Вы тут

Сюжэт і наваколле


У Палацы мастацтва адкрылася выстаўка секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў «Іншы ракурс». У экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя палотны творцаў-манументалістаў. Усяго на выстаўцы — каля 120 работ.


Каміль Камал «Мішэль Настрадамус», 2012 г.

Выстаўка «Іншы ракурс» прадстаўляе станковы жывапіс сяброў секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Жывапісныя работы аўтараў вылучаюцца на фоне калег, якія працуюць толькі ў станковым жывапісе. Іх творы адрозніваюцца большай індывідуальнасцю, абагульненасцю колеравых плоскасцей і танальных суадносін, перавагай фармальнага падыходу ў пабудове кампазіцыі, прымяненні аўтарскіх тэхнік і актыўным уключэнні разнастайных матэрыялаў у жывапісную прастору палатна. Ідэя праекта належыць старшыні секцыі Васілю Зянько.

— Гэтая выстаўка, на мой погляд, вельмі цікавая з’ява ў мастацкім асяроддзі, — кажа мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая. — Такі праект ладзіцца раз на два гады. Гэта своеасаблівы зрэз таго, што робяць мастакі і як яны развіваюцца. Праект атрымаў назву «Іншы ракурс», таму што манументалісты — мастакі, якія мусяць валодаць шырокімі тэарэтычнымі ведамі. Ім трэба мець навыкі, якія дазволяць ствараць работы ў прасторы горада, інтэр’ера. А тут яны прадстаўлены ў абсалютна іншым амплуа.

Сапраўды, манументальнае мастацтва існуе пераважна ў фармаце горада, часта яго аб’ектамі з’яўляюцца фасады будынкаў, інтэр’еры, гарадское аблічча. Дзякуючы творчасці беларускіх мастакоў-манументалістаў, за паўстагоддзя было створана ўнікальнае эстэтычнае аблічча многіх гарадоў нашай краіны. Манументальнае мастацтва, перажыўшы ў 1990-я гады перыяд заняпаду, сёння зноў запатрабаванае і актуальнае. Грунтуючыся на традыцыях, закладзеных яшчэ Гаўрылам Вашчанкам, Аляксандрам Кішчанкам, Міхаілам Савіцкім, Уладзімірам Стэльмашонкам, манументальны жывапіс развіваецца, узбагачаецца новымі тэхнікамі на аснове сучасных матэрыялаў. Па-новаму прачытваюцца і адлюстроўваюцца традыцыйныя тэмы.

— Мастак-манументаліст заўсёды думае прасторай і творы супастаўляе з ёю, — тлумачыць Наталля Сяліцкая. — Аўтарам цікава, як сюжэт і наваколле будуць завязаны ў асяроддзі. Пазнаёміцца з творчасцю гэтых аўтараў можна толькі на вуліцах гарадоў, а тое, што яны робяць у майстэрні, можа ўбачыць не кожны. Для гэтага і стваралася выстаўка, каб паказаць, як манументаліст развівае мысленне праяўленнем сябе ў розных напрамках мастацтва.

Настасся Хобатава «Прыбліжэнне», 2018 г.

Разнастайнасць жанраў і сюжэтаў экспазіцыі ўражвае. Прыгажосць чалавечага цела паказвае серыя карцін Уладзіміра Кандрусевіча. Адзінства прыроды і чалавека адлюстроўваюць работы Васіля Зянько. Аматарам аўтапрама прыйдуцца па душы карціны Ільі Маланава. Доўга можна любавацца краявідамі Уладзіміра Зленкі, Сямёна Дамарада, Віктара Нямцова. Прымушаюць задумацца пра вечнае карціны Каміля Камала, Генадзя Козела, Андрэя Пяткевіча і многіх іншых аўтараў.

— Экспазіцыя атрымалася ўдалай. Улічваючы, што ў межах вялікай прасторы размешчана не такая і вялікая колькасць работ, то няма перанасычэння для публікі, — працягвае Наталля Сяліцкая. — Кожная работа ўдала праглядаецца з розных бакоў. Выстаўка мае вектарны падзел. Нават адчуваецца ў рамках кожнай аддзеленай прасторы эфект персанальнай міні-выстаўкі. Менавіта так экспануюцца карціны Генадзя Козела і Віктара Нямцова.

Цікава прасачыць агульныя рысы ў творчасці мастакоў. Так, напрыклад, Васіль Матусевіч — знакаміты вітражыст, хоць і піша фарбамі, але ўсё роўна стварае жывапісныя вітражы. А Стас Гурскі выкарыстоўвае не толькі акрылавыя або алейныя фарбы, але і тынкоўкі. Генадзь Козел выкарыстоўвае глыбокія тэарэтычныя веды ў напісанні карцін. Адчуваецца, што гэты чалавек працуе з прасторай і інтэр’ерамі.

Выстаўка «Іншы ракурс» кожны раз становіцца эксперыментам для арганізатараў: тут складана думаць толькі пра тое, як будзе фарміравацца экспазіцыя або хто ў ёй будзе ўдзельнічаць. Вельмі важна расказаць, што кожны мастак не проста жыве і працуе па натхненні, але і стараецца развівацца.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».