Вы тут

Хто такі генерал-палкоўнік авіяцыі Мікалай Папівін


Гадоў дзесяць таму аўтару гэтых радкоў давялося выступаць перад афіцэрамі ў запасе і адстаўцы ў Мінску ў Доме афіцэраў. Пасля лекцыі, як заўжды, узніклі пытанні. Адно з іх было незвычайнае: «Пра якога авіяцыйнага военачальніка часоў Вялікай Айчыннай вайны напісана менш за ўсё?» Трохі падумаўшы, я адказаў: «Пра генерал-палкоўніка авіяцыі Мікалая Папівіна».


У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў грэх не ўспомніць аднаго з вызваліцеляў Віцебска, Гарадка, Лепеля, Полацка, Ушач і іншых беларускіх гарадоў.

Генерал-маёр у няпоўныя 38

Малая радзіма Папівіна — вёска Голядзі цяперашняга Клінскага раёна Маскоўскай вобласці. Тут 14 снежня 1903 года пачаўся яго жыццёвы шлях.

Мала каму вядома, што Мікалай Папівін быў адным з самых высокаадукаваных военачальнікаў Чырвонай і Савецкай Арміі. Ён скончыў 1-ю аб'яднаную ваенную школу УЦВК у Маскве (1924), ваенна-тэарэтычную школу ВПС у Ленінградзе (1927), 2-ю ваенную школу лётчыкаў у Барысаглебску, КУКС пры Ваенна-паветранай акадэміі імя прафесара М. Я. Жукоўскага (1933), Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Я. Варашылава (1952).

Ужо ў міжваенны перыяд ваенная служба Мікалая Піліпавіча была звязана з Беларускай ваеннай акругай: з чэрвеня 1929 года ён быў малодшым лётчыкам, камандзірам звяна, камандзірам і ваенкамам асобнага авіяцыйнага атрада БВА, з мая 1933 года Папівін служыў камандзірам і ваенкамам асобнага карпуснога авіяцыйнага атрада, камандзірам лёгкабамбардзіровачнай эскадрыллі, памочнікам камандзіра лёгкабамбардзіровачнай брыгады Беларускай ваеннай акругі.

У жніўні 1939 года ён быў прызначаны камандзірам 65-й лёгкабамбардзіровачнай авіяцыйнай брыгады, а ў жніўні 1940-га — камандзірам 1-й рэзервовай авіяцыйнай брыгады Арлоўскай ваеннай акругі. 26 кастрычніка 1941 года Папівіну прысвоілі званне генерал-маёра авіяцыі.

Мікалай Піліпавіч стаў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1942 года ў якасці камандзіра 264-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі. 16 верасня 1942-га яго прызначылі намеснікам камандуючага 3-й паветранай арміі.

Грамілі карныя атрады

З 26 мая 1943 года і да канца Вялікай Айчыннай вайны генерал Папівін становіцца камандуючым 3-й паветранай арміяй Калінінскага (з 26 кастрычніка — 1-га Прыбалтыйскага фронту). 28 верасня 1943 года ён быў удастоены звання генерал-лейтэнанта авіяцыі.

Пад яго камандаваннем часці арміі ўдзельнічалі ў Смаленскай, Невельскай і Гарадоцкай наступальнай аперацыях, у вызваленні тэрыторыі Смаленскай вобласці і паўночна-ўсходніх раёнаў Беларусі.

У лютым-сакавіку 1944 года 3-я паветраная армія прыняла актыўны ўдзел у наступленні пад Віцебскам.

Адначасова з імем камандарма 3-й паветранай Папівіна звязана выкананне спецыяльных заданняў камандуючага войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту Івана Баграмяна і Ваеннага савета гэтага фронту па забеспячэнні баявых дзеянняў беларускіх і смаленскіх партызан. Мала каму вядома, але для таго, каб выканаць гэтыя заданні, лётчыкі 3-й паветранай арміі ажыццявілі 3700 самалёта-вылетаў, перавезлі ў тыл ворага 1500 спецыялістаў партызанскай барацьбы, даставілі
270 тон боепрыпасаў, узбраення і медыкаментаў, эвакуявалі больш за 2000 параненых і хворых.

У красавіку 1944 года Ваенны савет 1-га Прыбалтыйскага фронту паставіў задачу 3-й паветранай арміі аказаць садзейнічанне народным мсціўцам Беларусі.

