Вы тут

Хто мае права на сацыяльнае абслугоўванне на даму?


Хто мае права на сацыяльнае абслугоўванне на даму? Колькі разоў на тыдзень павінен прыходзіць сацработнік да такога чалавека? (Вялюнова Г. А.)

Адказвае дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна г. Мінска Святлана Прывалава:


— Звярнуцца ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы свайго жыхарства з нагоды сацабслугоўвання на даму можа кожны пенсіянер пачынаючы з 60 гадоў — незалежна ад таго, жыве ён адзін ці, дапусцім, са сваімі дзецьмі. Акрамя таго, такія паслугі мы аказваем і людзям з інваліднасцю, як правіла, інвалідам I або II групы незалежна ад узросту. Але пры гэтым мы ўлічваем медыцынскія паказанні і (або) адсутнасць медыцынскіх супрацьпаказанняў. Яны прапісаны Міністэрствам аховы здароўя.

У цэлым парадак і ўмовы аказання ТЦСАН сацыяльных паслуг рэгламентаваны «Інструкцыяй аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання», зацверджанай пастановай Мінпрацы і сацабароны ад 26 студзеня 2013 г. № 11.

Пенсіянеру пры звароце да нас неабходна прадставіць наступныя дакументы: пісьмовую заяву (устаноўленай формы); дакумент, які сведчыць асобу; дакумент устаноўленага ўзору аб праве на льготы (пасведчанне інваліда, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і да т. п.) — для грамадзян, якія адносяцца да катэгорыі тых, хто карыстаецца льготамі; медыцынскую даведку аб стане здароўя (для гэтага трэба звярнуцца да свайго ўчастковага тэрапеўта).

Работнікі ТЦСАН на працягу трох рабочых дзён з дня звароту правядуць абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча пенсіянера са складаннем акта і запытаюць у дзяржаўных органаў і іншых арганізацый наступныя звесткі: аб памеры атрыманай пенсіі за месяц, які папярэднічаў звароту, — для адзінокіх непрацаздольных грамадзян; даведку аб месцы жыхарства і складзе сям'і; звесткі аб адсутнасці догляду за грамадзянінам асобай, якая атрымлівае дапамогу па доглядзе за інвалідам І групы або за асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Рашэнне аб заключэнні дагавора аказання сацыяльных паслуг прымаецца дырэктарам ТЦСАН на працягу 5 рабочых дзён пасля атрымання апошняга неабходнага дакумента (звестак).

Аплата сацыяльных паслуг

Сацыяльныя паслугі на даму ажыццяўляюцца на ўмовах аплаты (поўнай або частковай) або бязвыплатна.

Права на бясплатнае сацыяльнае абслугоўванне на даму маюць малазабяспечаныя адзінокія непрацаздольныя грамадзяне, сярэднедушавы даход якіх ніжэйшы за 100 % бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ), які дзейнічае на дату падачы заявы аб аказанні сацыяльных паслуг (нагадаем, што з 1 жніўня БПМ зацверджаны ў памеры 230,92 рубля).

На ўмовах частковай аплаты сацыяльныя паслугі атрымліваюць адзінокія непрацаздольныя грамадзяне, сярэднедушавы даход якіх не перавышае 200 % БПМ. Памер частковай аплаты складае: для непрацаздольнага грамадзяніна — 60 % ад тарыфу на сацыяльныя паслугі; для непрацаздольнай сям'і — 50 % ад тарыфу для кожнага члена сям'і.

Астатнім сацыяльныя паслугі на даму прадстаўляюцца на ўмовах поўнай аплаты па сацыяльных тарыфах, якія зацвярджаюцца мясцовымі органамі ўлады, у нашым выпадку — Мінгарвыканкамам. Так, у Мінску пенсіянер заплаціць за гадзіну працы сацработніка 66 капеек. Сярэдняя працягласць візіту сацработніка — 1 гадзіна 50 хвілін, значыць, поўная аплата за візіт складзе 1,21 рубля. Прыблізна такая ж карціна і ў іншых рэгіёнах. Як бачыце, кожны пенсіянер можа сабе гэта дазволіць.

Колькі візітаў на тыдзень?

Для непрацаздольных грамадзян, якія атрымліваюць сацпаслугі без аплаты, перыядычнасць наведвання сацыяльным работнікам устаноўлена з улікам іх крытэрыя жыццядзейнасці (абмежаванняў здольнасці да самаабслугоўвання).

Перыядычнасць наведвання таго, хто абслугоўваецца на ўмовах частковай або поўнай аплаты, устанаўліваецца па жаданні самога пенсіянера на падставе дагавора, у якім вызначаны віды і аб'ём паслуг.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.