Вы тут

Навагрудскі ветэрынар: Разбагацець на нашай справе ў раённых цэнтрах немагчыма


Нумар тэлефона ветэрынара Івана Бахарэвіча я знайшла ў інтэрнэце, калі тэрмінова спатрэбілася ратаваць майго ката. Жыве каток у вёсцы ў Карэліцкім раёне. Нехта пашкодзіў яму заднюю лапу.

Быў суботні вечар, найбліжэйшы ветэрынар аказаўся ў Навагрудку, за 25 кіламетраў. Ён зняў трубку, сказаў, што ўжо з'ехаў з работы — а жыве ён за 16 кіламетраў ад горада. Спытаў, калі я змагу прыехаць. Праз 40 хвілін я дамчала да доктара, ён быў ужо на месцы. Агледзеў ката, зрабіў укол, расказаў, як лячыць далей, і... не ўзяў грошай... Як так? Памятаю, што нейкую драбязу тады ўсё ж пакінула. Праз некалькі дзён Іван Канстанцінавіч пазваніў, спытаў, як здароўе пацыента. Пасля я яшчэ некалькі разоў вазіла да яго майго гадаванца з рознымі праблемамі.

І кожны раз доктар глядзеў, дапамагаў, выпісваў рэцэпты, раіў, што і як рабіць... Івана Бахарэвіча, дарэчы, з яго з нестандартным падыходам да работы ведаюць ва ўсёй акрузе, і кожны кажа пра яго з цеплынёй і ўдзячнасцю. Што не дзіва. Дзе ты яшчэ знойдзеш ветэрынара, які ў любы час гатовы дапамагчы сваім пацыентам?!


Спачатку складана, потым прывыкаеш

Афіцыйна Іван Бахарэвіч практыкуе з 12 дня да 7 вечара. Усё робіць адзін. Кажа, што хоча знайсці такога памочніка, які ў плане дапамогі жывёлам будзе падобны да яго, будзе неабыякава ставіцца да чатырохногіх пацыентаў.

Цяпер раённы ветэрынар лечыць у асноўным катоў, сабак, папугаяў, хамякоў, чарапах. Сустракаюцца, праўда, змеі, вараны, нават кракадзілы, але ім, як кажа сам доктар, ён можа толькі вярнуць знешнасць — вылечыць пералом. А вось унутранымі хваробамі рэптылій лепш займацца прафесіяналам з заапаркаў.

Раней у практыцы доктара было больш буйных рагатых жывёл, аднак з часам у прыватных уладаннях іх робіцца ўсё меней.

— Аграгарадкі паступова паглынаюць сельскагаспадарчы кірунак жывёлагадоўлі са свіннямі, авечкамі, каровамі, козамі, коньмі. Цяпер людзі больш трымаюць катоў ды сабак, каб было каго прылашчыць. Асабліва калі дзеці ўжо раз'ехаліся з роднай хаты, — кажа Іван Бахарэвіч.

Доктар падыходзіць да лячэння не проста сумленна, а з пэўнай філасофіяй. Ён ніколі не зробіць жывёле аборт, калі гэта не патрэбна, і тым больш не ўсыпіць яе толькі таму, што яна старая і лячыць доўга ды цяжка. Нават да кастрацыі ставіцца негатыўна і раіць гэтага не рабіць:

— У жывёлы мяняецца гарманальны баланс, яна становіцца флегматычная, пачынае таўсцець — адсюль дыябет, праблемы з ныркамі. Адным словам, вы запускаеце паскораны лічыльнік яе жыцця.

Доктар кажа, што даўно ўжо адышоў ад поласцевых аперацый. Стэрылізуе праз лапаратамію і давёў аперацыю да дасканаласці: менш траўматызму, лепш зажывае. Працэдура такім чынам падаражэла, аднак гэта таго варта, бо жывёла ачуняе хутчэй. Хоць павязкі ён раіць не здымаць тыдні тры.

