Вы тут

Правілы выхавання маленькіх паненак ад пісьменніка Паўла Гушынца


Жыла-была дзяўчынка Соня. Хадзіла ў дзіцячы садок, гуляла з хамячком, лялькай Анфісай і трошкі з бацькоўскімі нервамі. Капрызіла. А яшчэ хавала пад сваім ложкам... кракадзіла Мурзіка, карміла яго дамашнімі катлетамі і абмяркоўвала з ім складанасці стасункаў з бацькамі і сябрамі... Гэта не плод нашай бурнай фантазіі, а сюжэт зборніка іранічных апавяданняў «Дзяўчынка і кракадзіл» — першай дзіцячай кнігі пісьменніка Паўла Гушынца, якая летась выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда». Адразу скажам, што кніжка хутка разышлася, таму следам за ёй з'явілася другая — «Тата, раскажы пра мяне гісторыю». Увогуле, малады аўтар пачынаў з публікацый у інтэрнэце жыццёвых гісторый пра дактароў і ваенных (па адукацыі ён ваенны доктар), палюбіўся віртуальным чытачам і «матэрыялізаваў» найлепшыя гісторыі ў некалькіх зборніках... Магчыма, ён так бы і працягваў паказваць выключна «праўду жыцця», калі б не прымерыў новую для сябе ролю — ролю бацькі. Дачка Соня не хацела слухаць банальныя сюжэты пра Калабка і Чырвоную шапачку, таму Паўлу давялося падключаць фантазію і прыдумваць казкі самому. З цягам часу гісторый назбіралася столькі, што грэх было не падзяліцца імі з іншымі дзецьмі... Як паказалі шматлікія сустрэчы з чытачамі ў бібліятэках і кніжных крамах, творчасць аўтара «заходзіць» малым на ўра. Напэўна, Павел нядрэнна разбіраецца ў дзіцячай псіхалогіі, а таму мы вырашылі пагутарыць з ім не як з пісьменнікам, а як з бацькам дзяўчынкі Соні: пра ўзаемаадносіны ва ўласнай сям'і і асаблівасці выхавання.


— Павел, прызнайцеся: сюжэты для кніг «Дзяўчынка і кракадзіл» і «Тата, раскажы пра мяне гісторыю» ўзятыя з рэальнага жыцця вашай сям'і?

— Канешне, і кракадзіл сапраўды жыве пад ложкам і есць як не ў сябе! Жартую. Але ўсе гісторыі мне падказвала дачка. Адкуль узяўся кракадзіл? Давялося яго прыдумаць, каб дапамагчы Соні перамагчы страх цемры. Яна баялася, што ноччу з-пад ложка выпаўзуць павукі — страшныя, з касматымі лапкамі, — таму патрэбен быў хтосьці, хто б мог іх адолець. Нам здалося, што маленькі хатні «падложкавы» кракадзіл — ідэальная кандыдатура для гэтай справы. Праўда, яго ролю адыгрывае зялёны плюшавы бегемот... З невялікай часткі гісторый пра сяброўства Соні і кракадзіла і атрымалася кніга. У другім зборніку мы абышліся без гэтага персанажа. Ён сваю функцыю ўжо выканаў, можа ісці адпачываць.

— Соня баялася цемры, нехта баіцца ўколаў, нехта — адзіноты... Што могуць зрабіць бацькі, каб дапамагчы дзецям справіцца з гэтымі страхамі?

— Па-першае, трэба знайсці прычыну. Гэта ж не проста «я баюся». Што мяне палохае? Монстр, які жыве ў цемры? Ці тое, што там пустэча нейкая? Чаму я баюся ўколаў? Таму, што мяне пужае боль, ці таму, што цётка ў белым халаце надта падобная да нейкай здані з фільмаў жахаў? Гэта ж розныя рэчы. Соня баялася, што ў цемры хаваюцца павукі. Адпаведна, я прыдумаў героя, які абараняе яе ад гэтых павукоў. Калі б яна перажывала, што там пустэча і цемра, я напоўніў бы гэту цемру чым-небудзь. Тымі ж павукамі. Ці прывідамі, напрыклад. Спачатку высветліце прычыну, якая выклікала страх, і змагайцеся менавіта з ёй.

— З дапамогай прывідаў?!

— Ну, абыграйце сітуацыю, перавядзіце ўсё ў гульню. Дзеці гадоў да 8-9 вельмі вядуцца на такія штукі, іх лёгка зацікавіць, «пераключыць». Я не кажу, што гэта ўніверсальны спосаб: малыя розныя бываюць, у кагосьці, напрыклад, няўстойлівая псіхіка — тут патрэбныя іншыя метады. Але ў маім выпадку ўсё атрымалася, за 2-3 месяцы страх зусім знік, быццам яго і не было. Калі цяпер мая паненка і баіцца чаго-небудзь, дык хіба што накаўта на рынгу (дачка Паўла займаецца боксам і дзюдо. — Аўт.).

