Вы тут

Аграрыям прыходзіцца здабываць хлеб у няпростых пагодных умовах


У нядзелю на Магілёўшчыну абрынуўся праліўны дождж, а раніцай у панядзелак выпаў густы туман. І хоць сонейка ўжо прыпякала на ўсю моц, тэхніка стаяла ў полі, а механізатары невядома каторы раз нервова яе аглядалі. Пакуль каласы не прасохнуць, рабіць у полі няма чаго. «Калі б не гэтыя дажджы, я яшчэ б у пятніцу ўзяў 2000-ы рубеж», — са скрухай кінуў лідар жніва СВК «Калгас «Радзіма» механізатар Мікалай Дарэчкін. Гэтае сельгаспрадпрыемства — адна з найлепшых гаспадарак вобласці і першая ў Бялыніцкім раёне. Карэспандэнт «Звязды» паназірала тут за ходам уборачнай кампаніі.


Ячмень — культура далікатная

Маладзёжны экіпаж у складзе Артура Лянеўскага і Кірыла Елісеева не адстае.

Па дарозе на поле заехала да галоўнага эканаміста СВК, каб удакладніць аператыўныя лічбы.

— На раніцу панядзелка было ўбрана 56,5 % плошчы збожжавых (усяго 3450 гектараў), ураджайнасць склала 57,1 ц/га, валавы збор дасягнуў 11 128 тон, — паведаміла Алена Аўрамёнак. — Убралі таксама 800 гектараў азімага рапсу, намалот склаў 2658 тон пры ўраджайнасці 33,2 цэнтнера з гектара.

На жніве працуе 12 збожжаўборачных экіпажаў, два з якіх маладзёжныя і адзін сямейны. Лідзіруе экіпаж Мікалая Дарэчкіна і Валянціна Якушава. Іх намалот складае 1878 тон. Мехдвор гаспадаркі ажывае а сёмай гадзіне раніцы. Ідзе прачыстка камбайнаў, іх прадзіманне, без гэтых маніпуляцый немагчымы выезд у поле. Самае ранняе, калі камбайны там з'яўляюцца, гэта 9 гадзін, але дажджы затрымліваюць працэс на неакрэслены перыяд. Тут усё залежыць ад наяўнасці расы. Той жа ячмень — культура далікатная, адчувае вільгаць і, пакуль не прасохне, не вымалочваецца.

Зорачкі на камбайне

У Мікалая Дарэчкіна іх некалькі — за мінулыя гады і ўжо за гэты. У лідарах ён не першы год і адчувае вялікую адказнасць перад гаспадаркай. Таму заўсёды ў прызёрах. На рэспубліканскіх «Дажынках» быў чатыры разы. Прывёз адтуль два халадзільнікі, маразільнік і мотаблок. У абласных «Дажынках» удзельнічае штогод, таксама атрымлівае каштоўныя падарункі. «Дом ёсць, машына, мэбля — што яшчэ трэба», — усміхаецца камбайнер. І не хавае, што гэта дзякуючы рабоце ў калгасе і што за ягонымі перамогамі стаіць клопат кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Лапацентава.

— Як у вас атрымліваецца заўжды быць у лідарах? — спрабую выведаць сакрэт паспяховасці.

— У нас з напарнікам свая адвозка, ён дапамагае, — прызнаецца Мікалай. — Таму ў нас атрымліваецца хутчэй. Памочнік — вопытны, сёмы або восьмы сезон разам. Сам ён, дарэчы, мясцовы, з Ермалавіч. Апошні час працуе ў Магілёве, але на ўборку заўсёды прыязджае. Да нас у калгас наогул шмат людзей просіцца. Наша гаспадарка ў раёне наймацнейшая. Чалавеку галоўнае, каб плацілі, а тут плацяць. Але нічога проста так не даецца. Працуем з аддачай не толькі падчас уборкі, а цэлы год. І на запчастках да тэхнікі гаспадарка не эканоміць. У выніку на полі яна амаль не псуецца. Майму «Ньюхоланду» ўжо 13 гадоў, а працуе як гадзіннік.

Дождж псуе вынікі

У панядзелак лідарам пашчасціла з надвор'ем

Камбайн у Мікалая сапраўды добры, з кандыцыянерам і іншымі зручнымі «опцыямі». Можна, напрыклад, і музыку паслухаць. Але камбайнеру не да гэтага, калі і слухае нешта, то выключна прагноз надвор'я. А ён, на жаль, не радуе.

— Калі б не дажджы, справа даўно б ішла да заканчэння, — канстатуе механізатар. — А колькі нерваў з-за гэтых чаканняў. Два гады таму мы за 22 дні ўбралі цалкам рапс і збожжавыя. Сёлета ўжо другі месяц пайшоў. Пры спрыяльных умовах і 220 тон намалочвалі, але сёлета самы вялікі намалот экіпажа быў 168 тон. Стаім у асноўным толькі з-за дажджоў. Мінулы тыдзень працавалі наогул праз дзень. Вады было столькі, што не выехаць. На гэтым тыдні без перамен, зноў абяцаюць дажджы.

Але ўраджайнасць збожжа добрая — 57 цэнтнераў з гектара супраць 26 сярэднеабласных. А рапс, адзначае суразмоўнік, наогул выдатны, на асобных участках яго ўраджайнасць складала 50 цэнтнераў з гектара. Магчыма, менавіта дажджы і пайшлі яму на карысць.

Затое ячмень крыху палёг, і з гэтым нічога не зробіш.

