Вы тут

Як замацаваць кадры?


Вядомае выказванне пра тое, што рыба шукае дзе глыбей, а чалавек дзе лепей, бадай, вельмі ў тэму, калі разважаць пра кадры. Гэтай праблеме ў Віцебскім аблвыканкаме аддаюць вялікую ўвагу. Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў уласна аўтар ідэй, якія павінны паспрыяць таму, каб маладыя спецыялісты заставаліся працаваць у глыбінцы. І яшчэ каб паўночны рэгіён стаў прывабным для пераезду на работу з іншых абласцей. Першачарговая ўвага — кадрам АПК.


Спачатку пра вёску. Аграрны сектар эканомікі вельмі важны для Віцебскай вобласці. У прыватнасці, прадукцыя сяла займае пятую частку з усяго, што адпраўляецца за мяжу. Прадукты з Прыдзвіння ахвотна купляюць у больш чым 30 краінах і амаль ва ўсіх рэгіёнах Расіі. Кожны дзясяты з усіх занятых у эканоміцы — а гэта каля 48 тысяч чалавек — працуе ў аграрным сектары.

Больш пільную ўвагу кадраваму пытанню, на думку губернатара, трэба было аддаваць раней, каб сітуацыя не стала крытычнай. Летась у заатэхнічнай службе не хапала каля 17 % спецыялістаў, у ветэрынарнай — каля 22 %.

Сёння кадравыя пытанні абмяркоўваюцца падчас самых розных мерапрыемстваў. У тым ліку падчас пасяджэнняў аблвыканкама, выездаў у гаспадаркі, наведвання навучальных устаноў і г. д. Між іншым, па ініцыятыве Мікалая Шарснёва ў школах фарміруюцца аграрныя класы. Павялічваецца і мэтавы набор сельскіх жыхароў у ВНУ сельскагаспадарчай спецыялізацыі. Прынцыповае патрабаванне старшыні аблвыканкама: падчас вытворчых практык (працягласць іх павялічылі) хлопцаў і дзяўчат адпраўляюць у найлепшыя гаспадаркі. Канешне, калі, напрыклад, на ферме будучы ветэрынар убачыць, мякка кажучы, не самыя камфортныя ўмовы для персаналу і кароў, то наўрад ці будзе марыць тут працаваць.

Яшчэ адзін важны нюанс датычыцца той жа ветэрынарнай спецыяльнасці. Каб зацікавіць выпускнікоў, па ініцыятыве старшыні аблвыканкама распрацавалі методыку падліку аплаты працы прадстаўнікоў некаторых сельскагаспадарчых прафесій. Напрыклад, пры стараннай працы на ферме спецыяліст можа зарабіць 1,5—2 тысячы рублёў, і гэта не мяжа. Такім чынам зусім не фантастычнымі становяцца высокія заробкі для найбольш запатрабаваных спецыялістаў. І з часам іх пералік будзе павялічвацца.

Ужо адчуваецца эфект ад новых падыходаў. Як канстатаваў губернатар, выпускнікі Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (дзе ён і сам, дарэчы, вучыўся) збіраюцца застацца пасля атрымання дыпломаў на поўначы Беларусі.

Рэзонныя патрабаванні аблвыканкама і да старшынь райвыканкамаў: у першую чаргу ў глыбінцы кіраўнікі павінны быць зацікаўленыя, каб моладзь пасля адпрацоўкі нікуды не з'язджала. Таму і заробкі, і жыллё, і годная інфраструктура — усё гэта павінна быць.

Ужо нямала зроблена, каб вырашаць праблему недахвату спецыялістаў з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Патрэбнасць Віцебшчыны ў такіх — 4,4 тысячы. У мінулым годзе на 5 % больш стала школьнікаў выпускных класаў, якія вырашылі навучыцца рабочым спецыяльнасцям. Таксама летась па ініцыятыве кіраўніцтва аблвыканкама адказныя асобы сумесна з прадстаўнікамі саюза наймальнікаў прааналізавалі сітуацыю з рабочымі кадрамі. Сярод іншага высветлілася, што прадпрыемствы ў рэдкіх выпадках заключаюць дагаворы на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў. І гэта пры тым, што амаль усім неабходны рабочыя рукі.

Разам з тым многія недзяржаўныя вытворцы рыхтуюць кадры на сваёй базе, улічваючы ўнікальнасць абсталявання і, адпаведна, прадукцыі, якая выпускаецца. (Напрыклад, на прадпрыемствах, дзе вырабляюць кабельную прадукцыю, пад'ёмнікі, пластмасавыя вырабы.)

Дарэчы, конкурс сярод тых, хто жадае працаваць на такіх прадпрыемствах, вышэйшы, чым пры паступленні на самыя цікавыя для моладзі спецыяльнасці ў ВНУ, таму што заробкі там на ўзроўні прафесарскіх і нават больш, ды яшчэ годныя заахвочванні з нагоды асабістых і дзяржаўных свят.

Калі рабочага цэняць, то і на прадпрыемстве ёсць каму працаваць. Тым больш што ў час інтэрнэту ўзнікае ўсё больш высокаінтэлектуальных вытворчасцяў. І там нават людзі з інжынернай адукацыяй не адразу ўнікаюць ва ўсе аперацыйныя нюансы. Не дзіўна, што ў Віцебску ўжо ёсць прадпрыемствы, дзе інжынеры з задавальненнем працуюць на рабочых месцах.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.