— Калі меркаваць па кнігах, Соня — даволі капрызлівая дзяўчынка, з характарам: то ў школу ісці не хоча, то кашу есці адмаўляецца, то хлопчыка надакучлівага паб'е... Як бацькам знайсці агульную мову з такім неспакойным дзіцем?

— Любіць яго. Я, напрыклад, люблю сваю капрызлівую, непаслухмяную дзяўчынку! Я прымаю яе такой, якая яна ёсць. Чуў такое выказванне: як бы вы добра ні ставіліся да дзіцяці, у дарослым узросце яму заўсёды будзе што расказаць на прыёме ў псіхолага. Таму не трэба заганяцца, не трэба неяк вельмі складана да выхавання падыходзіць. Проста прымайце ўдзел у жыцці сына ці дачкі. Станьце яму неабходным чалавекам, партнёрам, дарадцам. Я вельмі часта назіраю сітуацыі, калі бацькам дзеці быццам і не патрэбныя — прывядуць іх некуды, у пясочніцу ці ў забаўляльны цэнтр, і займаюцца сваімі справамі. А дзіця ж усё адчувае... Сонька прыбягае да мяне і кажа: «Тата, вось там вось гэта вось так, патлумач мне!» Я, канешне, думаю: «А ё-маё...» А ўслых кажу: «Добра, падыдзі, калі ласка, праз некалькі хвілін». І хуценька ў «гугл» лезу. Нават не трэба ісці ў бібліятэку і падымаць гару літаратуры. Адказалі на пытанне, растлумачылі ў агульных рысах, не пакінулі без увагі — і ўсё, вы аўтарытэт.

Праявіце шчырую цікавасць да інтарэсаў дзіцяці. Дачцы падабаецца рабіць караблікі з паперы? І вы навучыцеся! Сын захапіўся дыназаўрамі? Вазьміце кніжку па палеанталогіі, праштудзіруйце. Вас бесіць тое, чым дзіця займаецца? Змірыцеся. Не спрабуйце перанакіраваць яго на тое, што вам здаецца больш прыдатным. Калі я прыводзіў Соню на трэніроўкі, то бачыў хлопчыкаў, якія стаялі там і румзалі. А ўсё таму, што тата сказаў: «Мужык павінен прыйсці і займацца боксам!» А малы стаіць і плача. Можа, ён маляваць хоча. Навошта ламаць псіхіку дзіцяці?

Калі Соф'і было 5 гадоў, мы хацелі аддаць яе на танцы. Але яна катэгарычна сказала: «Я не буду сюды хадзіць». Нехта б, напэўна, праявіў цвёрдую бацькоўскую пазіцыю, пачаў «цягаць» малое туды: «Я ж на цябе час трачу!» Але калі я разумею, што мая дачка няшчасная... Дзіця праявіла сваю волю. Варта прыслухацца да гэтага «я не хачу сюды, мне тут дрэнна» і пайсці насустрач. «А што хочаш?» — «Хачу на дзюдо!» Ну і добра. А хадзіла б цяпер на танцы — пакутавалі б усе...

— Але ці можна ўсё дазваляць дзецям і заўсёды патураць іх капрызам?

— Тут трэба ўбачыць тонкую мяжу паміж «я хачу» і «я закатваю істэрыку». Вопытным шляхам. Гэта вельмі складана, і я не кажу, што сам умею гэта рабіць. Вось літаральна ўчора ўвечары мы глядзелі кіно, я такі: «Соня, на сёння хопіць, выключай камп'ютар!» А яна адказвае: «Не буду!» — «Чаму?» — «Не хачу!» І вось што гэта — капрыз? Ці я зайшоў на яе тэрыторыю? Канфлікт атрымаўся на роўным месцы, і я — прызнаюся шчыра — не змог граматна выйсці з яго. Потым сядзеў і думаў, як трэба было сябе паводзіць: напэўна, паспрабаваць неяк абыграць сітуацыю. Але я прыехаў з камандзіроўкі, стаміўся... У мяне не было на гэта сіл!

Увогуле, часцей за ўсё канфлікт узнікае ад таго, што тата або мама стаміліся. Ты прыйшоў з работы ніякі: замучыўся, пакуль план перавыконваў. А навошта той план? Начальнік табе, што, даражэйшы за дзіця? Атрымліваецца, што чужыя дзядзькі з зашмальцаванымі паперкамі важнейшыя за самага галоўнага чалавека ў тваім жыцці. Што за бязглуздзіца? Начальніку, канешне, гэта не растлумачыш, але трэба неяк навучыцца лавіраваць.

