Вы тут

“Хай збожжа расце на падкове Дзвіны”


У мінскім выдавецтве “Тэхналогія” выйшла кніга выбранай паэзіі Сяргея Панізьніка


Калаж Івана Ждановіча

Гожы, “хлебны” загаловак для нататкаў — са зборніка “На падкове Дзвіны”. Чытаю вершы нястомнага даследчыка Беларускага Мацерыка, які аматарам паэзіі ўжо добра вядомы, і адчуваю, што адкрываю таленавітага творцу наноў. Сяргей Сцяпанавіч новаю кнігай не падсумоўвае свой паэтычны лёс, а разам з укладальніцай Аксеняй Тарасевіч вядзе нас да новых абшараў. Вядзе й туды, дзе ён ва ўсялякую пару шчаслівы. А “… сакрэт шчасця, насамрэч, вельмі просты: яно — у незвычайнай прыгажосці моманту, у вяртанні да роднага парога, у быцці з блізкімі, у супакоі й сяброўстве, — піша-разважае Аксеня Тарасевіч. — Менавіта такім простым шчасцем спяшаецца падзяліцца Сяргей Панізьнік у сваёй новай кнізе. Дасведчаны крытык не ўбачыць тут мудрагелістых метафар і складаных формаў — але будзе здзіўлены, як арыгінальна ды натуральна, а галоўнае, шчыра гаворыць аўтар пра жыццёвыя, філасофскія рэчы. Прыдзвінскія напевы арганічна ўплятаюцца ў канву твораў, у якой уважлівы чытач напэўна знойдзе натхненне, сягаючы таго самага глыбіннага, роднага й крыху прызабытага ў нашай рухомай рэчаіснасці беларускага космасу”.

Першы раздзел зборніка — “Зялён наш бор!”. У невялічкай прадмоўцы аўтар удакладняе “Там, дзе нараджаюцца вершы… Вершы ахвотней прыходзяць і шчырэй прамаўляюцца там, дзе сам з’явіўся на свет. Для мяне — гэта мёрскі бераг Прыдзвіння…”. Паэзія Сяргея Сцяпанавіча поўніцца фальклорнымі матывамі. У вершах паўсюль нібыта бруяцца крыніцы народнай мудрасці, свежасць ад якіх напаўняе ветразі й нашага сённяшняга жыцця. Кніга “На падкове Дзвіны” мае процьму тапанімічных пазнак. Лявонпаль (ранейшыя найменні — Лількі, Чурылавічы) — зразумела, у цэнтры. Лявонпаль шчыруе й гаспадарыць. А яшчэ нас чакаюць сустрэчы з хутарам Бабышкі, вёскамі Ільмовікі, Паташня, Рыбачкі, Латышы, Пуцінава, Дрыса… І ўсе згадкі такія натуральныя! Між тым Сяргей Панізьнік дадае такія рысачкі ў плынь аповеду: “Мае радаводныя карані — на Прыдзвінні, між Дзісной і Друяй. Пры нагодзе пішуць, што пісьменнік са сталіцы наведаў сваю малую радзіму. Якая крыўда глыбінцы, нашым радаводным вытокам…”.

“Лявонпальская метраполія Лапацінскіх”, “Дрыса — стырно гарадоў”, “І здзейсніцца Дзісна!”, “Рэквіем па ахвярах Асвейскай трагедыі”, “Белая царква ля Чарэі”… Ад твора да твора выбудоўваецца паэтычная тапанімічная энцыклапедыя Прыдзвінскага краю. Вершы “з адрасамі” нельга чытаць без хвалявання. Пэўна, тым і блізкая, моцная для чытача паэзія Сяргея Панізьніка, што нагадвае нам пра нашы родныя куточкі.

Новая кніга руплівага мастака слова нагадала пра яго зборнікі папярэдніх дзесяцігоддзяў: “Кастры Купалля” (1967), “Палявая пошта” (1972), “Крыло надзеі” (1975), “Чало і век” (1979), “Адкуль вясёлка п’е ваду” (1981), “Слова на дабрыдзень” (1982), “Мацярык” (1985), “Жыцень” (1986), “Мы — грамацеі” (1989), “Стырно” (1989), “А пісар земскі…” (1994), “Сустрэча роднасных сусветаў: пераклады і вершы” (1997), “Золкая зёлка” (1999), “Пры сьвячэнні…” (2004), “Дабравест: Песні на словы Сяргея Панізьніка” (2006), “Літары ў расе: зборнік вершаў для дзяцей” (2010), “На ўсе вякі… Зборнік вершаў на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і на французкую мовы” (2011), “Нас — многа! Гадоў увершаваныя радкі” (2012), “Аўтографы. З кніжніцы Сяргея Панізьніка (1960–2011) (2016), “Гасцінцы з пуцявін-гасцінцаў: вершы-вершаняты” (2016), “Выбранае: паэзія за паўстагоддзя творчай працы” (2017), “Аблічча сустрэчаў: нататкі” (2017)… А цэлая ж бібліятэка, якая назбірвалася болей як паўстагоддзя няпростага жыццёвага й мастацкага лёсу Сяргея Панізьніка! Бібліятэка праўды і веры, надзеі ды ўзлёту. Бібліятэка любові да роднага краю!.. І новая кніга — дастойны працяг.

Кастусь Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.