Вы тут

Маладыя творцы дэманструюць свой патэнцыял на першым трыенале


Адмыслова і толькі для іх: дзяржава ўзяла на сябе клопат пра маладое айчыннае мастацтва. Нарэшце, бо зрабіць гэта трэба было даўно, а то калі чагосьці няма, ініцыятыву перахопліваюць неабыякавыя. Што і адбылося, калі «Белгазпрамбанк» заснаваў «Восеньскі салон» і запрасіў да ўдзелу творцаў да сарака гадоў. Рэзананс атрымаўся вялікі, значыць, запатрабаванасць ёсць. Відавочна, творчыя спаборніцтвы актывізуюць не толькі саміх удзельнікаў, але і гледача. Чым жа прынцыпова адрозніваецца трыенале, падтрыманае Міністэрствам культуры?


Па-першае, тут свая версія ўзросту маладосці — да 31 года. Да таго ж удзельнікі падзелены на тых, хто пакуль вучыцца, і маладых прафесіяналаў. Па-другое, у аглядзе творчых сіл задзейнічаны прадстаўнікі вядучых навучальных устаноў рэспублікі, і не толькі сталічных, што, безумоўна, важна, бо дае стымул развівацца незалежна ад месца жыхарства. Па-трэцяе, такі агляд плануецца праводзіць раз на тры гады. Таксама слушна: падрастуць новыя творцы, а развіццё ўпадабаных мінулым разам мастакоў будзе больш відавочнае.

Чацвёртае: узнагароды будуць уручацца ў дзевяці намінацыях, восем з якіх — «творчыя»: «Жывапіс», «Скульптура», «Графіка», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Навацыя» (арт-праект, інсталяцыя), «Мастацтвазнаўства і мастацкая крытыка», «Куратарскі праект у сферы выяўленчага мастацтва» (ужо ёсць разуменне, што гэта асобны від творчасці). Дзявятая — прыз глядацкіх сімпатый, як жа без яго: на ўваходзе выдаюць анкеты для галасавання, а які глядач не ацэніць прапанову асабіста паўплываць на развіццё айчыннага мастацтва?

Пераможцаў у творчых намінацыях вызначыць журы ў складзе трынаццаці спецыялістаў на чале з кандыдатам мастацтвазнаўства Ірынай Скварцовай. Вось яшчэ адно адрозненне ад «Восеньскага салона»: трыенале ацэньваюць айчынныя прафесіяналы — выкладчыкі навучальных устаноў, а таксама крытыкі і журналісты, якія пішуць пра мастацтва (і, адпаведна, яго асэнсоўваюць). Праца ў журы адказная, бо лаўрэатам, акрамя дыпломаў, прызначаюцца грашовыя прэміі ў памеры шасцідзесяці базавых велічынь.

Удзельнікі першага трыенале вызначаны адборачнай камісіяй: з двухсот заявак на выстаўку трапіла сто сорак работ. «Творчая моладзь актыўна адгукнулася на ініцыятыву. Выстаўка дэманструе высокі ўзровень дасягненняў нашых мастацкіх школ», — адзначыла прадстаўнік Міністэрства культуры Ірына ДРЫГА.

І вось тут, каб упэўніцца ў справядлівасці вітальных словаў, што гучалі падчас адкрыцця, рашуча пераходзіш да прагляду. Амаль два паверхі Палаца мастацтва. Некаторыя творы (ці рэплікі альбо творы з серый) ужо даводзілася бачыць на іншых выстаўках, некаторыя імёны аўтараў ужо вядомыя якраз дзякуючы «Восеньскім салонам» ці іншым імпрэзам — выдатна, што моладзь скарыстоўвае ўсе магчымасці сябе паказаць. Але цікава не столькі глядзець на імёны, колькі чытаць думкі: што хвалюе нашу моладзь і чым яна жыве?

Ад моладзі заўсёды чакаеш нейкага выбуху. Страсення. Стракатасці думак і небанальнага бачання.

А яшчэ пробы самых розных тэхнік, нават аўтарскага вынаходніцтва. Каб знайсці гэта на трыенале, давядзецца пахадзіць і вельмі пільна папрыглядацца. Выстаўка маладых беларускіх творцаў дэманструе рысы і дамінанты айчыннай мастацкай школы, якая робіць стаўку на галоўнае: уменне маляваць. Мастак жа і павінен гэта рабіць, ці не так? — задасць пытанне глядач, які сочыць за выстаўкамі. Ён мае ўсе шанцы парадавацца: моладзь трымае марку, яна добра вучыцца ў тых, хто добра вучыць, і забяспечвае працяг галоўных тэндэнцый беларускага мастацтва, з якіх варта вылучыць некаторыя найбольш відавочныя.

