Вы тут

У набытай за капейкі старызне часам можна знайсці сапраўдны скарб


У чэрвені 2017 года на аўкцыён Sotheby's выставілі пярсцёнак з буйным дыяментам, якое ацанілі ў сотні тысяч фунтаў стэрлінгаў. Жанчына, якой належаў камень, купіла яго на блышыным рынку ў Лондане ўсяго за 10 фунтаў. Гэта не ўнікальны выпадак: на барахолках у розных краінах час ад часу ўсплываюць работы знакамітых мастакоў, каштоўнасці і гістарычныя рэліквіі, якія каштуюць мільёны долараў, піша lenta.ru.


Навічкам шанцуе

Галандскі калекцыянер Леа Везел, які жыве на поўдні Францыі, кожны панядзелак устае а пятай раніцы і адпраўляецца на блышыны рынак. Ён збірае старыя карціны і заўважыў, што ў старызне часам сустракаюцца забытыя і страчаныя работы знакамітых майстроў. «Некалькі тыдняў таму ўбачыў тут маленечкі эстамп Шагала з подпісам мастака, — падзяліўся ён з Бі-бі-сі. — Я імгненна пазнаў яго стыль і купіў усяго за 10 еўра. Калі такія прадаюць у інтэрнэце, яны каштуюць 330 еўра».

Калі ведаць, што шукаць, і прыходзіць крыху раней, у такіх месцах заўсёды можна знайсці нешта цікавае, лічыць калекцыянер. Зрэшты, патрэбна і сапраўдная ўдача. Пошук схаваных скарбаў — гэта латарэя, у якой нельга перамагчы толькі за кошт настойлівасці ці ўмення. Сапраўды буйныя знаходкі, як правіла, здзяйсняюць удачлівыя дылетанты, якія нават не разумеюць, з чым менавіта яны сутыкнуліся. Гісторыя пра брыльянты, набытыя ў Лондане за 10 фунтаў стэрлінгаў, — добрая ілюстрацыя гэтага факта. Ні прадавец, ні пакупнік не ўсведамлялі, што перад імі каштоўны камень у 24 караты. У адваротным выпадку здзелка не адбылася б. Калі аўкцыённы дом Sotheby's звярнуўся ў Гемалагічны інстытут Амерыкі, камень ацанілі ў 350 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Антыквары і аўкцыяністы ведаюць, што падобныя гісторыі зусім не рэдкасць. У звычайным жыцці ніхто не чакае знайсці скарб у сябе пад носам. Некалькі гадоў таму жыхар амерыканскага штата Нью-Ёрк прынёс ацэншчыку непрыкметную парцалянавую чашу. Ён купіў яе за тры долары на гаражным распродажы непатрэбнага барахла па суседстве і паставіў у сябе ў гасцінай. Праз некалькі гадоў яго зацікавіла паходжанне пакупкі — і не дарма. Высветлілася, што рэч вырабілі ў Кітаі амаль тысячу гадоў таму, і гэта вельмі рэдкі ўзор керамікі часоў кіравання дынастыі Сун. Вядомая толькі адна падобная чаша, і яна захоўваецца ў Брытанскім музеі ў Лондане. Эксперты ацанілі яе ў 200—300 тысяч долараў, але ў выніку яна пайшла з малатка аж за 2,225 мільёна долараў.

Скарб нацыі

Шэдэўры знакамітых мастакоў, гістарычныя рэліквіі і каштоўнасці могуць хавацца ў самых нечаканых месцах. У 2007 годзе студэнтка з Берліна са здзіўленнем высветліла, што цэлы год спала на карціне венецыянскага жывапісца Карла Сарачэні, напісанай 400 гадоў таму. Палатно ляжала ў старой раскладной канапе, якую дзяўчына купіла за 150 еўра і ні разу не адчыняла. Гамбургскі аўкцыённы дом Ketterer Kunst прадаў карціну за 19,2 тысячы еўра.

