Люстэркі эпохі


Кожнае наступнае пакаленне хоча вылучацца і адрознівацца ад папярэдніх, пакінуць свой след — у адзенні, прычосках, музыцы... І канешне, вынаходзіць адмысловы слэнг, гэткі маркер вызначэння «сваіх». Некалі заліхвацкія «шасцідзясятнікі» і сучаснае «пакаленне Z» гавораць у літаральным сэнсе на розных мовах, хоць часта гэта ўсё тая ж сумесь ніжагародскай і французскай, толькі пад іншым соусам.


Напрыклад, у 90-я моладзь прыдумала слоўца «бадзяжыць» — у сэнсе, змешваць розныя напоі, пераважна алкагольныя, а з рэкламных ролікаў падлеткі ўзялі «баўнці» як абазначэнне рамантычных стасункаў. Прыкладна адтуль жа родам «лавэ», «ездзіць па вушах», «кіпеш» і неўміручае «па ходу».

Падлеткі — аднагодкі маёй малодшай сястры на пачатку 2000-х не любілі «глюкі» і «часопіс Грузілка», казалі дзіўнае «зэбска» замест «добра» і «лахалі», а не смяяліся. Заўсёднікаў першых інтэрнэт-клубаў можна было лёгка пазнаць па «прэведах», «лолах», «КГ/АМ» і іншых выразах, геймеры «рубіліся ў контру» па начах, а таму клявалі носам на ўроках ці ўніверсітэцкіх парах. Дарослыя, канешне, раздражняліся і крытыкавалі гэту «папугайскую мову». Пры гэтым, калі задацца мэтай і настойліва распытаць старэйшае пакаленне сваякоў пра іхнюю маладосць, вы даведаецеся, што яны і самі ў 60-х эпаціравалі шаноўную публіку рознымі там «шузамі» (супрацьпастаўленне замежнага моднага абутку небагатаму выбару ў савецкіх крамах), «хілялі па Брадвеі» (гулялі па цэнтральнай вуліцы любога горада) і папярэджвалі «карашоў», што сустрэча пераносіцца з кватэры на вуліцу, бо «шнуркі ў шклянцы» (бацькі дома). У 70-я вальнадумныя студэнты змагаліся з жаданнем правільных дарослых «папіліць ім хаер» (пастрыгчы валасы), «сцябаліся» з нямодных «прыкідаў» (адзення), а некаторыя нават «дрынчылі да крэйзы» (пілі да страты памяці). Яшчэ праз дзесяць год сярод нефармальнай моладзі было звычайнай справай «тусіць па сэйшнах» (хадзіць на канцэрты), падарожнічаць «стопам» (аўтаспын) у кампаніі «сістэр» (дзяўчат) і характарызаваць словам «нішцяк» усё, што падабалася. Такім чынам, калі шчыра пагутарыць з чалавекам у нефармальнай абстаноўцы, то па некалькіх фразах — люстэрках эпохі можна зразумець, з якога ён пакалення.

Цяпер ва ўжытку іншыя словы і паняцці — «хайп», «хейт», «спойлер»... Кліпавае мысленне і, як казаў наш універсітэцкі выкладчык, тэндэнцыя да эканоміі маўленчых намаганняў прыводзяць да ўсё большага распаўсюджвання скарачэнняў: «ок», «норм», «сап» (скарачэнне ад whаt's up— «як справы»). А мы з вамі, каму за 35, — «олдскул», мода мінулага часу. Нязгодныя? Ну, паспрабуйце сходу перакласці — з нядаўняй рэкламы рэальнага мерапрыемства — «олдскульны фестываль стрытфуду». Ведаеце, пра што гаворка? Пра ежу, што прадавалася ў кіёсках, светлая ім памяць, у канцы 1990-х — пачатку 2000-х: хадуны, златкі, чабурэкі, слоеныя піражкі, блінчыкі і чамусьці макарона па-флоцкі. Уявіце сабе, для кагосьці гэта ўжо далёкая гісторыя...

Часам лаўлю сябе на тым, што пачынаюць раздражняць уласцівыя сучаснаму слэнгу англіцызмы: «лайн-ап» (спіс артыстаў, заяўленых на фестываль), «шэрыць» (дзяліцца допісам у сацсетках), «ту мач» («занадта многа» альбо проста «занадта»), «чэлендж» замест «выклік» і г. д. Тады я проста падыходжу да люстэрка і кажу сабе «Старэеш, цётка». І адпускае. Нічога ж страшнага не адбываецца. Калі нешта незразумела, спытаю: калі не ў дзяцей, то ў «Гугла». А цяперашнія падлеткі рана ці позна таксама вырастуць — і пачнуць змагацца за чысціню мовы і «тармазіць» над слэнгам ужо сваіх дзяцей.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.