Паводле звестак беларускіх гісторыкаў, камандаванне гэтай арміі на чале з генерал-лейтэнантам Мікалаем Папівіным і Беларускі штаб партызанскага руху распрацавалі план разгрому карных атрадаў. Было вырашана нанесці шэраг магутных удараў па ворагу. Каб яны былі дзейснымі, з 20 да 27 красавіка 1944 года правялі разведку, а потым экіпажы баявых машын падняліся ў паветра. Яны абрынулі свой смяротны ўдар у раёне Межна, Астраўлян, Бярозава, Гарадка, Чарсцьян, Дубровік, Стоўбцаў. Гэта баявое заданне выканалі падраздзяленні 314-й начной бамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі.

Пасля ўдараў па нямецкіх аэрадромах у Полацку і Уле авіяцыя праціўніка значна знізіла сваю актыўнасць у гэтым раёне.

Дзякуючы падтрымцы авіяцыі вялікая частка партызанскіх брыгад Ушацкага раёна выйшла з акружэння. Па данясенні Героя Савецкага Саюза, палкоўніка Уладзіміра Лабанка, які кіраваў баявымі дзеяннямі партызан у раёне Ушач, удары лётчыкаў 3-й паветранай арміі былі вельмі эфектыўныя і аказалі партызанскім брыгадам значную дапамогу.

Крылатыя памочнікі партызан

3-я паветраная армія ажыццяўляла таксама транспарціроўку боепрыпасаў і спецыяльных грузаў у тыл ворага. Часці і злучэнні гэтай арміі ў красавіку 1944 года выконвалі складаныя задачы, пастаўленыя камандуючым войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту Іванам Баграмянам. Асабліва паспяхова было вырашана пытанне аб садзейнічанні партызанскім брыгадам Ушацкага раёна, якое стала галоўным у другой палове красавіка 1944 года.

Экіпажы 3-й паветранай арміі часта прыходзілі на дапамогу народным мсціўцам іншых партызанскіх зон. 14 сакавіка 1944 года з Сенненскай зоны па радыё паведамілі, што нямецкія войскі распачалі супраць партызанскіх брыгад карную экспедыцыю сіламі пяхоты, падтрыманай танкамі і бронемашынамі. Партызаны прасілі пры любым надвор'і даставіць ім боепрыпасы. На выкананне гэтай задачы са складу 105-га гвардзейскага асобнага авіяцыйнага палка і 389-га авіяцыйнага палка было выдзелена 23 экіпажы. Метэаўмовы былі надзвычай складаныя. Да цэлі прабіліся толькі два экіпажы, у тым ліку малодшага лейтэнанта Шутава з 389-га авіяпалка, які здзейсніў падчас пасадкі подзвіг.

Партызаны, натхнёныя гэтым подзвігам, далі адпор карнікам. Гэта адбылося недалёка ад вёскі Старая Беліца Сенненскага раёна.

Самы аўтарытэтны даследчык тэмы «Дапамога савецкай авіяцыі беларускім партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны» беларускі гісторык Мікалай Якубоўскі, які напісаў разам са сваім сынам Уладзімірам Якубоўскім кнігу «Крылатыя памочнікі партызан», у гутарцы з аўтарам гэтых радкоў зазначыў: «З усіх паветраных армій Чырвонай Арміі, якія ваявалі на беларускай зямлі ў 1944 годзе, самую вялікую дапамогу беларускім партызанам аказала 3-я паветраная армія 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем генерал-лейтэнанта авіяцыі Мікалая Папівіна».

Летам 1944 года 3-я паветраная армія ўдзельнічала ў адной з найбуйнейшых стратэгічных наступальных аперацый Чырвонай Арміі — Беларускай, складнікамі якой былі Віцебска-Аршанская, Полацкая і Шаўляйская наступальныя аперацыі. У іх ходзе былі разгромлены полацкая і панявежска-шаўляйская групоўкі вермахта.