Самая вядомая знаходка падобнага роду была зроблена ў Злучаных Штатах без малога трыццаць гадоў таму. У 1989 годзе жыхар Філадэльфіі прывёз з блышынага рынку старую патрапаную карціну. Змрочны сельскі пейзаж, напісаны невядомым мастаком, яму зусім не спадабаўся, затое рама была нічога. Ён адлічыў чатыры долары і прынёс пакупку дадому. Палатно аказалася парваным, а рама, пакуль ён з ёй важдаўся, развалілася. З-пад яе выпаў складзены ў некалькі разоў ліст паперы, які быў схаваны паміж карцінай і драўляным заднікам. Дакумент здаваўся даволі старым. Мужчына выказаў здагадку, што яму, магчыма, гадоў сто ці больш, і вырашыў захаваць. Праз пару гадоў знаёмы, які даведаўся аб знаходцы, параіў паказаць яе спецыялісту. Няцяжка здагадацца, што было далей. У карціне з барахолкі хавалася адна з нешматлікіх ацалелых копій першага выдання Дэкларацыі незалежнасці ЗША. З 500 асобнікаў, надрукаваных 4 ліпеня 1776 года, захаваліся толькі 24.

«Нават фрагмент або пашкоджаная копія першага выдання Дэкларацыі былі б надзвычайным адкрыццём, — сцвярджаў эксперт Sotheby's Селбі Кіфер. — Але ў гэтым выпадку стан дакумента вельмі добры». Знаходку выставілі на аўкцыён. Паколькі амаль усе астатнія асобнікі належаць дзяржаве, таргі былі бурныя. Дакумент сышоў з малатка за 2,42 мільёна долараў.

Усё ці нічога

У пачатку 1990-х амерыканка Тэры Хортан купіла для сваёй сяброўкі ў краме патрыманых рэчаў выродлівую абстрактную карціну. Такі недарэчны падарунак яе развесяліць, а потым палатно можна прыстасаваць у якасці мішэні для дартса, вырашыла яна. Прадаўшчыца прасіла восем долараў, але Тэры скінула яшчэ тры. Палатно аказалася такім вялікім, што не пралезла ў дзверы вагончыка, дзе жыла знаёмая Тэры. З дартсам таксама нічога не выйшла: сяброўкі занадта шмат выпілі і так і не сабраліся схадзіць па дроцікі. Карціна доўга валялася ў двары, а потым Тэры аднесла яе на блышыны рынак.

Там палатно ўбачыў выкладчык з найбліжэйшага каледжа, які сказаў, што карціну цалкам мог напісаць Джэксан Полак. Тэры скончыла восем класаў сярэдняй школы, дваццаць гадоў працавала дальнабойшчыкам і ніколі не чула такога імя. «Гэта хто?» — спытала яна. Мужчына доўга смяяўся, але потым усё ж растлумачыў. Джэксан Полак — знакаміты абстракцыяніст, найвядомейшы амерыканскі мастак XX стагоддзя. У Музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку для яго твораў адведзеная цэлая зала, калекцыянеры гатовыя плаціць за іх велізарныя грошы. У 2006 годзе невядомы знаток купіў адно з палотнаў Полака за 140 мільёнаў долараў.

Тэры ахвотна паверыла, што ёй дастаўся Полак. Пераканаць у гэтым мастацтвазнаўцаў аказалася цяжэй. Былы дырэктар нью-ёркскага Метраполітэн-музея Томас Ховінг падазраваў, што жанчыне трапілася танная копія. Тэры не паверыла меркаванню знаўцы і звярнулася да спецыяліста па судовай экспертызе твораў мастацтва Пола Байра. Той вывучыў палатно і знайшоў на адваротным баку адбітак пальца, які супаў з адбіткамі пальцаў Полака, што захаваліся на слоіку з фарбай у майстэрні мастака і на карціне ў Сучаснай галерэі Тэйт у Лондане.

Пасля гэтага да Тэры пацягнуліся калекцыянеры. Ёй прапаноўвалі два мільёны долараў — яна адмовілася. Пакупнік з Саудаўскай Аравіі абяцаў дзевяць мільёнаў, але і гэтая сума яе не задаволіла. Жанчына вырашыла, што не аддасць карціну менш чым за 50 мільёнаў долараў, і ў выніку не атрымала нічога.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».