Вы тут

Дзмітрый Набокаў: У мяне ёсць толькі вышыня


Што прыносяць спартсменам рэкорды, і як хутка яны змагаюцца з сур'ёзнымі траўмамі

Ураджэнец Бялыніч Дзмітрый Набокаў стаў сярэбраным прызёрам юніёрскага чэмпіянату свету ў 2015-м, праз два гады заваяваў званне чэмпіёна Еўропы сярод моладзі, а ў 2018-м пабіў рэкорд Беларусі, які трымаўся 25 гадоў і быў усталяваны яшчэ Андрэем Санковічам у 1993 годзе. Раней да адзнакі 2,34 у скачках у вышыню ніхто з беларусаў нават і не набліжаўся, а Дзмітрый Набокаў на рэспубліканскай Універсіядзе ў Брэсце скокнуў 2,36. Калі б такі вынік ён паказаў на чэмпіянаце свету ці Алімпійскіх гульнях, то дакладна трапіў бы на п'едэстал. Напрыклад, з вынікам 2,36 катарац Мутаз Эса Баршым быў другі на Алімпійскіх гульнях 2016 года, а ў 2018-м пераможца чэмпіянату Еўропы немец Матэуш Пжыбілка ў сваёй найлепшай спробе паказаў 2,35.

Аднак той скачок Дзімы застаўся ў мінулым, пасля гэтага малады спартсмен атрымаў сур'ёзную траўму і быў вымушаны спыніць выступленні. Цяпер пасля аперацыі і аднаўлення скакун вяртаецца да спаборніцтваў — сёння Дзмітрый уваходзіць у склад зборнай Еўропы на матчавую сустрэчу з ЗША. Пра тое, як праходзіла яго выздараўленне, колькі спартсмен скача на трэніроўках і чаму траціць за некалькі гадзін два кілаграмы, Дзмітрый расказаў чытачам «Звязды».


«Цяпер я скачу нават лепш, чым раней»

— Дзмітрый, як сябе адчуваеце, пасля аднаўлення прайшло зусім няшмат часу?

— Нармальна. Пасля самалёта ногі зацяклі, былі болевыя адчуванні ў вобласці шва, трошкі балюча скакаць, але нічога. Да матчавай сустрэчы Еўропа — ЗША правяду яшчэ тры старты: у Люксембургу, Мадрыдзе, выступлю на чэмпіянаце краіны ці паеду ў Берлін.

— З часам вы высветлілі прычыны сур'ёзнай траўмы штуршковай нагі. Гэта стомленасць ці няправільна складзены графік?

— Гэта не справа аднаго, двух месяцаў, да гэтага ўсё ішло некалькі гадоў. Нага пачала турбаваць, калі на ёй утварыўся вялікі нарост. Мабыць, ён дасягнуў нейкага крытычнага пункта і пачаў балець, ад гэтага я не мог скакаць. Нага, можа, і раней балела, але я не звяртаў на гэта ўвагу. У адзін дзень усё стала значна горш, з трэнерам паехалі ў Маскву, дзе сказалі, што нарост сам не пройдзе.

— Вам не адразу паставілі правільны дыягназ, гэта зацягнула час...

— Біць у званы мы пачалі ў ліпені, жніўні, усё гэта доўжылася да зімы, па МРТ былі нейкія паляпшэнні. Пачынаў скакаць з пяці крокаў, усё нармальна, а вось з поўнага разгону, сямі крокаў, скакаць было балюча. Я нават выйшаў выступаць на Калядныя старты ў Мінску, але ведаў, што шмат там не скокну, на гэтым зімовы сезон скончыўся, а 1 лютага мне зрабілі аперацыю. Першы раз пасля яе я выступіў толькі пару тыдняў таму на Кубку краіны.

— Што самае складанае было ў гэтым няпростым перыядзе?

