Актыўныя атмасферныя франты шчодра палівалі Беларусь дажджамі ў аўторак і сераду. А месцамі ападкаў быў проста перабор. Па звестках спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, у Івацэвіцкім раёне за двое сутак выпаў 101 міліметр ападкаў. Гэта больш чым паўтары месячныя нормы!
Але сінаптычная абстаноўка нарэшце пайшла на паляпшэнне. У пятніцу і суботу ўплыў атмасферных франтоў захаваецца толькі ў Гомельскай вобласці. Ды і тое кароткачасовыя дажджы пройдуць месцамі. Раніцай у асобных раёнах згусціцца невялікі туман. Тэмпература паветра чакаецца камфортная — ад 10 да 15 цяпла ўначы і ад 18 да 24 — удзень. Прычым у суботу па Брэсцкай вобласці слупкі тэрмометраў падымуцца да 26 градусаў.
У нядзелю тэмпературны разброс павялічыцца. Калі ўначы будзе халадней — ад 7 да 14 са знакам «плюс», то ўдзень сонца прагрэе паветра да 20—26 цяпла. Брэсцкая вобласць адзначыцца зноў: там месцамі можа быць і плюс 28. А вось невялікія дожджыкі чакаюцца толькі ў асобных раёнах.
Па папярэдніх прагнозах, сапраўднае летняе цяпло вернецца ў панядзелак. Чакаецца ад 23 да 29 са знакам «плюс». Але ці надоўга?
Валяр'ян ШКЛЕННІК
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».