Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Да канца водпуску засталося пратрымацца нейкіх чатыры дні... Здавалася б, што такое чатыры дні? Але калі гаворка ідзе пра водпуск у такой вясёлай сям'і, як наша, гэта — цэлая вечнасць. Вось на рабоце так: чатыры дні пралятаюць незаўважна, а падчас адпачынку яны цягнуцца пакутліва доўга.

На жаль, у нас на рабоце водпускі вельмі вялікія, і, што яшчэ горш, калі сёлета ты водпуск недагуляў, то дні, якія засталіся, аўтаматычна пераносяцца на наступны. І нікуды ад гэтых водпускаў не дзецца, таму што калі ты не ідзеш у адпачынак, то парушаеш уласныя правы чалавека, а гэта ўжо можа закончыцца водпускам назаўсёды.

* * *

Сын з раніцы сабраўся ў ліцэй, прыносіць мне чысты ліст паперы:

— Тата, падпішы заяву.

— Ты хацеў сказаць: напішы заяву?

— Не, проста падпішы.

Гляджу на чысты ліст:

— А дзе заява?

— Заяву я потым напішу, цяпер няма часу.

— Цікава, і што ты там напішаш?

— Тата, я спазняюся. Ты можаш проста распісацца і ўсё.

Добра, у рэшце рэшт павінен жа бацька давяраць уласнаму сыну: распісаўся і аддаў чысты ліст са сваім подпісам дзіцяці.

Вельмі цікава, што ж ён там напіша: столькі прынадных варыянтаў, а подпіс усяго адзін. Нават неяк крыўдна.

P. S. А наогул, пара б у шаснаццаць гадоў ужо за тату навучыцца распісвацца. А то дзіцячы сад нейкі: «Тата, падпішы. Тата, падпішы». І чаму іх толькі вучаць у гэтым ліцэі?

* * *

Поля:

— Тата, толькі паабяцай, што ты пагодзішся.

— Пагаджуся на што?

— Не, ты спачатку паабяцай.

— Прабач, я ў такія гульні не гуляю.

(Я ў іх і праўда не гуляю.)

— Ну, калі ласка, там няма нічога складанага. Трэба проста сёе-тое ачысціць ад скуркі, каб мы маглі гэта з'есці.

— Добра, абяцаю.

— Ура! Вера, нясі какос!

* * *

Едзем вечарам з сынам дадому. абодва стомленыя: я — пасля работы, сын — пасля курсаў англійскай. У машыне іграе нейкая песня па радыё.

Раптам песня нечакана абрываецца, і раздражняльна вясёлы голас радыёвядучага вымаўляе:

— Ну што, спадзяюся, вы ўжо шчасліва дабраліся да дому і...

Не паспяваю пераключыць канал, як чуецца сумны бас сына:

— Калі б мы ўжо дабраліся да дому, мы б цябе цяпер не слухалі.

З павагай паглядзеў на сына: чалавеку толькі споўнілася шаснаццаць, а ён ужо разумнейшы за радыёвядучага.

P. S. Зрэшты, калі прыслухацца да таго, што звычайна гавораць радыёвядучыя, гэта не такое ўжо і вялікае дасягненне...

Павел ХОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.