Вы тут

У пачатку жніўня ў пасёлку Ратамка сабака моцна пакусаў за твар васьмігадовую дзяўчынку


Кіра-Дамініка прыехала ў парк актыўнага адпачынку ў Ратамцы, каб разам з іншымі дзецьмі адзначыць дзень нараджэння сваёй сяброўкі. Але для яе гэта свята сталася трагедыяй.


Як вядома з розных крыніц (а тэма актыўна абмяркоўваецца ў сеціве) пакуль частка дарослых займалася арганізацыйнымі пытаннямі, дзеці разам з астатнімі ўдзельнікамі свята вырашылі пайсці да альтанкі. Недалёка ад гэтага месца яны сустрэлі і таксу, якую гаспадар прывязаў да дрэва. Дзеці падышлі да сабакі, і калі дзяўчынка нахілілася да яго, той пакусаў ёй твар — былі парваныя губа, шчака і ўчастак пад вокам.

Першую дапамогу дзяўчынцы аказалі супрацоўнік парку і жанчына-ўрач з кампаніі, дзе быў сабака. У хуткім часе ў парк, акрамя хуткай дапамогі і міліцыі, прыехалі і бацькі пацярпелай. Дзяўчынку паклалі ў бальніцу і зрабілі аперацыю. Цяпер ёй неабходна дапамога пластычнага хірурга. Акрамя таго, паколькі ў таксы не было прышчэпкі ад шаленства, дзяўчынка праходзіць курс тэрапіі.

Мама дзяўчынкі мае намер пакараць гаспадароў сабакі і плануе падаць на іх у суд. Яна адзначыла, што ніхто з кампаніі, дзе быў сабака, не падышоў і не папрасіў прабачэння. Толькі ў канцы следчых мерапрыемстваў гаспадары сабакі падышлі да маці Кіры, але яна не захацела з імі размаўляць. Ёсць у яе пытанні і да дзеянняў адміністрацыі парку: чаму сабаку пусцілі ў грамадскае месца без намордніка і дапусцілі, каб ён аказаўся побач з іншымі адпачывальнікамі.

Гаспадар сабакі Аляксандр не разумее, чаму так адбылося, але пры гэтым згодны адказваць за сітуацыю. Паводле яго слоў, таксе Амуру восем з паловай гадоў, сабака заўсёды быў акружаны дзецьмі і вёў сябе спакойна, без агрэсіі. А паколькі ў карку ён мае вышыню 20 см, наморднік для яго быў непатрэбны.

Гаспадар расказаў журналістам, што ў той дзень сабаку за лапу ўджаліла аса, што, магчыма, і паўплывала на яго паводзіны. Аляксандр адвёў яе падалей ад іншых адпачывальнікаў і прывязаў да дрэва. Калі адбылася трагедыя, побач быў ягоны сябра.

Гаспадар таксы таксама падкрэсліў, што, калі машына хуткай дапамогі і міліцыя паехалі, яны з жонкай падышлі да мамы дзяўчынкі і папрасілі прабачэння, пакінулі свой нумар тэлефона, прапаноўвалі дапамогу. Але маці дзяўчынкі, як потым і ў бальніцы яе бацька, адказала, што гэта пытанне яны будуць вырашаць па-іншаму.

Па просьбе «Звязды» пракаментаваў сітуацыю інструктар-кінолаг Андрэй Шкляеў:

— Увогуле такса — паляўнічы норны сабака. Яе мэта — пошук звера, барацьба з ім у абмежаванай прасторы, таму і будова зубоў у яе адпаведная. Але звычайна сабака нічога проста так не робіць — не бывае выпадкаў, калі ён агрэсіўны без падставы. Магчыма, дзеці штосьці ўчынілі ў адносінах да сабакі — наступілі яму на хвост ці ўшчыкнулі, калі сталася такая рэакцыя агрэсіі. Але пры гэтым гаспадар сабакі таксама вінаваты, што пакінуў свайго гадаванца без нагляду. Трэба больш дасканала разбірацца ў абставінах справы.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Такса і дзеці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?