яны таксама ў жахлівым стане, калі ўлічыць, што ім сама больш дзесяць гадоў. Праўда, ён сцвярджае, што цяпер у кватэры ідзе рамонт. Але ў гэта верыцца з вялікай складанасцю...

Зрэшты, наша наведванне пачалося не з гэтага. Мы трапілі ў кватэру акурат падчас застолля, якое ледзь не скончылася пажарам. Хтосьці з пасядзельцаў паставіў на газавую пліту электрычны чайнік. І калі пасля троххвіліннага грукату дзверы ў тамбур усё ж адчыніліся, адтуль патыхнула моцным непрыемным пахам падгарэлай пластмасы.

— А тэлевізар можна паглядзець? — пытаецца падчас абыходу кватэры Павел Пунчык. — Ён паварочвае корпус ад яшчэ кінескопнага апарата, які стаіць на халадзільніку, і... аказваецца, што ніякай начынкі пад ім няма.

— Ну, не паспелі выкінуць, — тлумачыць гаспадар.

Аднак навошта яму склад нейкіх лахманоў і пакетаў у туалеце, патлумачыць так і не змог.

— Да мы тут жылі, усё было добра. Пасля сваяк наш вызваліўся са спецшколы. Ісці яму не было куды. Пасялілі сюды. А ён гэта ўсё і нарабіў.

— Ужываеце?

— Не п'янствую! — з гонарам адказвае гаспадар. — Культурна, як і ўсе нармальныя людзі. Я не алкаш, не выпівоха.

— Калі будзе рамонт?

— Праз дзень.

— А грошы ёсць?

— У маці вазьму ў доўг...

Праўда, праз секунду прызнаецца, што адзіная крыніца даходаў у маці — сціплая пенсія ў 450 рублёў.

— Ды я і сам зарабляю. Магу атрымаць за дзень і да ста долараў.

— Індывідуальны прадпрымальнік? — здзіўляецца Павел Пунчык.

— Не. Я ў фірме працую, якая дэмантажнымі працамі займаецца. Тут у нас можа быць за дзень як тры рублі, так і дзвесце.

Як высветлілася, шматдзетныя бацькі разам не жывуць. Жонка сышла да іншага мужчыны амаль паўгода таму. Але ў гэты дзень мы яе заспелі якраз па ранейшым адрасе.

— Пазнаёміліся мы вельмі даўно, у 1996-м, — з рамантычнай настальгіяй падлічвае гады мужчына. — Нас звёў агульны знаёмы. Мы сышліся. У 1998-м ажаніліся, у нас дачка нарадзілася. Цяпер яна знайшла сабе іншага. Ну, пэўна, ёй будзе лепш...

— А ў халадзільніку пуста. Чым дзеці харчаваліся?

— Ды чым... Пельменямі з каўбасой. Ну і хлеб быў, — адказвае маці.

Як кажа гаспадар кватэры, яму паабяцалі, што калі ён зробіць рамонт у кватэры, то дзяцей вернуць назад. Ці здарыцца гэта — пытанне адкрытае.

— Мы вельмі ўдзячны людзям, якія паведамляюць пра дзяцей, якія знаходзяцца ў такіх умовах, — кажа Павел Пунчык. — Дзесьці вось і не паспяваем дайсці своечасова з-за абыякавасці тых, хто побач. Часам проста дастаткова зняць тэлефонную трубку, набраць нумар 102. І гэтым званком можна часам прадухіліць больш цяжкае злачынства.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Каму мігцяць агні прытонаў?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.