Вы тут

Выйшла навуковая праца аб жыцці ранніх славян на тэрыторыі Падзвіння


Сёлета з пачатку года ў Інстытуце гісторыі НАН выйшлі дзве грунтоўныя працы. Адна з іх — «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», першая палова якой прысвечана раскрыццю вытокаў і асаблівасцяў развіцця беларускай дзяржаўнасці ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. Прадстаўленыя звесткі абапіраюцца на археалагічны матэрыял, дзякуючы якому можна па-новаму паглядзець на тое, як жылі нашыя продкі. Другая праца мае назву «Славяне на тэрыторыі Беларусі ў дагістарычны перыяд». Гэта другое выданне, першае ўбачыла свет тры гады таму. У працы прадстаўлены новыя помнікі археалогіі, звязаныя з перыядам жыцця ранніх славян на тэрыторыі Падзвіння з ІV стагоддзя, апавядаецца пра славянскія паселішчы канца ІV—V стагоддзя і VІ — пачатку VІІ стагоддзя. Асаблівая ўвага аддаецца археалагічнаму помніку таго часу, які знаходзіцца побач з вёскай Кардон Шумілінскага раёна.


Каштоўныя артэфакты па ўсёй тэрыторыі краіны навукоўцы знаходзяць штогод, перыядычна імі выяўляюцца і новыя факты пра мінулае. Пра гэта нагадала загадчыца цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Вольга ЛЯЎКО. Яна адзначыла, што цяпер адбываецца гістарычная рэвалюцыя. Напрыклад, доўгі час лічылася, што славяне пачалі актыўна засяляць тэрыторыю Беларусі ў ІХ стагоддзі і асноўную частку пасяленцаў складалі балты.

— Сёння мы з упэўненасцю можам гаварыць, што гэта не так. Пачынаючы з ІV—V стагоддзяў славяне фарміравалі сваю абшчыну, а ў эпоху вялікага перасялення народаў, якое адбылося ў ІV—VІІ стагоддзях, вызначылася аснова ўсходняга славянства. Незвычайным артэфактам гэтага года можна назваць шлем з тысячагадовай гісторыяй (канец Х стагоддзя), знойдзены пад Бабруйскам. Належаў ён, хутчэй за ўсё, полацкаму князю Ізяславу.

Навуковец адзначыла, што часта ад археалагічных раскопак чакаюць сенсацыі, але не ўсё тое, што з'яўляецца «адкрыццём года», знаходзіць свой працяг у гісторыі.

— Археалогія — гэта жывая рэч, якая назапашвае ў сабе не толькі значныя для гісторыі рэчы, бываюць знаходкі, якія не ўяўляюць ніякай каштоўнасці для нас, але каб праверыць гэта, патрабуецца шмат часу. Прывяду прыклад. Некалі да нас у інстытут прывезлі нешта падобнае на старажытнага ідала. Мы яго вывучалі на працягу года, пакуль рыхтаваліся вынікі даследаванняў з Беларусі, Польшчы, Расіі і Германіі. Аказалася, што гэта аб'ект 1996 года, а значыць, не ўяўляе цікавасці для навукоўцаў.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Вадзім ЛАКІЗА абазначыў асноўныя кірункі для работы беларускіх археолагаў на найбліжэйшы час:

— Выдача дазволаў на права правядзення археалагічных даследаванняў — важны момант для развіцця айчыннай археалогіі. На цяперашні момант Інстытуту гісторыі НАН выдадзена 154 дазволы на ўсю тэрыторыю Беларусі, на імя даследчыкаў Інстытута гісторыі і ВНУ нашай краіны — 54. Гэта вялікая колькасць, таму што летась іх было 174. Актыўна развіваецца падводная археалогія, пра гэта сведчаць абарончыя збудаванні, знойдзеныя каля Жаберскага замка ў Драгічынскім раёне. Каля 70-75 працэнтаў дазволаў ідзе на выратавальную археалогію, а новым кірункам сталі раскопкі на месцах ваенных падзей. З найбліжэйшых экспедыцый на Бярэзіну, яна адбудзецца ў верасні — пачатку кастрычніка і будзе праводзіцца беларускімі, французскімі і бельгійскімі археолагамі.

Супрацоўнік НАН расказаў, што сёлета ўжо былі праведзены дзясяткі розных экспедыцый. Зараз, напрыклад, адбываецца маштабнае даследаванне ў гарадзішчы Копын Любанскага раёна, дзе быў знойдзены ўнікальны артэфакт — сякера першай паловы першага тысячагоддзя. Такая знаходка чацвёртая на тэрыторыі Беларусі.

— Падобныя гістарычныя аб'екты заўсёды знаходзяць сваё месца ў якасці матэрыялаў для навукоўцаў. Мы даследуем археалагічныя помнікі, пачынаючы з эпохі палеаліту. Не так даўно праводзіліся работы ў Навасёлках Веткаўскага раёна, дзе былі знойдзены цікавыя для гісторыі артэфакты. Перыядычна працуем у Белавежскай пушчы. Грунтавыя могільнікі Х-ХІ стагоддзяў, баявыя бранзалеты, жалезныя сякеры былі знойдзены ў Ашмянскім раёне, — расказвае навуковец.

Тое, што лета — самая спрыяльная пара для археалагічных раскопак, адзначыў загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі Станіслаў ЮРЭЦКІ:

— Таму мы актыўна супрацоўнічаем з летнімі лагерамі, школьнікамі і студэнтамі, а таксама валанцёрамі. Прыемна, што пасля многіх экспедыцый некаторыя з іх хочуць звязаць сваю будучыню з археалогіяй. Іншым часам для вялікіх выездаў не хапае рабочых рук, таму заўсёды рады дапамозе ахвотных.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Археалогія — навука старажытных артэфактаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.