Найлепшы падарунак малому — увага дарослага. Вы самі потым будзеце перажываць з-за нейкіх страчаных магчымасцяў. Вось я шмат часу з Соняй праводжу, але ўсё роўна вельмі шкадую пра тыя моманты, калі быў не з ёй. Не разумею, як людзі ў адпачынак ездзяць без дзяцей. «Я хачу адпачыць ад яго». Як? Вы пра што? Не, я не вар'ят, які ўсюды бегае за сваім дзіцём. Але што ў вашым жыцці будзе цікавейшае за вашу дачку ці сына? Яны вырастуць — і ўсё, нават падлетку вы ўжо не патрэбныя будзеце. У вас ёсць 10, 11, 12 гадоў, якія можна правесці шчасліва для сябе. А потым — хіба што ўнукаў чакаць. На пенсіі вы будзеце ўспамінаць не пра тое, як план па продажах выконвалі ці машыну новую куплялі. Вы будзеце згадваць, як разам мячык у пясочніцы штурхалі і замак з пяску будавалі. Я ўжо цяпер толькі такія моманты і памятаю.

— Ёсць такая філасофія выхавання ў японцаў: да 5 гадоў ставіцца да дзіцяці як да бога, да 15 — як да раба, а пасля 15 — як да сябра. Я так разумею, ваша «тактыка» — заўсёды быць дзіцяці сябрам?

— От ужо гэтыя японцы... Ведаеце, мы з жонкай разышліся ў гэтым пытанні. Не наконт японцаў — наконт ролі бацькоў. У нашай сям'і тата — сябар. Мама ж катэгарычна супраць, яна лічыць, што тата павінен быць «уладай». Гэта значыць — прымушаць нешта зрабіць. У нашым доме ўсё наадварот: мама — больш жорсткі чалавек, а тата... Дайце падбяру літаратурнае слова... Памяркоўны! У таты не атрымліваецца прымусіць, у таты атрымліваецца ўгаварыць. Я сябар. Прычым часам нават малодшы сябар. Такі ў мяне стыль паводзін з дзецьмі.

Можа быць, гэта не зусім правільна — бацька павінен быць нейкім аўтарытэтам. Але лепш за ўсё — старэйшым таварышам, які дапамагае дзіцяці прымаць рашэнні. А калі малое яшчэ зусім маленькае — дае гэта рашэнне і стварае бачнасць таго, што дзіця прыняло яго самастойна. Вось гэта, пэўна, самы ідэальны варыянт — нейкім чынам накіраваць і падказаць. Таму што калі дзіця ў пяць-шэсць гадоў стане раўнацэнным партнёрам у сям'і, у яго адбудзецца істэрыка. Не можа быць такога, што тата, мама і малы сядаюць вечарам утраіх за стол, і тата сур'ёзна кажа: «Так, ну што, у якія акцыі будзем укладваць грошы? Падумай, сынок, бо калі не атрымаем даход, здадзім цябе ў дзіцячы дом!» Дзіця хай прымае рашэнні ў дробязях, а з нечым больш значным яму дапамогуць бацькі.

Але самае галоўнае і для мамы, і для таты, як я ўжо казаў, — праяўляць шчырую зацікаўленасць у жыцці дзіцяці. І, калі ласка,не адгароджвайцеся тэлефонам ці планшэтам. Да вас прыходзяць, прыносяць аркушык, кажуць: «Глядзі, тата, што я намаляваў!» А тата, засяроджана ўтаропіўшыся ў экран, мычыць: «Угу». А вы ўважліва паглядзіце на малюнак, ацаніце старанні. І няхай там нешта незразумелае, крывенькае, крыху сюррэалістычнае. «О, ты, напэўна, Сальвадор Далі!» — «А хто такі Сальвадор Далі?» — «А я табе зараз раскажу». Маленькаму чалавеку, які да вас звярнуўся, на гэты момант сапраўды важна пачуць ваша меркаванне. Вы ж сваім стаўленнем рыхтуеце падлетка, які альбо вырасце ворагам бацькам (а з падлеткамі і так складана), альбо захоча да іх прыслухоўвацца. Няхай і на 10 працэнтаў. Я спадзяюся, што Соня ў 14—15 гадоў будзе хоць трошкі дзяліцца нейкімі момантамі са свайго жыцця і прыслухоўвацца да таты. Я шчыра на гэта спадзяюся.

Алена КАРПЕНКА

Фота Кастуся ДРОБАВА і з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У Брэсцкай вобласцi першымi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

У Брэсцкай вобласцi першымi ўкаранiлi практыку выязных прыёмаў дзяржрэгiстратараў

Хто валодае нерухомай маёмасцю альбо ўчасткам зямлi, ведае, як важна мець адпаведныя дакументы на сваю ўласнасць.

Эканоміка

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Як генафонд раслін адаптуецца да змен клімату

Работа па вывучэннi генетычных рэсурсаў раслiн у Беларусi была пачата яшчэ ў 20-я гады мiнулага стагоддзя.

Грамадства

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Паэт Iван Юркiн: З жонкай упершыню пацалаваўся ў дзень вяселля 47 год таму

Песнi на вершы Iвана Юркiна карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Хто не ведае гiмна гасцiннасцi нашай краiны — «Прыязджайце да нас у Беларусь»? Вось таму было цiкава пазнаёмiцца з музай паэта — яго жонкай Надзеяй Iванаўнай.