— Псіхалагічна, вядома, ціснула, але я не магу сказаць, што думаў пра штосьці, тыпу, скончыць са спортам або перайсці ў іншы від. Ёсць мэты, якія я праследую, ні пра што іншае не думаю. У мяне ёсць піраміда, вяршыня — гэта спорт. Для мяне ёсць толькі вышыня і толькі спорт, а потым ужо ўсё астатняе. Я ведаў, што буду скакаць, не страчу нічога, так яно і атрымалася. Вядома, складана было аднаўляцца, атрымлівацца стала ўсё не адразу, трэба было папрацаваць, але працаваць шмат мне не прывыкаць. Да гэтага часу я не магу сказаць, што скачу без дыскамфорту, ён ёсць, часам нага нават баліць, але гэта павінна прайсці. Пасля аперацыі я стаў доўга расскоквацца, асабліва на трэніроўках. Спроб сем-восем раблю проста пачварна і толькі на адзінаццаты-дванаццаты раз магу нешта скочыць. Наогул здзіўлены, як я скачу на спаборніцтвах, на камандным чэмпіянаце Еўропы не сапсаваў ніводнай спробы. Але ў цэлым цяпер я скачу нават лепш, чым раней.

— Хто быў побач у гэты перыяд?

— Федэрацыя лёгкай атлетыкі не забывала ні на дзень, была аплачана аперацыя, дзякуй вялікі, у тым ліку асабіста Вадзіму Дзевятоўскаму, ён вельмі шмат робіць для нас. Трэнер Уладзімір Фамічоў увесь гэты час быў побач са мной, дамаўляўся з урачамі, ездзіў са мной у Маскву.

«Галоўнае — не абняславіцца, бо я гэта ўмею»

— Вы трапілі ў склад зборнай Еўропы на матчавую сустрэчу, што скажаце пра гэты турнір?

— Для краіны гэта добрая папулярызацыя лёгкай атлетыкі. Я спадзяюся, людзі прыйдуць на стадыён «Дынама», хоць у нас і не вельмі гэта папулярна. Здаецца, не ўсе ведаюць, хто такія Арзамасава, Талай, Герман або Недасекаў, гэта ж не футбол. У Берліне на чэмпіянат краіны прыйшло 60 тысяч гледачоў, вось там папулярызаваць ужо нічога не трэба. У нас на Еўрапейскіх гульнях балельшчыкі на трыбунах, вядома, былі, але, думаю, на матчавай сустрэчы карціна будзе яшчэ лепшая, у першую чаргу з-за імёнаў, якія туды прыязджаюць, усё ж такі гэта самыя моцныя людзі Еўропы. Ды і самі спаборніцтвы цікавыя. Цікавы будзе нават той факт, хто выйграе першы падобны турнір.

Для мяне асабіста пападанне ў зборную Еўропы — вельмі прыемны факт. Паскакаць дома, паспрабаваць паказаць класны вынік. Галоўнае — не абняславіцца, бо я гэта ўмею. Канкурэнцыя будзе высокая, людзей будзе шмат, прызавыя добрыя, стадыён выдатны. Будзем рыхтавацца.

— Пасля матчавай сустрэчы будзе яшчэ адзін важны старт — чэмпіянат свету, плануеце там выступаць?

— Адназначна! Ніколі не быў на чэмпіянатах свету. Так атрымалася, што я позна пачаў сезон, пакуль выступіў толькі на трох турнірах, таму гатовы скакаць кожны тыдзень.

— Ці задаволеныя сваімі вынікамі на гэтых трох стартах?

— Складана быць задаволеным скачком на 2,18, я ехаў перамагаць. Мне было ўсё роўна, колькі я скокну, галоўнае — выйграць, але не атрымалася. У тым, што я скокнуў няшмат, няма нічога страшнага, пакуль яшчэ ёсць нюансы. У надвор'е, якое было на камандным чэмпіянаце Еўропы ў Санэсе, складана паказваць высокі вынік. На спробе з вышынёй 2,21 у мяне трохі паехала нага, было балюча, пасля аперацыі псіхалагічна гэты факт цісне — раптам зноў што-небудзь здарыцца.

— Матчавая сустрэча ўваходзіла ў вашы планы пры падрыхтоўцы да чэмпіянату свету?

— Планаў асаблівых не было, таму што аперацыю мне зрабілі ў лютым, я не ведаў у прынцыпе, калі змагу скакаць і як доўга зацягнецца аднаўленне. Стан дазваляў, значыць, скакалі на трэніроўках. З'явілася магчымасць выступіць на Кубку краіны, вырашылі паспрабаваць, скокнуў там 2,28, далей у Мінску пераадолеў 2,30. На той рабоце, што мы робім, я магу скакаць і да лістапада, і да снежня. Нават нягледзячы на аперацыю і на тое, што было ўпушчана шмат часу, я стаў скакаць лепш, разумею, што ўжо гатовы скакаць вышэй, чым рабіў гэта год таму. Галоўнае — трапіць у добры стан і надвор'е.