— Чаму дапамагаю па-за межамі працоўнага часу? Напэўна, у мяне такі маральны падыход. Вось уявіце, у людзей выхадны. А з вашым гадаванцам нешта здарылася па дарозе ці па прыездзе ў вёску. Летам жа шмат хто жывёл з сабой бярэ, і на ўчастках пачынаюцца «міжусобіцы» паміж тутэйшымі і гарадскімі. І вось вясковы сабака кусае прыезджага. Што рабіць? Бываюць моманты, калі ў Мінск ужо проста не даедзеш. У гаспадара гора, і адмахнуцца ад яго ні па якіх законах нельга. Трэба пайсці насустрач. Спачатку гэта складана, пасля прывыкаеш, а яшчэ пазней разумееш, што іншых варыянтаў проста няма.

Іншая рэч, калі людзі тэлефануюць у тры гадзіны ночы і пытаюцца: чаму гэта ў майго ката нейкая плямінка з'явілася? Падобных званкоў да ветэрынара маса.

— Закрыты пералом можа пачакаць да раніцы, бо такая аперацыя запатрабуе дзве-тры гадзіны. Калі пералом адкрыты ці жывёлу пакусалі, яна аднекуль звалілася, не можа нарадзіць — тады я еду дапамагаць, — кажа ён. — Бывае, што адключаю тэлефон, калі адчуваю, што стаміўся настолькі, што не за гарамі нервовы зрыў і, калі не пасплю спакойна 5-6 гадзін, давядзецца ратаваць мяне.

Палячыцца, пасварыцца ці... пагаварыць

Разбагацець на ветэрынарнай справе ў раённых цэнтрах немагчыма, лічыць Іван Бахарэвіч, бо людзей, якія маюць гадаванцаў, клапоцяцца пра іх, возяць на прышчэпкі і іншыя працэдуры, зусім мала. Хаця цана ў раённага ветэрынара ў параўнанні са сталіцай значна меншая, для многіх мясцовых яна таксама высокая.

— Але задаволены тым, што зарабляю. Мне хапае на бензін, адзенне, ежу, а што яшчэ трэба? Калі чалавеку камфортна ў сваім свеце, ён будзе добры да іншых. А чалавек у злосці не можа рабіць нічога добрага, ён ужо ў пекле, яго ўсё навокал раздражняе і злуе.

Ёсць людзі, якія прыходзяць проста пасварыцца. Пачынаеш з імі гаварыць, а яны стаяць на сваім, бо вычыталі ў інтэрнэце «правільны» дыягназ свайго гадаванца.

— Я стараюся не браць грошы ў такіх, бо яны не прынясуць карысці, — заўважае суразмоўца.

Часта людзі застаюцца вінныя ветэрынару. Пасля забываюцца аддаць грошы ці проста вырашаюць такім чынам сэканоміць. Іван Бахарэвіч не крыўдуе. Ён ведае, што доўг вернецца да яго нейкім іншым шляхам. А вось той, хто вінен, абавязкова атрымае ад лёсу нейкі негатыў, толькі не зразумее, чаму. Так працуе закон захавання энергіі, упэўнены Бахарэвіч, і стараецца абыходзіцца па-людску з усімі.

Неяк пазваніў мужчына з Мінска, папытаўся, ці можна праз дзве гадзіны прывезці сабаку на стэрылізацыю. Доктар пагадзіўся, прааперыраваў, а той вярнуўся па гадаванца і кажа: «Я загадзя запісаўся на аперацыю ў сталічную клініку, прыехаў, а мне сказалі чакаць тры гадзіны, бо спатрэбілася «хуткая»... Я на бензін да вас і на аперацыю грошы патраціў — і застаўся ў плюсе. На экскурсію з дачкой схадзіў і ў часе амаль выйграў», успамінае выпадак ветэрынар.

А яшчэ бываюць кліенты, якім проста пагаварыць няма з кім. Жанчына гадоў 70 аднойчы выклікала ветэрынара да хворай каровы, а сама з ім «за жыццё» хвілін сорак прагаварыла. Калі маналог бабулі скончыўся, доктар кажа: «Ну, давайце карову лячыць». «Ды халера з той каровай. Колькі я вам вінаватая?» — чуе ў адказ. Заплаціла яна як за прыём і задаволеная засталася, аж тварам пасвятлела. А ветэрынар дагэтуль не ведае, ці ёсць у яе карова. Так што ўсялякае бывае.

