Вы тут

Дзе «губляюцца» работнікі для АПК?


Кадравы голад у аграпрамысловым комплексе — даўно аксіёма. Ні ВНУ, ні каледжы не могуць задаволіць пастаянны попыт на маладых спецыялістаў. Але і тыя, хто прыйшоў працаваць па размеркаванні, не затрымліваюцца ў гаспадарках надоўга. У чым тут справа? Аказваецца, прабуксоўка пачынаецца ўжо на першым этапе падрыхтоўкі.


Сышлі з дыстанцыі

У адпаведнасці са статыстыкай, кадраў у сельскай гаспадарцы павінна хапаць. Толькі Гродзенскі аграрны ўніверсітэт штогод выпускае 400 маладых спецыялістаў, з якіх 300 бюджэтнікаў едуць працаваць па размеркаванні.

Але ці можа кузня кадраў задаволіць усе заяўкі? На гэта пытанне ў аддзеле кадраў аграрнага ўніверсітэта адказалі адназначна: не можа. Попыт значна перавышае прапанову. Напрыклад, заатэхнікаў у сельгаспрадпрыемствы накіравана толькі 48 чалавек, а заявак паступіла 203. На ветэрынарных урачоў яшчэ больш. На 60 маладых спецыялістаў прыходзіцца 223 заяўкі — у 3,5 раза больш за рэальныя магчымасці ВНУ. Прычым асноўная частка заявак паступае менавіта з Гродзенскай вобласці. Толькі ў Гродзенскі раён — самы развіты ў сферы АПК — штогод прыходзіць ад 50 да 70 чалавек. І гэта не выключна спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Напрыклад, механізатараў, якія вельмі патрэбны, рыхтуюць каледжы і ліцэі — штогод у кожную гаспадарку рэгіёна накіроўваецца па 3-4 і нават больш такіх спецыялістаў.

Але кадраў па-ранейшаму не хапае, аб чым сведчыць колькасць заявак. Да таго ж і маладых спецыялістаў магло быць больш.

Аказалася, што значная частка будучых аграномаў, заатэхнікаў і ветэрынарных урачоў сыходзяць з дыстанцыі задоўга да фінішу. Многія не вытрымліваюць нагрузкі, іншыя раптам разумеюць, што селі не ў свае сані, некаторых адлічваюць з-за дрэннай вучобы.

Выпускніца заатэхнічнага факультэта расказала, што на першым курсе яе група складалася з 50 чалавек, а да фінішу дайшлі толькі 27, амаль палова адсеялася. Падобная сітуацыя і на ветэрынарнай спецыяльнасці. А між тым гэта самыя запатрабаваныя кадры ў сельгаспрадпрыемствах. Такім чынам, кожны год сыходзіць з дыстанцыі кожны чацвёрты — усяго каля ста чалавек. І гэта першае слабае звяно ў падрыхтоўцы кадраў.

Хутчэй на «дэмбель»?

У чаканні заатэхнікаў і ветэрынараў...

Як паказвае практыка, гаспадаркі маюць найбольшую патрэбу ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй. Але ці ўсе яны потым застаюцца на тых месцах, дзе пачыналі свой працоўны шлях? Як сведчыць тая ж статыстыка, замацаванасць маладых спецыялістаў па вобласці складае толькі 50 %, крыху вышэйшы гэты паказчык па Гродзенскім раёне.

Удалося пагутарыць з выпускнікамі аграрнага ўніверсітэта, якія сёлета былі размеркаваны менавіта ў гаспадаркі моцнага Гродзенскага раёна. Абое яны вучыліся па мэтавым накіраванні і цяпер павінны пяць гадоў адпрацаваць. Ці мяркуюць застацца ў калгасе надалей? Пакуль пытанне застаецца адкрытым. І для гэтага, як аказалася, нямала прычын.

Для Віталіны Баран, якая сёлета прыйшла на работу ў СВК «Ніва-2003», калгаснае жыццё знаёма з дзяцінства. Тут працуюць і яе бацькі. Але рашэнне прыйшло не адразу — спачатку хацела паступаць на псіхолага, паралельна наведвала курсы ў аграрным універсітэце. Калі прыспеў час, аддала перавагу АПК — вырашыла паступаць на заатэхніка-селекцыянера. Кажа, што любіць жывёлу і не лічыць сваю работу занадта цяжкай. У любым выпадку, пяцігадовы тэрмін збіраецца адпрацаваць. А далей? Віталіна не хавае будучых планаў. І яны, па ўсёй бачнасці, не звязаны з сельскай гаспадаркай. Што не задавальняе? У нейкай ступені зарплата, але ў асноўным — гэта ўмовы працы. Не апошнюю ролю адыгрывае і стаўленне да маладых спецыялістаў.

Разам з тым Віталіна згаджаецца, што ў гаспадарцы многае робіцца для таго, каб замацаваць маладых. Нядаўняму выпускніку — аграхіміку — тут далі добрае жыллё. Самой Віталіне жыллё не патрэбна, яна жыве з бацькамі, але пры неабходнасці таксама можа атрымаць службовую кватэру — калі выйдзе замуж і застанецца тут працаваць. Але дзяўчына не ўпэўнена ў гэтым. Многія яе аднагрупнікі пасля адпрацоўкі хочуць на «дэмбель».

