Вы тут

Драматургія на стыку навук


Беларускае літаратуразнаўства ў айчыннай навуцы годна прадстаўлена яркім сузор’ем выдатных вучоных. Адно з першых імёнаў — Сцяпан Лаўшук, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Сваё 75-годдзе вучоны сустрэў з важкім багажом напрацовак, дзе ёсць і нядаўна завершаныя маштабныя праекты.


Майстар нацыянальнага літаратуразнаўства. Важкія словы, бо за імі — адкрыцці і здзяйсненні. Навуковая дзейнасць Сцяпана Сцяпанавіча носіць рознабаковы характар: у поле зроку трапляюць многія актуальныя пытанні развіцця нацыянальнай літаратуры і літаратуразнаўства. Аднак яшчэ на пачатку творчага шляху асноўным прадметам навуковай зацікаўленасці даследчык выбраў драматургію і застаецца верным свайму выбару ўжо на працягу больш чым сарака гадоў. У доктарскай дысертацыі Сцяпана Лаўшука «Беларуская драматургія ХХ стагоддзя: асноўныя праблемы развіцця», яго грунтоўных артыкулах і манаграфіях, сярод якіх такія вядомыя кнігі, як «Сучасная беларуская драматургія», «На драматургічных скрыжаваннях», «Кандрат Крапіва і беларуская драматургія», «Гарызонты беларускай драматургіі», раскрываюцца заканамернасці развіцця нацыянальнай драматургіі ХІХ—ХХ стагоддзяў, прасочваюцца яе вытокі, прапаноўваецца перыядызацыя, аналізуюцца асаблівасці мастацкіх пошукаў, жанравая спецыфіка твораў, прырода драматургічнага канфлікту.

Мноства вялікіх адкрыццяў зроблена на стыку навук, розных сфер духоўнай і матэрыяльнай дзейнасці чалавека. У сваіх работах Сцяпан Лаўшук падкрэслівае ўнікальную мастацкую прыроду драматургіі, яе здольнасць выходзіць далёка за межы літаратуры. Няцяжка заўважыць, што шматпланавасць прадмета вывучэння якраз і выклікае моцную даследчыцкую зацікаўленасць. Драматургія і тэатр — той ракурс, у якім разглядаюцца самыя важныя аспекты бытавання жанру на беларускай глебе. Па меркаванні Сцяпана Лаўшука, у стасунках паміж тэатрам, драматургам і гледачом няма дробязей, бо яны дазваляюць закрануць вельмі шырокае кола праблем. Праз узаемадачыненні мастацтва слова і мастацтва сцэны раскрываюцца вялікія магчымасці драматургіі ўплываць не толькі на літаратурнае жыццё. У цэнтры навуковай увагі — яе адраджэнскі, нацыятворчы патэнцыял, закладзены ў жанр самой гісторыяй.

У абсяг назіранняў і думак Сцяпана Лаўшука трапіла ўся беларуская драматургія, але вучоны найбольш засяроджваецца на тых этапах развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства, калі гэты патэнцыял заяўляў пра сябе з найбольшай сілай. Новае прачытанне класікі 20-х гадоў мінулага стагоддзя «падсвечвае» пытанні, з якімі давялося сутыкнуцца сучасным творцам літаратуры і тэатра. Але нават на такіх маштабных параўнаннях аўтар не спыняецца. Разглядаючы айчынную драматургію як адну з развітых драматургій свету, ён ставіць перад сабой задачу прамадэляваць яе будучыню і з упэўненасцю сцвярджае, што яна і далей будзе адыгрываць адну з ключавых роляў у рэалізацыі беларусамі свайго права распараджацца ўласным лёсам. Вучоны настойліва падкрэслівае адзін надзвычай важны момант: матэрыяльнае заўсёды было, ёсць і будзе цесна звязана з духоўным, і культура, літаратура, сцэнічнае мастацтва шмат могуць зрабіць для таго, каб сацыяльна-эканамічная сістэма найлепшым чынам адпавядала годнасці чалавека, універсальным маральным прынцыпам.

