Вы тут

Агляд чытацкай пошты


На такіх зямля трымаецца

...У шпіталі, па дарозе са свайго траўматалагічнага аддзялення ў тэрапеўтычнае, міжволі звярнуў увагу на пару, што гаманіла ў калідоры.

І гэта — як потым аказалася — было ўзаемна:

— Глядзі, Сяргеевіч, — паказала на мяне жанчына, — вунь яшчэ адзін кавалер ідзе. Дык ты май на ўвазе...


Сцяміўшы, што незнаёмка, мабыць, добрая жартаўніца, я «падсеў» на яе гумарыстычную хвалю: заявіў «канкурэнту», што барацьба за такую вось даму будзе не на жыццё, а на смерць. І мы, усе трое (кожнаму з якіх ужо за восемдзесят), грымнулі рогатам. А далей слова за слова — і пацякла размова.

Усім вядома, што жанчыны больш гаваркія, чым мы, мужчыны, а таму з аповеду Марыі Майсееўны Філатавай я хутка даведаўся, што яна, колькі помніць сябе, увесь час працавала — трэба было выжываць. Бацька загінуў на фронце, і маці — Таццяне Мікалаеўне — адной давялося думаць, як пракарміць двух сынкоў і дачушку, як вывесці іх у людзі. А тым больш — пасля ўсяго перажытага за гады «пад немцамі».

— Адзін пузач, — успамінала Марыя Майсееўна, — прымушаў маму скубці ды смажыць яму налоўленых курэй. А для гэтага ў рот ёй устаўляў дула пісталета, гразіўся націснуць курок, калі не паслухае...

Потым быў яшчэ канцлагер Азарычы, дзе жанчына ўвесь час калацілася ад страху і за сябе, і за сваіх дзяцей...

А таму, неяк выжыўшы, Марыйка стала ў маці першай памочніцай: з маленства наводзіла парадак у хаце (дзякуй Богу, фашысты яе не спалілі), палола грады, шчыравала на калгасных дзялках, хадзіла з маці на ферму, дзе даводзілася і кароў даіць, і гной убіраць, і цялят даглядаць ...

Калі ж Таццяны Мікалаеўны не стала, на змену ёй прыйшла дачка.

— Прыняла я на ручное даенне 18 кароў. Потым, калі ферму перавялі на машыннае — іх пад 30 было... Палягчэла, — прызнавалася Марыя Майсееўна, — але нагрузка ўсё роўна вялікая, адказнасць таксама.

Аднак жанчына нічога не баялася, яна працавала, за што атрымлівала і падзячныя граматы, і прэміі, і каштоўныя падарункі (аднойчы — дык нават дыван, што тады было дэфіцытам)...

А дома яе чакалі новыя клопаты: з мужам Віктарам Іванавічам Філатавым яны заўсёды трымалі гаспадарку, выхоўвалі шасцярых (!) дзяцей.

Іх сын Віктар жыве цяпер у Рэчыцы, Генадзь, Вячаслаў і Сяргей — у Мінску. У іх рабочыя спецыяльнасці і таксама падзякі за сумленную работу. Дачка Ала працуе медсястрой ажно ў Амерыцы, а Танечка, інвалід з дзяцінства, жыве пры бацьках у вёсцы Віша, што на Светлагоршчыне.

...Амаль паўгода прайшлі з той памятнай размовы ў шпіталі. Неяк вырашыў патэлефанаваць Марыі Майсееўне, распытаць, як жыццё?

Голас жанчыны гучаў бадзёра:

— Дзякуй Богу, усё добра! На гародзе ў сорак сотак — поўны парадак. Агуркоў з памідорамі шмат нарасло, бульба з буракамі радуюць. Кветкі цвітуць прыгажэнныя, курачкі нясуцца. Дзве свінкі вагу набіраюць, козачкі малачком адорваюць, конік з усіх сіл стараецца... Што яшчэ? Сын Сяргей у водпуск прыехаў і столькі работ перарабіў, — нам з гаспадаром за паўгода б не справіцца... Іншыя сыны таксама тут як тут. І Танечка без справы не сядзіць. Адным словам, жывём і за жыццё змагаемся — ведама ж, ёсць хваробы...

— Тады пытанне на засыпку: а ці прызналіся ж вы мужу, што ў шпіталі ў вас два кавалеры былі?

— А як жа! Прызналася.

— І што?

— Насварыўся мой Іванавіч, што не знайшла трэцяга ды не прывезла дамоў. Ён бы ўсім работу знайшоў і працаваць прымусіў — да сёмага поту, каб ведалі, як да жонак чужых заляцацца!

Гаворачы аб гэтым, Марыя Майсееўна зайшлася такім залівістым смехам, што я таксама не ўтрымаўся.

...Прыгожая жанчына, прыгожая сям'я. На такіх, як той казаў, зямля трымаецца. А таму доўга веку ім, моцнага здароўя і шчасця!