А вось для ветэрынарнага ўрача Сяргея Кацяка армейскае слоўца якраз дарэчы. Армія «свеціць» яму ўжо сёлета. І гэта, на яго думку, значная перашкода для маладога спецыяліста. Сяргей толькі нядаўна прыступіў да работы ў СВК «Путрышкі». Дарэчы, сустрэлі тут яго добра — разам з жонкай-студэнткай атрымаў трохпакаёвую кватэру.
І вопыт ужо паспеў напрацаваць, добра ведае свой статак. Але за год армейскай службы многае можна забыць, кажа Сяргей. І нават разглядае альтэрнатыўную сітуацыю — наогул пайсці ў армію кантрактнікам. Тады і адпрацоўка не патрэбна. А прэферэнцый таксама нямала...

Шкада, што лёс маладых спецыялістаў падпадае пад міжведамасныя «жорны» і даволі моцна б'е па кадравым патэнцыяле сельскай гаспадаркі.

Алё! Шукаем кадры!

Здаецца, што выраз «кадравы голад» устойліва замацаваўся за сельскай гаспадаркай. І тэндэнцыі да паляпшэння не назіраецца. Куды знікаюць маладыя кадры і як іх затрымаць? На гэту тэму гутарым са старшынёй СВК «Ніва-2003» Гродзенскага раёна Русланам Гаманчуком. На яго думку, адток студэнтаў падчас вучобы — гэта не страта, бо спецыялістаў з іх усё роўна не атрымалася б. І добра, што яны гэта зразумелі ў працэсе вучобы. Значна горш, калі такое рашэнне прымаюць спецыялісты з дыпломам. У гаспадарцы «Ніва-2003» зараз тры «мэтавікі» — ветэрынарны ўрач, аграном, інжынер па сельгасмашынах. Але двое з іх служаць у арміі, а значыць, іх трэба некаму замяняць. Ці ўсе яны вернуцца назад — таксама вялікае пытанне. Былі маладыя спецыялісты ў бухгалтэрыі, адпрацавалі два гады — і пайшлі. Прытым што адна з іх мясцовая дзяўчына, якая цяпер ездзіць на работу ў Гродна за 30 кіламетраў.

Як вырашыць праблему кадраў? Кіраўнік, здаецца, і сам у роспачы. Калі раней гэту праблему вырашалі з дапамогай жылля, цяпер і гэты стымул не асабліва трымае. У гаспадарцы, напрыклад, ёсць і трохпакаёвая кватэра, і дом сядзібнага тыпу, але няма каго туды пасяляць. Руслан Яўгенавіч нават спрабаваў перацягнуць да сябе спецыяліста з суседняга раёна. «І ведаеце, што ён мне адказаў? Кажа, ты будзеш шмат патрабаваць ад мяне. У вас там трэба напружана працаваць, а тут у мяне менш клопатаў. І гэта прытым што я прапаную ў два разы павялічыць зарплату!», — адзначае кіраўнік гаспадаркі. Такім чынам, матэрыяльны стымул перастае быць матывацыяй для маладога спецыяліста ў аграпрамысловым комплексе. Іх больш усяго палохае і не задавальняе работа «на знос», цяжкія ўмовы працы. Асабліва, калі нехта звальняецца. Тады яго абавязкі кладуцца на іншых спецыялістаў, у тым ліку і маладых.

— Мы гатовы даць мэтавае накіраванне і плаціць стыпендыю, але ахвотных мала, — рэзюмуе Руслан Гаманчук. — Такую прапанову, дарэчы, я агучыў выпускнікам нашай мясцовай школы. Але нават вясковыя дзеці не хочуць ісці ў сельскую гаспадарку. З 11 выпускнікоў толькі адзін узяў такое накіраванне і паступіў сёлета ў аграрны ўніверсітэт.

Між тым нельга сказаць, што ў аграрны ўніверсітэт няма конкурсу. Быў ён і сёлета падчас уступнай кампаніі. Праўда, невысокі — 1,4 чалавека на месца. Найбольш папулярныя спецыяльнасці інжынерна-тэхналагічнага факультэта — «тэхналогія хлебапякарнай, макароннай, кандытарскай вытворчасці», «тэхналогія мяса і мясных прадуктаў», эканамічны профіль. Але гэта спецыяльнасці, як бачым, у асноўным для перапрацоўчай галіны.

Аляксандр Шышко, старшыня СВК «Азёры» Гродзенскага раёна, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі:

— Моладзь не імкнецца ісці ў сельскую гаспадарку, бо гэта вельмі цяжкая праца. Здаўна так было. Дэфіцыт кадраў звязаны і з памяншэннем сельскага насельніцтва. Раней школы ў вёсцы былі запоўненыя, а цяпер многія ўжо закрытыя.

Са свайго боку, кіраўнікі гаспадарак ствараюць усе ўмовы для сваіх работнікаў, у першую чаргу, для маладых спецыялістаў. Але і гэта ўжо не працуе. Адзінае выйсце — павелічэнне прадукцыйнасці працы, высокатэхналагічная тэхніка, аўтаматызацыя вытворчых працэсаў. І гэта сусветная тэндэнцыя. Важны крок у гэтым кірунку зроблены. Пабудаваны новыя фермы, развіваецца жывёлагадоўля. Але ёсць значны рэзерв для мадэрнізацыі, і яго трэба актыўна прымяняць. Больш накіроўваць сродкаў на сельскую гаспадарку, якая была і застанецца галоўнай стратэгічнай галіной краіны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Прафесійная прабуксоўка

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.