Вы тут

Па якіх коштах прымаюць нарыхтоўшчыкі сельгаспрадукцыю?


«Звязда» адправілася на Лунінеччыну, каб высветліць, што і за якія грошы здаюць мясцовыя жыхары нарыхтоўшчыкам, а ў выніку сутыкнулася з цікавай праявай вясковай культуры.


— Чуеце, віном пахне? — кажуць мне, запрашаючы ў змрок і прахалоду складскіх памяшканняў.

На гадзінніку — 7:45, працоўны дзень яшчэ не пачаўся. У паветры сапраўды лунае хмельны водар, але, як толькі вочы прызвычайваюцца да цемры, бачу не скрыні са звонкімі бутэлькамі, а вялізныя кантэйнеры з яблыкамі. Гэта сёлетні апад, які прымаюць у нарыхтоўча-прамысловым камбінаце «Палессе» па 12 капеек за кіло. Ужо заўтра зялёнае дабро адправіцца на вінаробчыя заводы Брэстчыны.

Першых здатчыкаў доўга чакаць не прыходзіцца. Яблыкі вязуць на веласіпедах, аўтамабілях і нават нясуць у пакеціках (першы заробак у многіх школьнікаў на канікулах выглядае менавіта так). Цікавасць выклікаюць мужчына з матуляй пенсійнага ўзросту. Яны прывезлі ў багажніку легкавушкі два мяхі яблыкаў, атрымалі за іх 7 рублёў. І тут жа ўзялі камбікорму на 40. Абмен, мякка кажучы, не самы выгадны. Але як не ўзяць, калі проста перад шалямі стаіць дзясятак варыяцый кармоў для свойскай жывёлы — парсючкоў, курэй і трусоў. На любы густ, што называецца.

Следам за маці і сынам у дзвярах пункта прыёму з'явіўся сухенькі дзядуля ў кепцы. На старэнькім «Аисте» ён прыцягнуў мех і вядро, шчыльна набітыя чырвонай рабінай. Ягада лёгкая — усяго 29 кілаграмаў. Аплата — 11 рублёў.

— Не так ужо і мала, ўлічваючы, што кіроўца ў раёне за дзень зарабляе 13. Але ж то трэба з 8 да 17 у душнай кабіне круціцца, а тут раз-два — і гатова! — разважаюць мужыкі, якія стаяць у чарзе за дзедам.

Больш сур'ёзныя грошы можна зарабіць на здачы металалому. Моладзь, дарослыя, пенсіянеры вязуць яго на задні дворык пункта прыёму прычэпамі. Калі зірнуць у рабочы сшытак прыёмшчыцы Кацярыны Гусціновіч, то бачна, што толькі за некалькі ранішніх гадзін лунінчане паспелі здаць і звычайны чорны лом, і алюміній, і медзь.

Ме­та­ла­лом пра­хо­дзіць  мі­ні­маль­ную сар­ці­роў­ку  і ад­ра­зу ад­праў­ля­ец­ца  ў кан­тэй­не­ры на чы­гун­ку,  якая зна­хо­дзіц­ца  праз да­ро­гу  ад пунк­та пры­ёму.

— Метал прымаем толькі па пашпарце, усякае можа быць. Ёсць нядобрасумленныя таварышы, якія прыносяць скрадзеныя рэчы. Тады з імі ўжо міліцыя разбіраецца. Аднойчы крыжы з могілак былі, а сёння — некалькі дзясяткаў адстраляных гільзаў. Такое мы не маем права браць, канешне, — расказвае Каця. — Але ў цэлым, калі кожны пакапаецца на ўласным двары, у гаражы, на дачы, то сапраўды можна сабраць цэлы прычэп. Ёсць у некаторых спартыўны інтарэс да пошукаў непатрэбнага лому, які валяецца паўсюль. Двое вясковых мужчын сярэдняга ўзросту рэгулярна яго прывозяць: у іх мэта — назбіраць на аўтамабіль. Не тое каб патрэба вялікая, проста цікава.

Дарэчы, каб здаць тыя ж яблыкі, не абавязкова ехаць у нарыхтоўчы пункт. Прадукты і другасную сыравіну прымаюць усе крамы райспажыўтаварыства. Толькі нясі! Калі гаворка ідзе пра вялікія аб'емы, можна бясплатна выклікаць машыну з камбіната. Напрыклад, школы, якія традыцыйна займаюцца зборам пластыку і макулатуры, у канцы навучальнага года так і робяць. Таксама магчымасцю карыстаюцца тыя, у каго дома шмат металалому.

