Вы тут

Выставачны праект у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў «Разам мы сіла!» прыехаў з Азербайджана


Выставачны праект у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў «Разам мы сіла!» прыехаў з Азербайджана. Паколькі ў Баку прайшлі I Еўрапейскія гульні, гэтая выстаўка была створана спецыяльна да спартыўных падзей Мінска — II Еўрапейскіх гульняў. 23 скульптары прынялі ў ёй удзел і стварылі ўнікальныя работы па 20 відах спартыўных дысцыплін.


Фрагмент экспазіцыі.

Мастацтва і спорт спрадвек звязаны. У Старажытным Рыме і Грэцыі спорт з’яўляўся неад’емнай часткай выхавання юнакоў. Адну з найважнейшых роляў для стварэння ў грамадстве спартыўнай атмасферы і здаровага ладу жыцця займалі рознага кшталту гульні — алімпійскія, істмійскія, піфійскія, панафінейскія і іншыя. Першапачаткова на гэтых гульнях атлеты спаборнічалі толькі ў кіданні дыска і бегу, але пазней колькасць дысцыплін павялічылася, з’явілася больш відаў бегу, барацьба, кіданне дзіды і ег на калясніцах.

Мастацтва старажытных грэкаў дэманстравала, якім, па іх уяўленні, мусіць быць кожны чалавек: фізічна добра складзеным, прыгожы целам, душой і гарманічна развітым. І такі вобраз атлета ў антычнай Грэцыі з’яўляўся распаўсюджаным у скульптуры. У вядомых творах старажытнагрэчаскага скульптара Паліклета «Дзіадумен» і «Дарыфор» быў створаны кананічны вобраз атлета, які пазней стаў узорам для пераймання. Паліклет у дадатак да скульптуры напісаў «Канон», у якім былі разлічаны ідэальныя прапорцыі чалавечага цела. Па яго сістэме скульптуры выходзілі трохі прысадзістымі, але выдатна развітымі фізічна і з прыгожымі рысамі твару.

Яшчэ адным вядомым старажытнагрэчаскім скульптарам быў Мірон. Ён праславіўся работай «Дыскабол», на якой намаляваны грэчаскі атлет у імгненне найвышэйшага напружання перад тым, як кінуць дыск. У такім статычным мастацтве, як скульптура, Мірон змог адлюстраваць у бронзе вельмі дынамічнае дзеянне.

За доўгі час ад першай Алімпіяды да II Еўрапейскіх гульняў разнавіднасці спартыўных дысцыплін змяніліся і з’явіліся новыя. Але скульптары працягваюць, як і ў Антычнасці, звяртацца да відаў спорту. Толькі цяпер мастакі ставяць перад сабой іншыя мэты: не стварэнне «кананічнасці» або анатамічна правільнага атлета, а больш глабальна пераасэнсаваць спартыўныя дысцыпліны. Часам гэта можа выяўляцца ў больш абстрактным разуменні, напрыклад, як у творы Цеймура Гарпыбава «Фехтаванне» або Заміка Рзаева «Лёгкая атлетыка», дзе па сілуэце і вуглаватых элементах ці, наадварот, плаўных можна вызначыць від спорту. Таксама трактоўка можа быць абсалютна рэалістычнай, як у работах Фархада Дадашзадзэ «Стральба з лука», Іслама Гасаналізадзэ «Настольны тэніс» і Саміра Качаева «Баскетбол». Мастакі, хоць і адышлі ад рэалізму і знайшлі новыя пластычныя стылістычныя рашэнні, але вобраз усё роўна выразна счытваецца.

У ХХІ стагоддзі скульптура не загнаная ў рамкі, мастакі вольныя інтэрпрэтаваць рознымі спосабамі рэчаіснасць, перадаваць яе з дапамогай розных матэрыялаў. Наведаўшы выстаўку ў НЦСМ, глядач не застанецца абыякавым да такой колькасці мастацкіх варыянтаў спартыўных дысцыплін. Бо аўтары стварылі не проста скульптуры, яны зразумелі дух выбранага віду спорту.

Алена ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: Пераасэнсаванне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».