Вы тут

Кавалі свайго шчасця


Напрыканцы ліпеня ў Баранавіцкім раёне ладзілася свята кавальскага майстэрства «Крашынскі перазвон». Упершыню фэст прайшоў у Крошыне ў 2016 годзе.


Дзяніс Ашчэпкаў, пераможца ў конкурсе «Дамашняе заданне».

Арганізатары свята — сапраўдныя энтузіясты. Юрый Пшаўлоцкі — збіральнік сцэнічных касцюмаў, музычных інструментаў, прадметаў народнага побыту мінулых часоў. Яго калекцыі можна ўбачыць у мясцовым Доме культуры. У прыватнасці, прадстаўленыя на свяце міні-музей «Сялянская хата» і выстаўка сцэнічных касцюмаў — вынік яго руплівых пошукаў. Шмат сіл для арганізацыі фэсту прыклала Ксенія Лазюк, якая лічыць, што вельмі важна захоўваць старадаўнія рамёствы як знак самабытнасці беларусаў.

А чаму менавіта свята кавальства? Ды таму, што без майстроў гэтай прафесіі немагчыма было ўявіць ніводную вёску. І перш за ўсё таму, што знакаміты крошынец Паўлюк Багрым быў выдатным кавалём. Ну, хто б ведаў невялікае мястэчка Крошын, калі б не хрэстаматыйнае імя Багрыма з яго адзіным вершам «Зайграй, зайграй, хлопча малы» ды славутай жырандоляй.

Спонсарам «Крашынскага перазвону» выступіла ААТ «Крошын». Над арганізацыяй фэсту працаваў вялікі калектыў аднадумцаў-энтузіястаў.

Майстры кавальскай справы не толькі бралі ўдзел у конкурсе майстэрства, але і ладзілі майстар-класы для ўсіх жадаючых. Вырабы кавалёў журы ацэньвала ў некалькіх намінацыях. У намінацыі «Дамашняе заданне» (кавалі кветку валошку) перамог Дзяніс Ашчэпкаў з вёскі Кісялі Баранавіцкага раёна; у намінацыі «Выраб мастацкіх рамак» (з абавязковымі фрагментамі багрымаўскай жырандолі) вызначыліся Дзмітрый Шашкоў і Рыгор Підэнка з Баранавічаў.

 Самай высокай адзнакі заслужыла экспазіцыя пазаконкурсных вырабаў Сяргея Блезеса са Стоўбцаў. Падчас фестывалю адбылося адкрыццё двух арт-аб’ектаў: «Жаўранак Багрыма», фрагмента знакамітай жырандолі — работа Дзяніса Ашчэпкава, і каванай аркі-падковы «Кожны каваль свайго шчасця» пры ўваходзе ў Крашынскі парк, якую выканалі Дзмітрый Шашкоў і Рыгор Підэнка. На фэст запрасілі майстроў народнай творчасці, якія не толькі прапаноўвалі вырабы, але і ладзілі майстар-класы па традыцыйных рамёствах: «Ганчарны свет», «Дзівосы з дрэва», «Народны ручнік як крыніца натхнення» і інш. Праграма фэсту здзівіла маштабам. Для гасцей былі падрыхтаваны забавы на любы густ: канцэрты эстрадных калектываў і асобных выканаўцаў, вяселле ў традыцыях кавальства, паказальныя выступленні клуба гістарычнай рэканструкцыі «Шляхецкая застава», гумарыстычная фальклорная праграма «Перавяліся ў вёсцы кавалі», выступленне калектыву побытавых танцаў «Фалькларанка», паказальныя выступленні коннага клуба «Залатая падкова», вялікая праграма для дзяцей.

Вольга ЖЫГАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».