Дзе купляць беларускае?

— Наш камбінат — не проста «купі-прадай». Паколькі ён нарыхтоўча-прамысловы, дзейнасць у яго развіваецца па некалькіх кірунках. Па-першае, гэта, канешне, нарыхтоўкі — ад насельніцтва і гаспадарак, як сельгаспрадукцыі, так і другаснай сыравіны. Па-другое, мы займаемся вытворчасцю: што купілі, тое і перарабляем. Таму структура камбіната, апрача пунктаў прыёму, складоў і халадзільнікаў, уключае хлебныя, каўбасны і швейны цэхі. Маецца свая бойня, — расказвае дырэктар прадпрыемства Іван Соц.

Асаблівую ўвагу аддаюць перапрацоўцы другаснай сыравіны. У раёне толькі два прадпрыемствы, якія займаюцца яе прыёмам, — НПК «Палессе» і жыллёва-камунальная гаспадарка.

— Нашы партнёры — напрыклад, кампанія «Белавежскія віны» — зацікаўленыя ў тым, каб да іх вярталі цэлыя шкляныя бутэлькі, і гатовыя за гэта плаціць значна больш, чым каштуе шклабой, — зазначае Іван Іванавіч. — Ды і мы самі можам ганарыцца тым, што з'яўляемся поўнасцю безадходнай прамысловасцю. У нас на перапрацоўку ідуць нават косткі жывел (з іх робяць муку).

Па словах кіраўніка, вёска ўжо зусім не тая, што 70-50 гадоў таму. Калі не браць у разлік ягада (Лунінеччына, як вядома, — клубнічная сталіца Беларусі), то народ не асабліва імкнецца зарабіць грошай на лішках сельгаспрадукцыі.

— Ды і ці ёсць тыя лішкі? Гароды зусім не такія, як калісьці былі. З другога боку, набываць памідоры і гуркі ў крамах у сезон нашы людзі яшчэ не прызвычаіліся. Нават у кожнага гараджаніна ёсць невялічкі ўчастак, дзе расце ўсё неабходнае для летняй салаты і кансервацыі на зіму. Але не больш, — разважае Іван Іванавіч. — Прайшлі і тыя часы, калі на ўласных падвор'ях гадавалі свіней. За паўгода ў найлепшым выпадку нам могуць здаць усяго 5-6 кабанчыкаў з раёна. Справа нават не ў тым, што камерсанты перабілі цэны. Відавочны факт: вясковы люд перастаў трымаць скаціну. Нават калі ў каго і засталіся свінні ці карова, то выключна для асабістых патрэб. Таму нарыхтоўшчыкам цяпер давялося пераключыцца на больш цеснае супрацоўніцтва з фермамі. У прыватнасці, мы трымаем сувязь са свінакомплексамі на Піншчыне і Пружаншчыне.

Сёння склады камбіната толькі рыхтуюцца да будучага ўраджаю і пакуль амаль пустыя. Акрамя яблыкаў, якія пойдуць на перапрацоўку, тут 2,5 тоны салёных гуркоў, крыху свежай капусты і морквы. У сетках заўважаю бульбу: вялікая, цвёрдая, жоўтая. Пра такую кажуць «адна ў адну». Прызнацца, падобны тавар мне ў сталічных крамах амаль не трапляецца. Там «беларускі скарб» звычайна маленькі, белы і ў выніку нясмачны. Часта ўвогуле нават не беларускі, а егіпецкі ці расійскі. Узнікае пытанне: куды ідзе айчынны якасны прадукт?

Пры­ём­шчы­ца Ка­ця­ры­на Гус­ці­но­віч  увесь дзень на на­гах.  Уз­важ, да­па­ма­жы пе­ра­нес­ці та­вар,  вы­дай гро­шы —  і так амаль без пе­ра­пын­ку.

