Вы тут

Паміж Мінскам і Ташкентам


Беларусь і Узбекістан хуткімі тэмпамі развіваюць супрацоўніцтва: краіны за кароткі тэрмін выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Пра тое гаварылася ў пару, калі Беларусь з афіцыйным візітам наведваў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.


Фота БЕЛТА

Дзеля чаго сябруюць людзі, краіны? Вядома ж, і дзеля таго, каб у свеце гэтым, які прадзімаюць шмат розных вятроў, мацней трымацца на нагах. Як вядома, любую сістэму, прыўзнятую над зямлёй, тры пункты апоры робяць больш устойлівай, ці то простая табурэтка, ці то — нацыянальная эканоміка… А што, дарэчы, наконт “стратэгіі сяброўства” кажуць эканамісты? Цікавыя развагі на такое пытанне мы пачулі ў часе падрыхтоўкі саліднага спецыяльнага “ўзбекскага блока” ў часопісе “Беларусь. Belarus” (№ 7, 2019). Ён, дарэчы, ёсць у інтэрнэце: на партале Выдавецкага дома “Звязда”. Звярніце ўвагу на вокладку са здымкам Прэзідэнтаў і трапным выслоўем: “З цэнтра Еўропы — у Цэнтральную Азію”. Там анансуецца і Форум рэгіёнаў Беларусі ды Узбекістана — як “новы пункт адліку ў пашырэнні супрацоўніцтва дзвюх краін”. У выданні ёсць сярод іншых тэматычных тэкстаў і грунтоўнае інтэрв’ю з Насірджанам Юсупавым, Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Узбекістана ў Беларусі пад назваю “Тот настоящий друг, кто всегда рядом” (блок выйшаў па-руску).

Насірджан Сабіравіч — доктар эканамічных навук, палітолаг, вядомы дзяржаўны дзеяч Узбекістана. Дарэчы, такі паслужны спіс Амбасадара — чым не сведчанне ўвагі Узбекістана да Беларусі! Да таго ж дыпламатычную кар’еру наш паважаны субяседнік пачынаў у 2003 годзе Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам у Кітаі ды па сумяшчальніцтве ў Манголіі. Вось як ён разважае пра тое, чаму нашым краінам варта сябраваць: “Мы жывем у грамадстве спажывання. Таму важна, ствараючы базіс, пабольш надаваць увагі і таму, што класікі эканамічных тэорый называлі надбудовай: духоўным, маральным, культурна-гуманітарным аспектам. Ва Узбекістане 33 мільёны жыхароў і цяпер высокія тэмпы прыросту насельніцтва, ён — у ліку сусветных лідараў: штогод нас становіцца больш прыкладна на паўмільёна. І для таго, каб паспяхова вырашаць сацыяльныя пытанні, нам вельмі важна мець добрую эканоміку. Каб яе мець, у першую чаргу трэба выбудаваць добрыя адносіны са сваімі суседзямі. З краінамі, якія да нас па-сяброўску ставяцца, з якімі ў нас ёсць узаемныя інтарэсы. Адна з такіх — Беларусь. У нас агульныя гістарычныя карані. Мы больш за 70 гадоў былі ў адной краіне. Менталітэт наш вельмі блізкі. Я лічу, што ўзбекі вельмі падобныя да беларусаў, а беларусы — да ўзбекаў. Быццам бы мы геаграфічна аддаленыя, а менталітэт, унутраны свет вельмі блізкі. Калі тыдзень-другі будзе магчымасць у вас пажыць ва Узбекістане — вы тое самі адчуеце. Таму нам варта разам ажыццяўляць ўзаемавыгадныя планы”.

Беларусь і Узбекістан сёння — гэта надзейныя партнёры й сябры. Таму не замінае ні вялікая геаграфічная аддаленасць паміж Мінскам і Ташкентам, ні амаль 25‑гадовы перапынак у дыпадносінах пасля распаду СССР. У немцаў, дарэчы, ёсць показка, што старая любоў не ржавее — тое ж, пэўна, можна сказаць і пра моцнае даўнейшае сяброўства. Вы б толькі чулі, якімі апладысментамі сустрэлі гледачы на сцэне Беларускай дзяржфілармоніі знакаміты, створаны яшчэ ў 1970 годзе ў Ташкенце, вакальна-інструментальны ансамбль “Ялла” пад кіраўніцтвам народнага артыста Узбекістана Фаруха Закірава! Ягоную песню “Учкудук — три колодца” многія падпявалі: як песню сваёй маладосці.

ВІА-доўгажыхар быў прыгожай разыначкай на святочным “торце” — гала-канцэрце, што адбыўся пасля адкрыцця Дзён культуры Узбекістана ў Беларусі. Яны праходзілі з 29 ліпеня па 1 жніўня ў плыні І Форуму рэгіёнаў дзвюх краін. У будынку Дзяржкансерваторыі былі разгорнуты фотавыстава “Культурная спадчына Узбекістана”, экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на якой выклікалі захапленне гасцей свята разьба па дрэве, лакавая мініяцюра, вышыўка, тэкстыль, нацыянальнае адзенне й аксэсуары. Майстры мастацтваў, а сярод іх былі ансамбль народнага танца “Ташкент зебалары”, узбекскі нацыянальны ансамбль “Мумтоз”, заслужаная артыстка Узбекістана Айгуль Надзірава ды іншыя спевакі-салісты, выступалі яшчэ ў Бабруйску — на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы й камедыі. Шматфарбнасць і багатая аздоба касцюмаў, вытанчаная прыгажосць рухаў, музыкі, спеваў… Нават вершы Алішэра Наваі гучалі са сцэны ў перакладзе на сучасную рускую мову. І ў той жа дзень у Мінску, крыху раней, адкрылі помнік (скульптар Максім Макарэвіч) гэтаму знакамітаму паэту-мысляру XV стагоддзя, што ўпершыню пачаў пісаць вершы на роднай яму стараўзбекскай мове, а не фарсі, як было тады заведзена. Помнік-бюст стаіць у адным з мінскіх сквераў (пэўна, разам з помнікам сквер атрымае імя Алішэра Наваі?) непадалёк ад Нацыянальнага Алімпійскага стадыёна “Дынама”, на скрыжаванні вуліц Свярдлова й Кірава.