Большасць гаспадароў адказныя, аднак ёсць тыя, хто чамусьці хлусіць пра стан гадаванца.

— Прывозяць, напрыклад, ката і кажуць, што зуб яму баліць, а ты аглядаеш жывёлу і бачыш, што яна аб нешта ўдарылася. І не есць менавіта таму, што ёй баліць ад удару, а зуб тут ні пры чым.

Запаралеленыя дыягназы

У кабінет уваходзіць Ларыса з Навагрудка, якая ўжо сем гадоў лечыць у ветэрынара свайго сабаку. Яна прыехала на таксі на агляд.

— Цяпер мы грыжу пазванковую лечым, доктар дапамагае, ратуе. Ён самы лепшы ў раёне, а можа, і ў вобласці. І дадому да нас прыязджае, калі трэба, і пазваніць яму можна заўжды. Шмат у яго прыхільнікаў, ведаю па сетцы «Аднакласнікі», — усміхаецца жанчына.

Прыём займае некалькі хвілін. Яна дзякуе і развітваецца, абяцае даслаць здымкі гадаванца.

— Гэты чыхуахуа мінулы раз ледзьве хадзіў, а зараз ужо на лапах стаіць. Вось гэта здорава! Цяпер трэба далячыць, каб ён пабег, — каментуе стан пацыента доктар.

Дарэчы, зоапацыенты пакутуюць амаль на тыя ж хваробы, што і людзі. Гэта правакуецца і экалогіяй, і кармленнем жывёл.

— Апошнія тры гады стала вельмі шмат новаўтварэнняў, якія растуць на тканках, дзе іх увогуле не можа быць. І развіваюцца настолькі імкліва, што гэта няўзброеным вокам бачна. І імунітэт зніжаецца. А яшчэ ў гаспадара і жывёлы часта сустракаюцца запаралеленыя дыягназы. Нашы гадаванцы — нашы засцерагальнікі. І я колькі разоў бачыў у абодвух аднолькавыя балячкі: і анкалогію, і запаленне суставаў, і хворыя ныркі. І як толькі адзін папраўляецца, другому таксама становіцца лепш, — адзначае доктар.

У гэты час у клініку прыязджае цэлае сямейства. З вёскі Круцілавічы, што ў Дзятлаўскім раёне, прывезлі дзвюх кошак: адной зняць шво, другую — на стэрылізацыю.

— Сын падарыў «брытанку» Сансу, яна прывяла кацянят, а налета захварэла, малыя загінулі. А рыжага мэйнкуна я вельмі хацеў сам. Знайшлі мы Алісу ў Ваўкавыску. Калі бралі, нам казалі, што гэта кот, і была яна спачатку Феліксам, — смяецца гаспадар Алег Філатаў, які прыехаў разам з жонкай Святланай.

У Філатавых ёсць яшчэ і сабака Аіко: маленькі, на лісу падобны, памерам з кошку. Ён сябруе з Алісай, нават спіць з ёй разам. А на шпацыр уздоўж дарогі ходзіць з суседскімі дзяўчатамі.

Неўзабаве заканчваецца аперацыя па стэрылізацыі Алісы, і доктар выносіць яе з аперацыйнай. «Яшчэ ўкол зраблю, чакайце», — кажа, перш чым аддаць кошку.

У размовах і працэдурах незаўважна праходзіць амаль увесь дзень. Пад вечар прывезлі на кесарава дварнячку з заўчаснымі родамі. Аперацыя гэта доўгая і сур'ёзная. Але ветэрынару не прывыкаць да ненарміраванай працы. А дома ў яго, у вёсцы, акрамя чыхуахуа, ёркшырскага тэр'ера, французскага бульдога і дзясятка катоў, якія лічацца хатнімі, жыве яшчэ цэлая зграя катоў ды сабак, што прыходзяць і сыходзяць, падсілкаваўшыся самі па сабе. Такі ўжо ён чалавек, навагрудскі Айбаліт...

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Навагрудскі Айбаліт

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.