Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» раскажам пра фінальнае паражэнне беларускіх дзяўчат на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы і іншыя актуальныя навіны выхадных.


1. Беларускія баскетбалісткі занялі 15-е месца на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы (U-20), які завяршыўся ў Чэхіі. У сваім заключным паядынку яны разграмілі аднагодак з Германіі, якія таксама пакідаюць элітны дывізіён, з лікам 65:45. Трэцім няўдачнікам стала каманда Партугаліі, якая саступіла баскетбалісткам Нідэрландаў у гульні за 13-е выніковае месца.

Пераможцам жаночага маладзёжнага Еўрабаскета стала зборная Італіі, якая абыграла ў паядынку за «золата» саперніц з Расіі.

2. Беларускія лёгкаатлеты занялі другое месца на камандным чэмпіянаце Еўропы ў першай лізе, які завяршыўся ў нарвежскім Санесе. Падчас турніру на першую прыступку п'едэстала падымаліся Віталь Парахонька (бег з бар'ерамі), Дар'я Барысевіч (бег на 1500 метраў), Алёна Дубіцкая (штурханне ядра), Таццяна Халадовіч (кіданне кап'я), Анастасія Мірончык-Іванова (скачок у даўжыню), Карына Таранда (скачок у вышыню) і Ірына Жук (скачок з шастом). Другое месца занялі Эльвіра Герман (бег з бар'ерамі) і Крысціна Ціманоўская (бег на 200 метраў). У агульным заліку беларуская каманда набрала 281 бал і заняла другое месца. Пераможцам каманднага чэмпіянату Еўропы ў першай лізе стала зборная Партугаліі — 302 ачкі, якая і атрымала пуцёўку ў элітны дывізіён.

3. Вера Лапко прыпыніла выступленні з-за хранічнай траўмы калена. Тэнісістка ўжо не будзе гуляць у гэтым сезоне. Два тыдні таму беларуска замарозіла свой рэйтынг, цяпер па версіі Жаночай тэніснай асацыяцыі яна знаходзіцца на 135-м месцы.

Тым часам Вікторыя Азаранка і аўстралійка Эшлі Барці не здолелі прабіцца ў фінал парнага разраду тэніснага турніру катэгорыі «Прэм'ер» у канадскім Таронта. У паўфінальным матчы з чэшскім тандэмам Барбора Крэйчыкава/Кацярына Сінякова беларуска-аўстралійскі дуэт саступіў з лікам 6:3, 3:6, 4:10.

4. Завяршыліся матчы 17-га тура чэмпіянату краіны па футболе. БАТЭ разграміў мінскі «Энергетык-БДУ» — 4:1. У сталічным дэрбі футбалісты «Дынама» па ходзе сустрэчы на сваёй арэне двойчы саступалі «Мінску» — 0:1 і 1:2, але ў выніку атрымалі перамогу — 3:2. «Віцебск» у сябе дома прайграў «Гарадзеі» з лікам 0:2. Вынікі іншых сустрэч: «Дняпро» (Магілёў) — «Дынама» (Брэст) — 0:1, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — «Славія» (Мазыр) — 1:1, «Гомель» — «Слуцк» — 3:4.

Становішча ў лідзіруючай групе: «Дынама» (Брэст) — 42 ачкі (17 матчаў), БАТЭ — 40 (16), «Шахцёр» — 31 (14), «Дынама» (Мінск) — 31 (16).

5. Хакеісты «Дынама-Мінск» прайгралі ташкенцкай камандзе «Хумо» з лікам 1:5 у паядынку за трэцяе месца на Кубку губернатара Ніжагародскай вобласці. Нагадаем, на групавой стадыі турніру «зубры» былі мацнейшыя за сапернікаў са сталіцы Узбекістана — 6:3. Пасля вяртання з Расіі мінскае «Дынама» ў ходзе падрыхтоўкі да сезона 17 і 18 жніўня згуляе ў вырашальнай стадыі Кубка Беларусі ў Оршы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Пакідаючы эліту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?