Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


«Аддай маё сэрца!»

Гадамі чытаў я звяздоўскія «праўдзівыя гісторыі» і ўсё чакаў, што нехта напіша маю (ці хоць трохі падобную), але ж потым зразумеў, што расказаць яе магу толькі сам.

У школе я вучыўся добра, у інстытут паступаў смела. На пяцёркі (найвышэйшы бал, ніякіх ЦТ тады не было) здаў тры экзамены. Пра чацвёрты сорамна ўспамінаць дагэтуль, бо выцягнуў, помню, білет, падрыхтаваўся, досыць бойка адказваў... «Добра, малады чалавек, — спыніў экзаменатар (дзве жанчыны побач з ім шапталіся пра нешта сваё). — А вось скажыце мне...»

Я не баяўся дадатковых пытанняў, але адказ на першае пачаў з фразы: «Я не ўпэўнены...», пасля чаго вочы ў экзаменатара неяк дзіўна загарэліся. Ён спытаў нешта яшчэ... І яшчэ. «Падзавёўся» і я, праўда, свае адказы пачынаў часам з той жа фразы...

Пачуўшы яе ці не ў трэці раз, экзаменатар сказаў, што чалавек, не ўпэўнены ў сваім веданні прадмета, павінен сядзець на печы, а не ехаць вучыцца, і «ўляпіў» мне... траяк.

Сказаць, што я пакрыўдзіўся, — значыць прамаўчаць! Я пажадаў выкладчыку (вядома ж, не ўголас), каб ён падавіўся сваёю пыхай ды «глыбокім веданнем прадмета» ды паехаў да дзядзькі. Ён у мяне працаваў прарабам на будоўлі, абяцаў, калі не паступлю, узяць вучнем да плітачніка. Буду, маўляў, зарабляць ды яшчэ і халтурыць (ну там некаму кватэру да ладу давесці ці катэдж...), стаяць у чарзе на жыллё, жыць у інтэрнаце і мазгі не парыць.

З апошнім я, вядома ж, не згадзіўся (і налета паступіў такі на завочнае), а тады і праўда быў... рады, што так атрымалася, бо па суботах у нашым інтэрнаце праводзілі дыскатэкі, на іх прыходзілі дзяўчаты, і сярод іх я бачыў толькі адну. Яна была незвычайная: фігурка — як статуэтка, нідзе нічога лішняга, валасы — ні доўгія ні кароткія, ні светлыя ні цёмныя, а галоўнае — на твары ў яе амаль заўсёды блукала цёплая ўсмешка, ад чаго здавалася, што яна рада і гэтай музыцы, і сяброўкам, з якімі прыйшла, і хлопцам, што болей стаяць ля сцен.

Я быў трохі не такі: я запрасіў дзяўчыну на танец і даведаўся, што завуць яе Наташай, што жыве тут непадалёк, што працуе ў магазіне. Я хацеў распытаць пра ўсё падрабязней, праводзіць яе дадому, прызначаць спатканні, вадзіць у кіно, абдымаць...

Усё, напэўна, так і атрымалася б, але мне зноў не хапала смеласці: я ўсё адкладваў на потым. І напэўна б не прагадаў, калі б...

У нашым інтэрнаце жыў хлопец з Грузіі, які на адной з дыскатэк пазнаёміўся з нашай дзяўчынай, закахаўся, паклікаў замуж, і яна згадзілася выйсці. З гэтай прычыны Гогі з сябрамі прывалаклі тры скрыні з шампанскім і вінаградам, сталі частаваць усіх...

Я па-ранейшаму бачыў толькі Наташу: вось ёй працягнулі шклянку, налілі трохі віна, яна ўсміхнулася і падзякавала, прыгубіла, закрыла вусны рукамі... Апусціла галаву, пайшла... прэч.

Па тым, як уздрыгвалі плечы, я зразумеў, што ў дзяўчыны (справа жыццёвая, як казаў Карлсан) пачалася банальная ікаўка. У нас у такіх вось выпадках смехам казалі: «Аддай маё сэрца!» — і рэзка ўздымалі руку, каб нібыта забраць. Гэта злёгку палохала і дапамагала...

Карацей, я рушыў услед за Наташай.

Бачыў, што яна прайшла ў канец цемнаватага калідора, спынілася пад адчыненай форткай. Я наблізіўся, хацеў сказаць, нават узняў руку... І не вытрымаў — прыгарнуў яе да грудзей і пацалаваў.

Дагэтуль помню смак яе вуснаў...

І гучную аплявуху...

А следам — стук абцасаў...

З хвіліну стаяў не раўнуючы як той слуп, а калі прыйшоў да памяці, дзяўчыны і след прастыў: не было яе ні на прыпынку аўтобуса, ні ў бліжэйшых дварах, ні на дыскатэцы... Я аббегаў усё.