— Што датычыцца менавіта бульбы, то камбінат пастаўляе яе і гародніну ў бальніцу і дзіцячыя садкі. Мы выйгралі гэтае права праз тэндар. Яшчэ адна важная задача нарыхтоўшчыкаў Лунінеччыны — стабілізацыйны фонд раёна. Фактычна яны адказваюць за тое, каб у кожнай краме райспажыўтаварыства да вясны была свежая бульба і гародніна. І не чужая па вялізных коштах, а свая. Ёсць план: нарыхтаваць да 1 лістапада 80 тон капусты, 40 — цыбулі, 20 — буракоў, 10 — морквы і 100 — бульбы. Каб з сярэдзіны восені і да наступнага лета магазінныя прылаўкі не пуставалі. Як паказвае практыка, нават у вяскоўцаў можа раптоўна скончыцца цыбуля ці капуста, а вітамінаў хочацца, асабліва вясной, — дзеліцца Іван Іванавіч. — Працуем з айчыннымі кампаніямі — «Белавежскія віны», Пінскі вінаробны завод, Маларыцкі кансервава-гароднінасушыльны камбінат, Гарынскі агракамбінат, Маладзечанскі харчовы камбінат. Нарыхтоўвалі для іх ягады — клубніцы і вішні. Цяпер пайшла чырвоная рабіна, якая больш запатрабаваная ў Польшчы, таму яе адправім на экспарт.

Прабіцца ў сеткавыя крамы, якія цяпер распаўсюджаны па краіне, няпроста. У іх свае пастаўшчыкі і, як у любога бізнесу, мэта — максімальна выгадныя па грашах дамовы. Якасць і смак — рэч другасная.

Хто задае трэнды?

Пасля дня, праведзенага з лунінецкімі нарыхтоўшчыкамі, напрошваецца выснова: сёння камбінаты для беларусаў у рэгіёнах — гэта хутчэй не спосаб зарабіць грошай. Не будзем браць у разлік тых, каму не хапае на «апахмяліцца з ранку» (такія сапраўды ёсць паўсюль, але іх няшмат). Склалася ўражанне, што сельгаспрадукцыю нясуць здаваць па добрай старой звычцы: «Абы не прапала!» Дбайны гаспадар ніколі не пакіне ў садзе ці на гародзе загніваць ураджай, нават калі ён яму не трэба. Ён замарочыцца, патраціць час і сілы, але аддасць яблыкі ці рабіны туды, дзе яны пойдуць на карысць. У гэтым адчуваецца пэўны элемент вясковай культуры, у тым ліку экалагічнай.

На інтэрнэт-прасторы былых савецкіх рэспублік гуляюць думкі пра тое, што «гэта савок» і «пара нам ужо пазбаўляцца ад ментальнасці беднякоў», якія гатовыя збіраць і здаваць за капейкі тое, што прасцей выкінуць на сметнік. Дзіўна. Улічваючы, што на Захадзе (на які так любяць раўняцца многія) даўно перанасыціліся ідэямі бескантрольнага спажывання, «наеліся» ва ўсіх сэнсах пластыку і экзатычных прадуктаў. Новая мода заклікае да мінімізацыі адходаў, да харчавання прадуктамі, якія выраслі ў тым самым рэгіёне, дзе жыве спажывец, да перапрацоўкі ўсяго, што можна выкарыстаць паўторна. Адным словам, да таго ладу жыцця, да якога нашы людзі ў рэгіёнах і так прызвычаіліся.

Капейка рубель беражэ, або Як фарміруюцца закупачныя кошты

Пытанне, якое хвалюе многіх: чаму так танна прымаюць сельгаспрадукцыю? Сёння цыбулю можна здаць па 70 капеек за кіло, капусту, бульбу — па 50, моркву — па 45. Праз месяц, калі пойдзе масавая ўборка бульбянога ўраджаю, кошт знізіцца да 20—30 капеек. Мала? Спецыялісты камбіната падказваюць: а прыкіньце, што на дэнамінаваныя грошы гэта было некалькі тысяч. Зроду такіх коштаў не было! Больш за тое, тона бульбы заўжды каштавала каля 100 долараў. А цяпер — 250.

— Лічбы са столі ніхто не бярэ, ёсць сярэднія па рынку — на іх і арыентуемся. Акрамя таго, я час ад часу заглядваю ва ўсе крамы Лунінца і гляджу, пачым там тая ж морква ці капуста прадаецца. Калі канкрэтны прадукт (напрыклад, клубніцы) закупляецца для заводаў, то яны самі выстаўляюць кошты. Мы на іх ніякім чынам паўплываць не можам, — кажа эканаміст па коштах ЗПК «Палессе» Валянціна Савянок. — Разам з тым нельга забываць пра попыт і прапанову. Так, першую бульбу ў ліпені мы закуплялі па 1,3 рубля, майскую капусту бралі па 2.

Ганна КУРАК, фота аўтара

г. Лунінец

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.