«Адзін чалавек на від — гэта агідна»

— Доўгі час ваша імя ў першую чаргу было звязана з 25-гадовым рэкордам краіны, які вы пабілі. Як ставіцеся да гэтага цяпер?

— Абсалютна ніяк. Так, малайчына! Так, высока! Але трэба скокнуць яшчэ вышэй. Рэкорд краіны — гэта прыемны бонус, але на гэтым усё скончылася. У цябе 2,36, а ў Берлін на чэмпіянат свету ты едзеш гледачом. У цябе 2,36, а вялікі кантракт, умоўна кажучы, NІKЕ не дае, таму што гэты вынік быў паказаны ў нас у Брэсце на нейкім незразумелым старце ў нейкі незразумелы час. Я атрымаў за гэты рэкорд 700 рублёў, а скокнуў бы на Брыльянтавай лізе — атрымаў бы 10 тысяч долараў. Хоць добра скакаць трэба ўсюды. У нас жа не лягчэй скакаць, чым у Іспаніі ці Германіі. Сукупнасць фактараў склалася так, што добра скокнуў менавіта там, але я ведаю, што магу больш. Скачкі там і тут адрозніваюцца тваім фінансавым становішчам.

— Якую максімальную вышыню вы бралі?

— У гэтым сезоне 2,24. Калі на трэніроўцы я скачу за 2,20, то разумею, што знаходжуся ў добрай форме і на спаборніцтвах магу скокнуць за 2,30. Але на трэніроўках стаўлю планку максімум на 2,25, таму што не магу рабіць тое ж самае на трэніроўках і на спаборніцтвах.

— Ёсць канкрэтная лічба, якую вы хацелі б скарыць?

— Нельга загадваць. Вядома, першае, што прыходзіць на розум, — 2,37: хочацца пабіць асабісты рэкорд. Перадумовы да гэтага бачныя, але не зразумела, як павядуць сябе ногі, якое будзе надвор'е. Усё павінна скласціся. Каб вага была добрая, не менш і не больш. Бывае, мне яе не хапае.

— Вага спартсмена мае вялікае значэнне ў скачках у вышыню?

— За ўсіх казаць не буду, але асабіста для мяне так. Я сачу за гэтым аспектам. Калі што, пачынаю абмяжоўваць сябе ў харчаванні, салодкае не ем, цукар таксама. Ідэальная скачковая вага для мяне 68 кг, 69,5 кг пры росце 187 см. Пасля каманднага чэмпіянату Еўропы ўстаў на шалі — 66,6 кг. Гэта ўжо мала. Падчас спаборніцтваў адчуваў сябе дрэнна, на вуліцы холадна, а мне горача, скура гарыць. Прыходжу дадому, думаю, у чым справа? Сто працэнтаў скінуў вагу. Выходзіў на спаборніцтвы — важыў 68,6 кг, прыйшоў — 66,6 кг. За некалькі гадзін схуднеў на два кілаграмы. Хвалююся, скачу, калорыі спальваюцца. Адчуваў, што не хапае грамаў 700 дакладна, ад гэтага хутка сканчаюцца сілы.

— Калі казаць у цэлым аб канкурэнцыі ў вашым відзе спорту, яна вялікая?

— Хапае дарослых спартсменаў, падцягваюцца і маладыя, людзей у нас шмат, можна скокнуць 2,38 і стаць пятым. Ёсць чалавек, трэніруецца ў Яўгена Пятровіча Загарулькі, Міша Акімаў, выступаць яго не дапускаюць, але хлопец адзін з наймацнейшых у свеце. Выйграў чэмпіянат Расіі, блізкі да меткі 2,36. Ёсць Ілья Іванюк, які скача 2,33 і праводзіць гэты сезон досыць роўна. Наш Максім Недасекаў, які, я лічу, на матчавай сустрэчы без праблем можа пабіць свой асабісты рэкорд. Малады хлопец з Італіі цяпер скокнуў 2,33 у сябе на чэмпіянаце краіны. Аднаўляецца Мутаз Эса Баршым.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.