Гістарызм. Зварот да тэмы гістарычнай памяці, да вех і асоб мінуўшчыны. Тая лінія, што акрэслілася ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя, трымаецца як актуальная і сёння. Магчыма, таму, што моладзь сапраўды засвойвае ўрокі гісторыі і тых настаўнікаў, для якіх істотны патрыятычны кірунак, калі ідэя і думка перавагаюць прагу фармальных пошукаў. Праўда, адно другому не перашкаджае. Дастаткова паглядзець на «Караля» Ганны Плотнікавай, якая стварыла партрэт з каменю, латуні і жалеза. Але і ў традыцыйным жывапісе гістарызм дапамагае ствараць адмысловую аўру, як гэта адбылося ў работах Алесі Скарабагатай, зоркі «Восеньскіх салонаў», якая цудоўна валодае тэхнікай дакладнай прамалёўкі і перадачы рэчаіснасці.

Зрэшты, не толькі яна. Такіх работ, дзе выяўленчае мастацтва даказвае, што можа спрачацца з фатаграфіяй, на гэтай выстаўцы шмат. І гэта яшчэ адна істотная тэндэнцыя ў маладым беларускім мастацтве — традыцыяналізм.

Як тэматычны (мы натхняемся наваколлем, людзьмі, кветкамі), так і традыцыяналізм паводле мастацкіх стыляў. У нас традыцыйна моцная графіка — і мы яе бачым. У нас традыцыйна цікавае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — і яно ёсць. У нас традыцыйна моцны малюнак — і наша моладзь не цураецца рэалізму, захапляецца стылямі, што нарадзіліся ў ХХ стагоддзі, і стварае, каб было прыгожа. Часам нават здаецца, яна падкрэслена раўняецца на папярэднікаў, імкнецца рабіць правільна.

Магчыма, гэта яшчэ адна якасць нашага маладога мастацтва — павага да настаўнікаў і таго найлепшага, што ёсць у айчыннай школе. Ці гэта проста творчая сціпласць (каб не выпячваць сябе і свой погляд)? Але мастацтва развівалася тады, калі знаходзіліся творцы, якія імкнуліся рабіць не так, як рабілі папярэднікі, і стваралі сваю рэчаіснасць. Некаторыя сталыя аўтары выдатна гэта дэманструюць і даказваюць, што творчая маладосць — гэта калі ты можаш здзіўляць, уражваць, нават шакаваць.

Магчыма, да таго, каб эксперыментаваць з рознымі стылямі і матэрыяламі і выпрацаваць аўтарскую тэхніку, трэба саспець. Хоць калі прыгледзецца, тут ёсць на што звярнуць увагу: творы Кірыла Дзямура створаны ў кірунку алгарытмічнага мастацтва, твор у аўтарскай тэхніцы прапанавала Дар'я Кудраўцава, шэраг твораў выкананы ў змяшаных тэхніках. Між тым канцэптуальныя праекты і інсталяцыі пакуль прывіваюцца не вельмі актыўна.

Пабачанае ўсё разам прымушае разважаць. Не столькі над жыццём (якое мастацтва павінна асэнсоўваць), колькі над жыццём у мастацтве, якое маладыя людзі цяпер выбіраюць. Быць ім кроплямі ў агульнай плыні альбо нараджаць ураганы ўласным непадабенствам, непрычасанасцю, выбуховасцю? Тры гады пачакаем...

А пакуль: мастацкая выстаўка па выніках конкурсу «Трыенале маладых мастакоў» будзе экспанавацца да 25 жніўня. З улікам таго, што падобны агляд мае на мэце стварыць панараму, мала. Арыентаваліся, відаць, на асноўных гледачоў маладых твораў — такіх жа маладых людзей, у тым ліку студэнцкую моладзь, якія цяпер на канікулах.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры, Нацыянальны гістарычны музей, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў і Беларускі саюз мастакоў. За ініцыятыву дзякуй, але наконт рэалізацыі да другога разу ёсць над чым папрацаваць — і над тэрмінамі, і над фарматамі. Каб экспазіцыя маладых была насамрэч «маладой».

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: «30-мінус»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.