«Дарога смерці» для фашыстаў

У 1974-м у Маскве выйшла ў свет 2-е выпраўленае і дапоўненае выданне кнігі «Вызваленне Беларусі. 1944». У ёй пад назвай «Воіны-прыбалтыйцы ў бітвах за Беларусь» змешчаны артыкул Маршала Савецкага Саюза Івана Баграмяна, які падчас аперацыі «Баграціён» камандаваў войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Там ёсць такія радкі: «Эфектыўную падтрымку пяхоце аказалі лётчыкі генерала Папівіна. Яны ператварылі шашу Віцебск — Лепель з дарогі адступлення ў «дарогу смерці», як назвалі яе палонныя немцы. Сапраўды, уся шаша ад Камня да Лепеля ўяўляла суцэльныя могілкі фашысцкай тэхнікі, трупаў варожых салдат і афіцэраў».

Жыхарам нашай краіны цікава і прынцыпова важна, што менавіта за ўмелае камандзірскае майстэрства і ваенны талент, праяўленыя камандуючым 3-й паветранай арміяй падчас аперацыі «Баграціён», генерал-лейтэнанту авіяцыі Мікалаю Папівіну 19 жніўня 1944 года было прысвоена званне генерал-палкоўніка авіяцыі.

Восенню 1944-га — у студзені 1945 года часці і злучэнні арміі актыўна ўдзельнічалі ў Прыбалтыйскай стратэгічнай наступальнай аперацыі. У лютым 1945-га 3-я паветраная армія перабазіравалася на кёнігсбергскі напрамак і з 24 лютага ўвайшла ў аператыўнае кіраванне камандуючага 1-й паветранай арміяй 3-га Беларускага фронту генерал-палкоўніка авіяцыі Цімафея Хрукіна.

За ўмелае кіраўніцтва авіяцыйнымі злучэннямі, заваяванне панавання ў паветры і бесперапынную падтрымку наземных войскаў Чырвонай Арміі падчас Усходне-Прускай стратэгічнай наступальнай аперацыі 19 красавіка 1945 года Мікалаю Папівіну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З 5 мая 1945 года 3-я паветраная армія была перададзена ў аператыўнае кіраванне камандуючага войскамі Ленінградскага фронту Маршала Савецкага Саюза Леаніда Говарава.

А Віцебшчына памятае?

Пасля вайны Мікалай Папівін камандаваў 3-й паветранай арміяй, 1-й паветранай арміяй далёкай авіяцыі, 10-й паветранай арміяй, служыў намеснікам Галоўнакамандуючага ВПС Узброеных сіл СССР па будаўніцтве і абсталяванні аэрадромаў і паветраных трас, намеснікам камандуючага 30-й паветранай арміяй, камандуючым ВПС Таўрычаскай ваеннай акругі, камандуючым 34-й паветранай арміяй.

З 16 красавіка 1961 года ён знаходзіўся ў адстаўцы.

Сярод яго ўрадавых узнагарод — два палкаводчыя ордэны — Суворава 1-й ступені і Кутузава 1-й ступені, а таксама два ордэны Леніна, чатыры ордэны Чырвонага Сцяга і многія медалі.

Вёска Голядзі Клінскага раёна Маскоўскай вобласці, дзе нарадзіўся Мікалай Папівін, названая яго імем. Імя Мікалая Папівіна таксама прысвоена адной з найстарэйшых вуліц горада Кліна, траўлеру Калінінградскага порта. У Клінскім краязнаўчым музеі захоўваецца парадны мундзір Героя Савецкага Саюза, генерал-палкоўніка авіяцыі Мікалая Папівіна (з корцікам і шашкай).

Адзін з самых таленавітых савецкіх военачальнікаў, Герой Савецкага Саюза, генерал-палкоўнік авіяцыі Мікалай Папівін трагічна загінуў 19 красавіка 1963 года ў аўтамабільнай катастрофе ў горадзе Тбілісі. Яму ішоў 60-ы год. Мікалай Піліпавіч пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.

На жаль, імя аднаго з вызваліцеляў Беларусі ад нямецкіх акупантаў у 1944 годзе Мікалая Папівіна да гэтага часу не ўвекавечана ні ў адным з населеных пунктаў Віцебскай вобласці, вызваленню якой шмат у чым спрыяла авіяцыя 3-й паветранай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту пад яго камандаваннем.

Эмануіл ІОФЕ, ваенны гісторык, прафесар БДПУ імя М. Танка, доктар гістарычных навук

Загаловак у газеце: Ён камандаваў 3-й паветранай арміяй

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.