Вы тут

Горад з водарам суніц


У абласным свяце-­конкурсе самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”, што прайшло на Віцебшчыне, у гарадскім пасёлку Лёзна, паўдзельнічалі беларусы з Даўгаўпілса


Чулі пра Лёзна? Былое мястэчка, кіламетраў за 40 ад Віцебска — родны кут мастака Марка Шагала (1887–1985). У інтэрнэце чытаем: род мастака па бацькоўскай лініі — са Слуцка. Яго далёкі продак Хаім Сегал на пачатку XVІІІ стагоддзя распісаў дзве драўляныя сінагогі ў Капылі ды Магілёве. Пазней Сегалы пераехалі жыць у Лёзна. Што мясціны мастаку родныя — таму сведчаннем яго карціны “Ферма ў Лёзне”, “Па дарозе ў Лёзна”, “Аптэка ў Лёзне” ды іншыя.

Цяпер Лёзна — прыгожы райцэнтр з развітай інфраструктурай, адметным культурным форумам. Ужо ў 12‑ы раз там прайшло абласное свята-конкурс самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”. Сёлета ў ім паўдзельнічаў ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Дзякуючы фэсту кола партнёраў ЦБК ў Беларусі пашырылася.

Свята-конкурс праходзіла 29 чэрвеня, прысвячалася Году малой радзімы, паўдзельнічалі ў ім прадстаўнікі рэгіёнаў Беларусі, госці з Расіі, Украіны, Латвіі. Наша дэлегацыя была на ўскладанні кветак на мемарыяле “Адаменская горка”. Нам казалі, што да 75‑годдзя вызвалення горада мемарыял аднавілі па ініцыятыве й на сродкі расіянкі Марыны Фраловай. Яе дзядзька Мікалай Лашкоў пахаваны там побач, загінуў пры вызваленні Лёзненскага раёна. Дарэчы, Лёзна — першы райцэнтр Беларусі на Віцебшчыне, вызвалены ад захопнікаў: тое адбылося 10 кастрычніка 1943 года. Пахаванне на Адаменскай горцы паўстала ў той час, гэта месца спачыну звыш 800 савецкіх воінаў і партызан. Усяго ж па Віцебшчыне больш за 1300 месцаў пахаванняў, у іх — каля 406 тысяч чалавек, і больш за палову імёнаў невядомыя.

Пасля ўскладання кветак — яркае тэатралізаванае шэсце гасцей і ўдзельнікаў свята, потым — урачыстае адкрыццё сімвалічнай скульптуры ў гонар фестывалю на Цэнтральнай плошчы. Тым часам па гарадку разгарнуліся творчыя пляцоўкі: літаратурная, музычная, гульнёвая, спартыўная, тэматычная рэтра-выстава “Сунічны летапіс” раённага Дома рамёстваў. І пакуль нашы артысты абыходзілі творчыя майстэрні, у спаборніцтвах самадзейных літаратараў і кампазітараў спрабаваў сілы ўдзельнік “Купалінкі” Віталь Міхайлоўскі: чытаў свае вершы. І быў адзначаны ганаровай граматай фэсту!

На форуме падпісаны быў мемарандум аб супрацы між Лёзненскім райвыканкамам і нашым Цэнтрам беларускай культуры. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская падзякавала прымаючаму боку за сардэчны прыём, выказала надзею на плённую супрацу і ў адказ запрасіла землякоў у госці з візітам на фэст “Кірмаш беларускі ў Даўгаўпілсе”.

Вячэрняя частка праграмы фэсту была прадстаўлена вялікім канцэртам на Цэнтральнай плошчы. Разам з іншымі замежнымі гасцямі там з гадзіннай праграмай выступіў гурт “Купалінка”. Лірычныя й душэўныя, вясёлыя й гарэзлівыя, тэатральна абыграныя песні публіка сустракала бурнымі авацыямі.

У часе фэсту мы знаёміліся з экспазіцыямі Краязнаўчага музея. Там сабраны матэрыялы пра гісторыю гарадка, у тым ліку й старонкі летапісу сям’і Шагалаў ды латышскіх сялян-перасяленцаў. Паглядзелі мы рэканструяваныя рэгіянальныя народныя строі ў Доме рамёстваў, наведалі новы спартыўна-аздараўленчы цэнтр з басейнам, прайшліся па Алеі землякоў.

На другі дзень наша дэлегацыя, натхнёная малой радзімай Шагала, па дарозе дадому заехала і ў Віцебск: наведала новы Цэнтр сучаснага мастацтва. На вуліцы Шагала ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, з інтэрактыўнымі панэлямі ды арыгінальным інтэр’ерам, адноўлены кабінеты Марка Шагала й Казіміра Малевіча, майстэрня Лазара (Эля) Лісіцкага. Дарэчы, у тым вучылішчы майстар-класы даваў і скульптар, класік латвійскага мастацтва XX стагоддзя Ян Тыльберг.

Марыя Памецька, метадыстка Цэнтра беларускай культуры, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.