— У сярэднім мы ўсімі камбайнамі за дзень нажыналі 1200 тон. Але ёсць розніца, калі збожжа сухое і калі за кошт вільгаці нашмат цяжэйшае. Гэта і лішні расход газу для прасушкі, і паліва. Камбайн за суткі «з'ядае» да 500 літраў дызельнага паліва. Усё гэта ўкладваецца ў сабекошт. Але жаданне перамагчы рухае кожным і прымушае змагацца за ўраджай.

«Працуем ад цямна да цямна»

У народзе кажуць, як чалавек есць, так ён і працуе. Удзельнікам жніва грэх скардзіцца. Кормяць так, што ніякія ссабойкі браць не трэба. Палявая кухня выязджае на поле двойчы на дзень, забяспечвае працаўнікоў сытнымі абедам і вячэрай.

— Наш Аляксандр Міхайлавіч (кіраўнік гаспадаркі. — Рэд.), калі трэба, і тры разы накорміць, — смяюцца мужчыны. — І на першае, і на другое смачныя стравы з мясам.

Не эканоміць гаспадарка і на спецадзенні. Кожны год удзельнікі жніва атрымліваюць новыя камплекты. І абавязкова — фірменны, з лагатыпам роднай гаспадаркі. Так што работніка СВК «Калгас «Радзіма» ні з кім не пераблытаеш.

Калі надвор'е добрае, камбайнеры не сыходзяць са свайго рабочага месца па 10 гадзін. Дамоў вяртаюцца, калі ўжо сцямнела. Сіл хапае толькі на тое, каб паесці і паспаць. Бо раніцай трэба зноў быць свежым і бадзёрым. Якім бы наварочаным ні быў камбайн, яго кіроўца павінен быць максімальна ўважлівы.

— Трэба адсочваць, каб работа была якаснай, без страт — за дзень вельмі стамляешся. Дзесяць гадзін у кабіне — гэта вельмі напружана. І ногі млеюць, і вочы баляць. Прыпынак 15 хвілін толькі на абед і вячэру, хуценька паеў і ў кабіну, — прызнаецца Мікалай.

Дома ў героя жніва свая гаспадарка — куры, свінні, часу дапамагаць жонцы не хапае. І яна ставіцца да гэтага з разуменнем.

Сілы і ўважлівасць патрэбны і кіроўцам, якія адвозяць ураджай да зернесушыльных комплексаў. Яны, дарэчы, працуюць нават ноччу.

— У нас зменны графік работы, — кажа Міхаіл Варфаламееў, кіроўца грузавіка. — Цяжка працаваць ноччу, але ж мы разумеем, наколькі важную работу выконваем. Тым больш што я да гэтага з маленства прывык. Бацька тут працаваў, а я школьнікам бегаў яму дапамагаць.

Міхаіл Варфаламееў прыйшоў у гаспадарку адразу пасля школы.

Міхаіл не хавае, што і ён у душы таксама імкнецца ў лідары. Але нездаровай канкурэнцыі ў гаспадарцы няма. Кожны разумее, што калі будзе працаваць добра, то і агульны вынік не прымусіць сябе чакаць. А калі гаспадарка багатая, то і яе людзі таксама. За тое, што дажджы перашкаджаюць коласу налівацца, тут шчыра перажываюць усе. Сёлетні хлеб, на жаль, даецца нялёгка.

За ходам жніва ў «Калгасе «Радзіма» асабіста назірае намеснік старшыні СВК Міхаіл СКУСАЎ:

— Глядзім, каб усё да апошняга коласа было зжата, каб выконваўся хуткасны рэжым; назіраем за своечасовай адвозкай, каб не стаялі камбайны, — пералічвае ён усё, што ўваходзіць у яго абавязкі. — За дзень кіламетраў пад 30 па полі накручваю. Якасць уборкі цалкам ад камбайнераў залежыць, могуць не даглядзець крыху, не захапіць жняяркай усю палоску і пакінуць каласы. Але іх зразумець можна, яны ўвесь час у напружанні. Таму і кантралюем. Зрэз каласоў таксама глядзім, каб быў правільны. Павінна заставацца іржышча — 5-7 сантыметраў вышынёй, не болей. Галоўныя камбайнеры ўсе людзі вопытныя, памочнікі — з ліку моладзі і прывабленыя з іншых арганізацый. Але яны таксама выбіраюцца з надзейных работнікаў. Памочнік — адказная пасада. Ён дапамагае абслугоўваць камбайн, адсочвае, каб работа была якасная. Павінен, калі трэба, аператыўна выскачыць, вырваць, прыбраць. Бывае на дарозе трапляюцца камяні, а гэта вельмі небяспечна для нашай тэхнікі.

Аляксандр ЛЕЙБУЦІН, галоўны аграном СВК:

— Галоўная наша праблема — дажджы, выкарыстоўваем кожную хвіліну. Чым больш зацягваецца ўборка, тым большыя страты. Планавалі 21 тысячу тон збожжа сабраць, але наўрад ці атрымаецца. Нясём натуральныя страты, на якія мы не можам паўплываць.

Па зводках аблсельгасхарча

У Краснапольскім, Кіраўскім і Шклоўскім раёнах жніво набліжаецца за завяршальнай стадыі. У планах аграрыяў Магілёўшчыны атрымаць ураджай у памеры 1 мільён 170 тысяч тон з улікам зерня кукурузы. Працягваецца нарыхтоўка кармоў, з верасня пачнецца ўборка кукурузы на сілас.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Золата «Радзімы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».