Вы тут

Як дапамагае ў рабоце правільна арганізаваны кабінет?


Псіхолаг дзеліцца вопытам

Што рабіць, калі маркотныя думкі атакавалі ў сярэдзіне рабочага ці вучэбнага дня? Ці можна з дапамогай лялек зняць хваляванне? Наша чытачка і педагог-псіхолаг Лелюкінскага дзіцячага садка — сярэдняй школы, што ў Іўеўскім раёне, Гражына Лянцэвіч ведае адказы на гэтыя пытанні. Кабінет псіхолага яна арганізавала такім чынам, што яго з задавальненнем наведваюць не толькі вучні школы, але і самі настаўнікі. Малады педагог-псіхолаг (Гражына Станіславаўна працуе ў гэтай якасці чатыры гады) падзялілася сваім вопытам і з нашымі чытачамі — каб школьнікі і іх бацькі ведалі, куды можна звярнуцца ў складанай сітуацыі, а калегі з іншых школ, магчыма, перанялі цікавыя ідэі.


«У кожнай установе адукацыі ёсць кабінет педагога-псіхолага. Мне пашчасціла, што гэта асабісты кабінет (бо ў многіх і гарадскіх, і сельскіх школах педагогі-псіхолагі дзеляць яго з сацыяльным педагогам), і я магу весці індывідуальную работу з дзецьмі і дарослымі.

На мой погляд, кабінет псіхолага — гэта храм для душы. Месца, дзе можна пазбавіцца ад негатыўных думак і перажыванняў. Ён выконвае і асаблівую ролю — з'яўляецца захавальнікам многіх сакрэтаў. Школьнікі і настаўнікі прыходзяць да мяне з рознымі сітуацыямі. Няўпэўненасць пры кантактаванні з аднагодкамі, непаразуменні з бацькамі — у дзяцей, упадак сіл і эмацыянальнае выгаранне — у педагогаў. Я ніколі не адмаўляюся выслухаць, бо для кожнага з нас надзвычай важна быць пачутым.

Мой кабінет функцыянуе ўжо год. Я задумала зрабіць яго непадобным на іншыя, і мне здаецца, што гэта атрымалася. Яго асаблівасць — у двух элементах: матыльках-рэлаксатарах і лялечным тэатры. Раскажу пра іх па парадку. Матылькі і кветкі — як добрае надвор'е, без якіх і дзень не дзень. Таму сцены ўпрыгожаны карцінамі з кветкамі. А вось перад імі размясцілася «алея» рознакаляровых матылькоў: лёгкі подых ветру — і яны кружацца ў танцы. Варта прысесці на канапу і паглядзець на махаонаў, як увесь негатыўны настрой знікае. Асабліва добра гэта працуе з дарослымі і падлеткамі. Матылькі-рэлаксатары — выдатныя памочнікі ў зняцці напружання, адцягненні ад цяжкіх і сумных думак. Наведвальнікі часта просяць пасядзець і паглядзець на матылькоў. А мне прыемна, што атмасфера кабінета дапамагае, а значыць, мая праца недарэмная.

«Увесь свет — тэатр, а людзі ў ім — акцёры» — менавіта гэтыя словы падштурхнулі да стварэння ўласнага лялечнага дома, дзе залацістыя шторы, блакітны дах, утульная сцэна і мэбля для герояў. З дапамогай лялек вучні імітуюць розныя сітуацыі: узаемаадносіны ў класным калектыве, уласнае Я, абстаноўку ў сям'і. Лялечны тэатр найбольш цікавы і карысны ў рабоце з вучнямі 2—5 класаў. Праз гульню дзіця дэманструе моманты, якія яго хвалююць, як у школе, так і ў жыцці, з якімі яно пакуль не можа справіцца. Мая задача — дапамагчы знайсці станоўчы выхад са складанай сітуацыі. Апошніх у маёй практыцы, на шчасце, было няшмат, і ўсе яны скончыліся добра.

Заўважу, што ў кабінет педагога-псіхолага людзі прыходзяць радзей, чым у прадуктовую краму. Аднак эмацыянальна «галодны» чалавек шукае дапамогу не ў акружэнні ежы, а ў кампаніі псіхолага. Таму і кабінет, дзе адбываюцца такія сустрэчы, павінен быць прыстанкам добрага настрою і месцам для душы».

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Месца для душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».