Вы тут

71-гадовы мужчына аддае чацвёртую частку сваёй пенсіі вавёркам


З Вячаславам Батурыным я пазнаёмілася ў сталічным Севастопальскім парку. Падцягнуты мужчына спяшаўся з пакецікам семак у бок маёй любімай алеі. «Гэта, відаць, вы тут вавёрачак падкормліваеце?» — пацікавілася. — «Я, — сціпла ўсміхнуўся ў адказ Вячаслаў Мікалаевіч. — У 71 год у любое надвор'е хаджу сюды штодзень, як на работу».


Толькі паспеў мой новы знаёмы насыпаць семак у кармушку, як зверху навыперадкі спусціліся дзве вавёркі.

— Бачыце, як яны мяне тут чакаюць, ведаюць, што прынясу ім што-небудзь паласавацца. Вось трошкі прыхварэў. Тыдзень не хадзіў у парк. Дык увесь сперажываўся. Калі сюды не прыйду, мне чагосьці не хапае. Так, хлопцы (звяртаецца да галубоў, што прыляцелі следам), не нахабнічайце, дайце паесці сястрычкам.

Вячаслаў Мікалаевіч, пакуль не пераканаецца, што вавёрачкі паелі, дзяжурыць побач з кармушкамі.

Раптам з дрэва куляй звалілася трэцяя вавёрка. Дзве яе сяброўкі так спужаліся, што, адскокнуўшы, сутыкнуліся ў паветры. Такое незвычайнае відовішча я бачыла ўпершыню.

— О, гэта Даша — самая жвавая з сямі вавёрак, што тут жывуць, — каментуе Вячаслаў Мікалаевіч. — Адразу бачна — гаспадыня, імгненна ўсіх разагнала.

Пакуль вавёркі ласаваліся семкамі, мужчына расказаў, што раней жыў у ваенным гарадку ва Уруччы.

— А там жа лес кругом. Дык вось адна вавёрачка панадзілася прыходзіць на мой балкон. Я штодзень чакаў яе, адсмыслова пакідаў там семкі, арэшкі. А потым тая вавёрачка прапала. Я вельмі моцна перажываў. А пасля прачытаў, што іх век кароткі — усяго каля пяці гадоў.

Цяпер Вячаслаў Мікалаевіч жыве побач з Севастопальскім паркам. Яму як былому ваеннаму выдзелілі кватэру на вуліцы Лук'яновіча.

— Каб трымаць сябе ў форме, штодзень праходжу пехам як мінімум пяць кіламетраў. Найлепшае месца — гэта парк побач з домам. Там і прыкмеціў вавёрачак. Усе хочуць назіраць за імі, а карміць няма ахвотнікаў. Вось я і вырашыў узяць над севастопальскімі вавёрачкамі шэфства. Змайстраваў кармушкі і нашу ім ежу ды вадзічку. Пешчу вавёрачак, аддаю ім, можна сказаць, адну чацвёртую сваёй пенсіі. Дзякуй богу, магу дазволіць сабе гэта рабіць. У мяне як у ваеннага пенсія добрая. Купляю семкі, арэхі. Узімку, калі былі моцныя маразы, цэлую нізку сушаных грыбоў для іх набыў. Акрамя таго, збіраю жалуды, у мяне яшчэ цэлае вядро засталося з восені.

Пастаянныя наведвальнікі парка ўжо пазнаюць сябра вавёрак. Спыняюцца паразмаўляць, дзякуюць, што стварыў такое цудоўнае месца для назірання за пацешнымі жывёлкамі.

— Менавіта тут, на гэтай алеі, я і пазнаёміўся з аднадумцамі, Таццянай Іванаўнай ды яе мужам — Генадзь Андрэевіч таксама былы ваенны. Яны мне дапамагаюць падкормліваць вавёрак ды прыбірацца каля кармушак.

Акрамя вавёрак, на «алею Батурына» ўзімку прылятаюць карміцца гілі, сінічкі, зелянушкі, берасцяначкі, сойкі, шпакі, дзятлы... Для цікаўных пенсіянер павесіў побач з кармушкамі буклет з выявамі птушак і іх назвамі на беларускай і рускай мовах, які яму падарылі спецыялісты «Аховы птушак Бацькаўшчыны». А таксама міні-інструкцыю: чым можна карміць жыхароў парка, каб не нашкодзіць ім.

— Я заўважыў, што людзі праз няведанне кладуць у кармушкі кашу, якая зацвіла, хлеб. А хлебам, асабліва чорным, птушак карміць нельга. Найлепшы корм — несалёныя і нясмажаныя семкі сланечніка, несалёныя арахіс ды сала. Можна класці проса, але яны стамляюцца яго дзяўбці.

Да зімы Вячаслаў Мікалаевіч плануе змайстраваць яшчэ некалькі кармушак, каб усталяваць на іншых алеях. Ён вельмі спадзяецца, што наведвальнікі парка будуць ашчадна да іх ставіцца.

— Нейкія вандалы ў студзені зламалі ўсе кармушкі, — уздыхае мужчына. — Давялося аднаўляць. Людзі ж у парк прыходзяць розныя. Некаторыя цкуюць вавёрак сваімі сабакамі. Я прасіў іх гэтага не рабіць — трэба ж ратаваць жывёльны свет, які і так прападае. На жаль, не ўсе гэта разумеюць...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.