І калі ўжо ішлі поўным ходам Дні культуры, першы Форум рэгіёнаў Беларусі ды Узбекістана, у беларускую сталіцу 31 ліпеня ўпершыню з афіцыйным візітам прыляцеў Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў. Аляксандр Лукашэнка ў той жа дзень запрасіў высокага госця на нефармальную вячэру ў мінскае прадмесце — у дзяржаўную рэзідэнцыю “Заслаўе”. І зблізку пабачылі мы на відэа, фотаздымках падарунак Шаўката Мірамонавіча кіраўніку беларускай дзяржавы: альтанку, аздобленую разьбой па дрэве. Проста шэдэўр узбекскіх майстроў! Дар можна расцэньваць і як жэст сяброўства, і як запрашэнне да працягу дыялогу — бо, як вядома, праз гутарку адладжваюцца стасункі між людзьмі, краінамі, народамі. Летась, калі Аляксандр Лукашэнка быў госцем Шаўката Мірзіёева, узбекскі сябар запрасіў яго больш чым на паўдня ў горы Чымгана, ва ўрадавую рэзідэнцыю — кіламетраў за 80 ад Ташкента. Там і пабачыў Прэзідэнт Беларусі будынкі, інтэр’еры, аформленыя ў нацыянальным стылі, у тым ліку — разьбу па дрэве. Пэўна, звярнуў на прыгажосць увагу, а Прэзідэнт Узбекістана вырашыў альтанку ў такім стылі сябру падарыць. І ў хуткім часе авіярэйсам паляцеў у Беларусь каштоўны груз, а народныя ўмельцы сабралі потым сваё тварэнне ў рэзідэнцыі “Заслаўе”.

Сустрэчы прэзідэнтаў праходзілі ў Палацы Незалежнасці — як у вузкім складзе, так і ў пашыраным фармаце з удзелам членаў дэлегацый. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Узбекістан знаходзіцца ў цэнтры Цэнтральнай Азіі, Беларусь — у цэнтры Еўропы: “З тым звязаныя і нашы перавагі, і нашы праблемы…Сёння ёсць пра што пагаварыць. Але самае галоўнае — ваша ініцыятыва аб тым, каб і нізы, рэгіёны завязаць у супрацоўніцтве. Гэта, пэўна, самая фішка гэтага візіту … Наша справа — адкрыць дарогу. Мы яе адкрылі. Па гэтай дарозе павінны пайсці тыя, хто будзе выконваць рашэнні, рэалізоўваць “дарожную карту”, якую зацвердзілі ўрады Узбекістана й Беларусі ды сёння рэалізоўваюць”. Абмяркоўвалі шырокае кола пытанняў супрацы, з акцэнтам на ўмацаванне эканамічных адносін. Гаварылі пра сумесныя праекты ў машынабудаванні (холдынгі “Амкадор” і “Бабруйскаграмаш” стварылі сумесныя вытворчасці ва Узбекістане, на Ташкенцкім трактарным заводзе збіраюцца трактары маркі “МТЗ”, будзе й сервісны цэнтр па іх абслугоўванні), лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы (беларускія спецыялісты будуюць тры малочна-таварныя комплексы), фармацэўтыцы, транспартнай сферы, ІТ-сектары. І, вядома ж, пра міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне (таму паспрыяе й Форум рэгіёнаў), паглыбленне вытворчай кааперацыі, узаемаспрыянне гандлю таварамі й паслугамі. Па выніках перамоў падпісана 12 пакетаў дакументаў аб развіцці супрацы між краінамі ў розных сферах.

Фота Канстанціна Дробава

Шаўкат Мірзіёеў пасадзіў ёлку на Алеі ганаровых гасцей ля Палаца Незалежнасці. Прэзідэнты разам наведалі выставу нацыянальнай прадукцыі Узбекістана, якая праходзіла ў Мінску. Нават ехаць не прыйшлося, бо Выставачны цэнтр “БелЭкспа” — побач з Палацам Незалежнасці. Там, дарэчы, на стэндзе Джызакскай вобласці расказалі, што Заамінскі раён, у якім нарадзіўся Шаўкат Мірзіёеў, заключыў пагадненне аб супрацы са Шклоўшчынай — малой радзімай Аляксандра Лукашэнкі. Потым Шаўкат Мірзіёеў наведаў Парк высокіх тэхналогій, дзе яму былі прадэманстраваны найноўшыя распрацоўкі беларускіх кампаній-рэзідэнтаў.

Іван Ждановіч

Дарэчы. “Дарожная карта” развіцця супрацоўніцтва Беларусі ды Узбекістана цяпер змяшчае 155 канкрэтных даручэнняў органам дзяржкіравання, арганізацыям і суб’ектам гаспадарання дзвюх краін. 35 з іх прадугледжваюць рэалізацыю сумесных вытворчых праектаў, 61 — узаемныя пастаўкі канкрэтных відаў прадукцыі, 59 — рэалізацыю агульных напрамкаў супрацы, у тым ліку абмен досведам, праекты ў сферы адукацыі, правядзенне выстаў.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.