Пытанні, якім прысвечаны работы вучонага, актуальныя для нашага прыгожага пісьменства ў цэлым. Прадстаўнік акадэмічнага літаратуразнаўства, паслядоўны аналітык, ён будуе даследаванні на прынцыпах гістарызму, уводзіць тую ці іншую з’яву ў шырокі кантэкст. Разам з тым строгага слова «аналіз» не дастаткова для характарыстыкі напісанага Сцяпанам Лаўшуком. Перад намі — суперажыванне, радасць адкрыцця, захапленне, якім аўтар спяшаецца падзяліцца. Пра што б ні ішла гаворка — пра адметную літаратурную з’яву ці асобнага пісьменніка, твор, вобраз, якая б ні давалася ўсяму гэтаму ацэнка — станоўчая ці адмоўная, калі асвятляюцца ў тым ліку і сур’ёзныя творчыя праблемы і недахопы, стыль застаецца класічна ясным, лёгкім для ўспрымання. Ён вельмі пазнавальны, індывідуальны: заўсёды афарбаваны шчырай непадробнай эмоцыяй, адметны моўным багаццем, дзе ўсе складнікі працуюць на дыялог з чытачом.

Сцяпан Лаўшук даўно вядомы не толькі як вучоны, але і як арганізатар навукі. Спалучэнне двух талентаў прынесла вялікі плён. Арганізацыя і правядзенне рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый, круглых сталоў, прысвечаных асобным пісьменнікам і самым актуальным пытанням сучаснага літаратурнага працэсу, творчыя сустрэчы, выданне навуковых зборнікаў, калектыўных манаграфій — гэты пералік папаўняецца і сёння.

Даследчык зрабіў важкі ўклад у выданні, якія маюць вялікую значнасць для айчыннай навукі. Узровень развіцця літаратуразнаўства, ступень яго сталасці ацэньваюць па многіх крытэрыях, адзін з галоўных — наяўнасць грунтоўна распрацаванай вядучымі спецыялістамі абагульняючай навуковай гісторыі нацыянальнай літаратуры. Сцяпан Лаўшук — суаўтар «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1981—1982), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2—4, 1994—1995), «Гісторыі беларускай літаратуры, ХІХ — пачатак ХХ ст.» (2-е выд. 1998).

У 1999 годзе пачалося выданне самага маштабнага на сённяшні дзень даследавання айчыннага прыгожага пісьменства — «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4-х тамах, дзе ў аглядных і персанальных артыкулах раскрыта нацыянальная спецыфіка беларускай літаратуры, яе роля ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, выхаванні патрыятызму і гуманізму, паказаны духоўны патэнцыял і ідэйна-эстэтычнае багацце слова. Сцяпан Сцяпанавіч працаваў у складзе творчага калектыву спачатку як аўтар (так, напрыклад, ім напісаны амаль усе аглядныя артыкулы па драматургіі) і член рэдакцыйнай калегіі, а потым яшчэ і як навуковы рэдактар. Яму выпала ганаровая і нялёгкая задача завяршыць выданне: дзякуючы яго намаганням пабачыла свет апошняя, трэцяя, кніга 4-томнай «Гісторыі…».

Яшчэ ў 1970-х, калі Сцяпан Лаўшук выбраў шлях даследчыка драматургіі і заявіў пра сябе як гісторык літаратуры, пачалася яго праца ў тэксталогіі. Ён выступіў як складальнік выданняў «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), «Творы» У. Галубка (1983), «П’есы» (1984) і інш. Актыўная дзейнасць у яшчэ адной вельмі працаёмкай галіне была водгукам на надзённыя запатрабаванні літаратуразнаўства, але наўрад ці стала б паспяховай без асабістай навуковай зацікаўленасці, глыбокай павагі да творчай асобы. Сцяпан Сцяпанавіч не стамляецца паўтараць, што найлепшы помнік для пісьменніка — гэта збор твораў. Сваю думку ён паспяхова рэалізаваў на практыцы. І паказаў унікальны прыклад: адзін падрыхтаваў і выдаў зборы твораў выдатных беларускіх драматургаў Андрэя Макаёнка (т. 1—5, 1987—90) і Кандрата Крапівы (у 6 т., 1997—2004).

