Вы тут

У Мінску адкрылася татальная экспазіцыя Алеся Родзіма


І яна фенаменальная.

Беларуска-нямецкі арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ўчора ў Ок16, апелюе да беларускага ўдзелу ў жыцці легендарнага берлінскага сквота Тахелес. Названы ў гонар аднайменнага палатна Алеся Родзіма — мастака, што правёў у Тахелесе дванаццаць гадоў аж да пераходу будынка да новага ўласніка, — фэст прадстаўляе татальную экспазіцыю самога Родзіма і запрашае да ўдзелу яго беларускіх і нямецкіх калег. Гэта адна з самых значных імпрэз нашай культурнай прасторы за апошні час.


Зачынены ў якасці арт-сквота ў 2012 годзе Тахелес быў легендай Берліна. Будынак у цэнтры яўрэйскага квартала з’яўляўся прыстанкам авангарду і нефармальнага мастацтва. Значную ролю ў яго жыцці адыгралі і беларусы: у пачатку 2000-х там прайшла першая беларуская мастацкая выстава, дзе сярод іншых удзельнічаў Алесь Родзін, якому прапанавалі там застацца. Мастак застаўся, заняў цэлы шосты паверх і разам са Зміцерам Юркевічам працягнуў арганізоўваць беларускія фестывалі.

Вядомыя «Дахі» дазволілі нашым аўтарам выстаўляцца ў Берліне і прадстаўляць сваю творчасць велізарнай публіцы, якой у Тахелесе заўсёды было даволі. У рэшце рэшт будынак Тахелеса павінен быў адысці аднаму з нямецкіх банкаў, у сувязі з чым і Алесь Родзін, і арт-сквот прагучалі на ўсю Еўропу: новы ўласнік вырашыў забраць Тахелес раней прызначанага тэрміну і з гэтай мэтай літаральна арыштаваў шосты паверх будынка. Мастак застаўся без сваіх палотнаў і толькі амаль праз год, калі высветлілася незаконнасць дзеянняў банка, змог іх вярнуць.

Так ці інакш, Тахелес усё роўна закрыўся, але застаўся як легенда, гарадскі дух і знак мастацтва. Фестываль «Міфалагема тысячагоддзя» вяртае мінулае і ўзнаўляе яго ўжо ў Мінску: у Ок16 зараз можна паглядзець татальную экспазіцыю Родзіма, у цэнтры якой — яго велізарная «Міфалагема» памерам 15 на 4 метра, што стваралася цягам пяці гадоў. То-бок, тое, дзеля чаго некалі хадзілі на шосты паверх арт-сквота ў Берліне, зараз выстаўляецца ў Мінску. Удзельнічаюць у экспазіцыі і калегі Родзіма па Тахелесе, і беларускія творцы, што мелі дачыненне да «Дахаў». На ўчарашняе адкрыццё таксама прыехаў колішні дырэктар Тахелеса Марцін Райтэр.

Таму чарговы «Дах», які пачынаўся ў Берліне і працягваўся ў Мінску, зараз базуецца ў Ок16. Фестываль «Міфалагема тысячагоддзя» працягнецца да 28 верасня, але нямецкія госці застануцца ў Мінску толькі на тры дні, за якія правядуць перформансы і творчыя сустрэчы. Мяркуем, тыя, хто завітае на выставу Родзіма, па традыцыі ўбачаць за працай і самога мастака — усё, як гэта было ў Тахелесе.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ


Выбар рэдакцыі

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.

Грамадства

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Збiраемся ў школу. У жнiўнi адна з галоўных задач мам i татаў — «экiпiроўка» дзяцей да 1 верасня

Першае i галоўнае правiла — яшчэ дома вызначыцеся з тым, што вам трэба.