Заставалася кропля надзеі на яе сябровак, аднак, пакуль я мітусіўся, усё шампанскае было выпіта, народ разышоўся.

Спадзяваўся, што зноў сыдзецца ў чарговую суботу, што Наташа ці хоць нехта з яе дзяўчат з'явіцца на танцах, але...

Недзе з паўгода я тупа хадзіў па навакольных дварах (яна ж казала, што жыве блізка!).

І ў крамах Наташ было шмат, але ўсе не мае.

Тую, сваю, я шукаў і не знаходзіў.

Ажаніўся, адвучыўся, выгадаваў сыноў. Але, бываючы ў Мінску, усё роўна гляджу па баках: раптам сустрэну, раптам пазнаю Наташу. Скажу тады...

Мне вельмі шмат ёй трэба сказаць. І — абавязкова — вось гэта: «Аддай маё сэрца!»

Андрэй В, Барысаўскі раён


Яшчэ раз пра каханне...

cosmofunnel.com

Гэту гісторыю мне расказаў адзін са сталых вяскоўцаў. Некалі ў маладосці ён працаваў у райцэнтры. Там жа сустракаўся з дзяўчынай. Яна была крыху старэйшая за яго, што кавалера зусім не бянтэжыла: ён любіў, можа, нават кахаў і хацеў пазнаёміцца з яе бацькамі.

...Пакуль збіраўся і дабіраўся да досыць далёкай вёскі, вядома ж, хваляваўся. Аднак там, на канцавым прыпынку аўтобуса, яго сустрэла каханая, узяла пад руку, павяла дахаты.

Удваіх яны зайшлі на падворак. Бацькі (будучы цесць і цешча, як думаў жаніх) сустракалі на ганку. Прывіталіся. Гаспадар адразу ж агарошыў пытаннем:

— У войску быў?

— Быў, — трохі збянтэжыўся хлопец.

— У якіх войсках?

— У будбаце, — ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву.

— Ну тады, калі ласка, у хату.

Жаніх зайшоў першы. Убачыў, што ўсё там як мае быць: на покуці, пад вышыванымі ручнікамі, абразы, на ложках — горы падушак, на падлозе — саматканыя дываны, а ўжо на стале... Адчувалася, што ў хаце жыве прыстойная сям'я, працавітыя людзі. Што ні кажы, а добра з такімі і за работай, і за сталом...

Выпілі за ім па першай, выпілі па другой, а размова неяк не клеіцца, бо гаспадар усё зводзіць яе да службы ў войску, а значыць, госцю трэба ўвесь час выбіраць, альбо хлусіць далей, альбо ўсё ж прызнавацца.

Гэта (і пакуль не позна) здалося яму лягчэйшым. Сказаў:

— Вінаваты я... Схлусіў вам. Не быў я ў салдатах: бацькі мае блат знайшлі, з некім дагаварыліся... Прабачце!

Аднак гаспадар нават не падумаў: ён скрывіўся, як журавін праглынуў, устаў з-за стала і строга прамовіў:

— Той, хто не служыў у войску, маёй дачцэ не пара, не жаніх! Так што, хлопча, вунь бог, а вунь парог. Бывай здаровы!

Пачуць нешта падобнае госць, ну вядома ж, не разлічваў: як з ланцуга сарваўшыся выскачыў з хаты, рвануў дадому, прычым не на аўтобусе (калі ён там будзе?), а пехатою...

У хуткім часе, як далажыла «разведка», тая дзяўчына выйшла замуж (людзі казалі — за былога дэсантніка).

Што кавалер? Ён таксама ажаніўся, праўда, праз гады, ужо старым халасцяком.

...Што цікава, адбывалася гэта гісторыя, як быццам, нядаўна: калі дзяўчаты яшчэ слухаліся сваіх бацькоў, а тыя за вялікі гонар лічылі службу хлопцаў у войску.

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж. Зачапіла, што называецца, першая фраза з не апошняй, дай бог, гісторыі пра сэрца: «Усё чакаў, што нехта напіша маю (ці хоць трохі падобную) гісторыю, але ж потым зразумеў, што расказаць яе магу толькі сам...»

Што праўда, тое праўда. А таму конкурс на найлепшую вясёлую ды праўдзівую працягваецца. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе. Адзінае: дасылаючы свае гісторыі, калі ласка, не забывайцеся паведамляць нумар тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Грамадства

Рос Морысан Макгіл: Грамадскасць не думае, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце шмат

Рос Морысан Макгіл: Грамадскасць не думае, што вы, дарагія настаўнікі, працуеце шмат

Як ЕdСаmр Bеlаrus натхняе педагогаў працаваць у сучасным фармаце.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?