Уладзімір Пернікаў, г. Гомель


Ёсць такая вёсачка

Узгоркі паміж вёскамі Малінава і Байлюкі прыцягвалі ўвагу здаўна. Яшчэ да вайны людзі капалі там гліну і гравій, жоўты пясок. Пазней гэтыя матэрыялы там здабывалі для будаўніцтва дарогі Глуск — Акцябрскі і Глуск — Любань. Такім чынам з цягам часу кар'ер паглыбляўся і пашыраўся, з дна яго пачала выступаць вада, месцамі яна біла крыніцамі...

Цяпер кажуць, што гэтае месца для адпачынку — возера плошчай каля двух гектараў сярод хвойнага лесу — стварыла нібыта сама прырода! Там свежае паветра, цішыня, рыбалка. Хіба знойдзеш лепшы адпачынак? І для яго там многае зроблена: пабудаваны альтанкі, падрыхтаваны месцы для вогнішчаў, шашлыкоў...

Не дзіва, што гэты вадаём стаў вабіць не толькі вяскоўцаў, але і жыхароў Глуска, многія з якіх, калі б не кар'ер, не возера, відаць, і не ведалі б, што на карце раёна ёсць невялікая лясная вёсачка з загадкавай назвай Байлюкі...

Валерый Васілеўскі, малюнак аўтара

г/п Глуск


Успомнім мы, успомняць нас...

Чалавечае сумленне — з чаго і калі яно зараджаецца? Перадаецца з генамі? Але ж як тады растлумачыць, што ў адных і тых жа бацькоў, пры адных і тых жа метадах выхавання дзеці вырастаюць такія розныя?..

І вось што цікава — сёння, з дапамогай высокіх тэхналогій чаго толькі не зробіш: пры жаданні разгледзіш на зямлі кожную дробную мясцінку; навігатары пракладуць да яе дакладны маршрут... А вось для таго, каб «прасвятліць» душу чалавека, «рэнтгена» няма... Ёсць толькі ўчынкі. А ўжо добрыя — дык яны і праўда нібы тое сонца з-за хмар.

Паказальным прыкладам — наш Бярэзінскі лясгас, дзе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Віталь Тадэвушавіч Умінскі, прафаргам Святлана Васілеўна Ацанян, старшынёй ветэранскай арганізацыі Таццяна Леанідаўна Поварава. Мяне, чалавека, можна сказаць, старонняга, вельмі крануў яе расказ пра візіт у дом Несцяровічаў. Гаспадар — Сцяпан Уладзіміравіч — ветэран прадпрыемства і цяпер, на жаль, інвалід (а ў мінулым заточнік піл) нават заплакаў, калі ўбачыў на сваім падворку такую дэлегацыю ды яшчэ і з віншаваннямі ў гонар яго 80-годдзя, з кветкамі, з грашовым падарункам... Падумала тады, як няшмат чалавеку трэба: кропля ўвагі — і столькі радасці, такі душэўны пад'ём!

З болем у душы слухала і расказ пра наведванне яшчэ адной ветэранкі Ядвігі Сцяпанаўны Цюхай. Яе, цяпер прыкаваную да ложка (а ў мінулым такую рухавую жыццялюбку!), самаахвярна даглядае дачка, якая таксама і дзівілася, і шчыра дзякавала за ўвагу прадстаўнікам адміністрацыі лясгаса...

Хоць, вядома ж, тыя цёплыя словы і ў першую чаргу варта было адрасаваць самому дырэктару Сяргею Уладзіміравічу Чамко. Гэта яго клопатам пенсіянеры-ветэраны прадпрыемства карыстаюцца істотнымі зніжкамі пры пакупцы дроў і лесаматэрыялаў, да юбілеяў у 70 і больш гадоў (пры наяўнасці не менш чым дзесяцігадовага працоўнага стажу ў лясгасе) атрымліваюць грашовыя дапамогі, могуць разлічваць на пуцёўкі для адпачынку... Калі ж нехта з працаўнікоў (жыццё ёсць жыццё) сыходзіць у лепшы свет, лясгас (як зноў жа запісана ў калектыўным дагаворы) бярэ на сябе рытуальныя паслугі...

А свайго роду «генератарам» ды і выканаўцай добрых спраў у гэтым калектыве з'яўляецца старшыня ветэранскай арганізацыі Таццяна Леанідаўна Поварава. Раней яна працавала бухгалтарам у Кукараўскім лясніцтве, ніколі не мела ніякіх спагнанняў. І з людзьмі заўсёды была адкрытая ды шчырая, старалася рабіць дабро. А зрэшты, як кажа сама...

— Мне вельмі пашчасціла працаваць у такім калектыве. Паасобку, як бы ні стараўся, мала што зробіш.

Вельмі хацелася б, каб і ў іншых калектывах адміністрацыя як мага больш рабіла для сваіх ветэранаў, асабліва — для адзінокіх, састарэлых, тых, хто чакае ўвагі і клопату, памятала прынцып «успомнім мы, успомняць, магчыма, і нас».

Ніна Бурко, Бярэзінскі раён

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.