У 2017 годзе завершаны буйны тэксталагічны праект пад кіраўніцтвам Сцяпана Лаўшука — Збор твораў Івана Навуменкі ў 10 тамах. Навукова-каментаванае выданне творчай спадчыны народнага пісьменніка Беларусі ажыццяўлялася ўпершыню і ў найбольш поўным аб’ёме, многія змешчаныя ў ім матэрыялы надрукаваны таксама ўпершыню. Збор твораў стаў найважнейшай часткай вялікага комплексу мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці мастака слова. У тым жа годзе пабачыла свет кніга ўспамінаў пра Івана Навуменку «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні». Сцяпан Сцяпанавіч выступіў як складальнік, аўтар прадмовы і адзін з аўтараў успамінаў. Свой артыкул пра пісьменніка ён назваў «Па-добраму, па-зямляцку». Горад Васілевічы на Гомельшчыне — родны для абодвух. Іван Навуменка, пісьменнік з моцным аўтабіяграфічным пачаткам у творчасці, шмат разоў расказваў свайму чытачу пра родныя мясціны, называў іх Бацькавічамі. Такімі яны застаюцца і для Сцяпана Лаўшука, чый род на працягу стагоддзяў жывіць палеская зямля.

Сярод самых новых выданняў, падрыхтаваных даследчыкам, варта згадаць яшчэ два зборнікі ўспамінаў. Кніга «Жыццё не песціла мяне…» (2013) прысвечана Васілю Івашыну — акадэміку Акадэміі педагагічных навук СССР і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, па чыіх падручніках для сярэдняй школы вывучалі родную літаратуру некалькі пакаленняў беларусаў. Зборнік «Дарыў святло сваёй душы людзям і Айчыне» (2015) распавядае пра доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навук БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа Юльяна Пшыркова, які быў навуковым кіраўніком дыпломнай работы і кандыдацкай дысертацыі Сцяпана Лаўшука. Разам з успамінамі ў кнігах змешчаны іншыя цікавыя матэрыялы: здымкі, спісы асноўных навуковых публікацый, літаратура пра жыццё і творчасць, паэтычныя прысвячэнні і інш. З героямі зборнікаў укладальніка звязвала працяглае знаёмства, гады працы ў адной установе. Радкі асабістых успамінаў Сцяпана Лаўшука пра сваіх настаўнікаў і калег прасякнуты душэўным цяплом і ўдзячнасцю. Аўтар гатовы падзяліцца малавядомымі фактамі, расказаць пра падзеі з мінулага літаратурнага і навуковага жыцця, якія яшчэ і яшчэ раз пераглядае і ацэньвае па самых высокіх крытэрыях. Чытачам становіцца відавочным не толькі яго імкненне стварыць як мага больш поўныя, дакладныя вобразы вядомых людзей, але і клопат пра захаванне і працяг навуковых традыцый папярэднікаў.

Сталы таленавіты даследчык у пошуку адкрыццяў заўсёды ўлічвае вопыт папярэднікаў і стварае аснову для пошуку новых талентаў, дбае аб працягу сваёй навуковай справы. Падрыхтоўку кадраў С. С. Лаўшук лічыць адным з прыярытэтных напрамкаў. Кіраўніцтва кандыдацкімі дысертацыямі, работа намеснікам старшыні экспертнага савета № 7 ВАК Беларусі, членства ў савеце па абароне дысертацый пры Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, прыём іспытаў у дзяржаўных экзаменацыйных камісіях… Многім даследчыкам Сцяпан Сцяпанавіч даў пуцёўку ў навуковае жыццё.

Ды і сам іх настаўнік працягвае актыўна працаваць і сёння.

Інеса БАЎТРЭЛЬ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.