Вы тут

Як працуюць сядзелкі


Накормлены, памыты, не пахне... Ці не найлепшы гэта догляд чалавека, прыкаванага да ложка? Да гэтага часу захоўваюцца такія стэрэатыпы пра работу сядзелак, але, як упэўнены работнікі медыка-сацыяльнай службы Беларускага Чырвонага Крыжа, іх трэба тэрмінова мяняць. Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце. І калі некалькі гадоў таму такіх спецыялістаў адшукаць было вельмі складана, то сёння ўжо з'явіліся арганізацыі, якія прапануюць такія паслугі. І тым не менш дэфіцыт сядзелак яшчэ не закрыты. Асабліва — падрыхтаваных, навучаных. Часам сваякі рады і таму, што з іх састарэлымі бацькамі хоць якая жывая душа будзе побач. Але чалавек з вуліцы можа сваімі няправільнымі дзеяннямі нават нашкодзіць цяжкахворым пацыентам.


Два ў адным

Фота з сайта Чырвонага Крыжа.

Сёння прыблізна сямі працэнтам беларусаў патрэбна сядзелка, і надалей попыт будзе павялічвацца. Калі ў 2000 годзе 15 працэнтаў састарэлых людзей мелі патрэбу ў медыка-сацыяльнай дапамозе, то цяпер гэта лічба вырасла да 24 працэнтаў. Да гэтай катэгорыі можна дадаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, напрыклад, інвалідаў, у якіх парушаны рухальныя функцыі, асоб з хранічнымі захворваннямі ў складанай стадыі, калі патрэбна ўжо не толькі медыка-сацыяльная, але і паліятыўная дапамога. Запатрабавана сёння і такая паслуга, як «сацыяльная перадышка», калі хоць на некаторы час можна перакінуць на некага клопат пра блізкіх.

Патрэбны і няні ў сем'і, дзе растуць здаровыя дзеці, а іх бацькі маюць інваліднасць. Ды і мамы з малазабяспечаных сем'яў, гатовыя выходзіць на работу, каб разабрацца з фінансавымі праблемамі, калі за іх дзецьмі нехта прыгледзіць...

Медыка-сацыяльная служба Чырвонага Крыжа «Дапамога», якой сёлета споўнілася 55 гадоў, аказвае комплексныя паслугі сваім падапечным. Так, медсястра, якая ад паліклінікі прыходзіць да пацыентаў рабіць ін'екцыі ці перавязкі, не абавязана карміць, абслугоўваць пацыента, не можа глядзець за ім пастаянна. А сацыяльныя работнікі па законе не могуць аказваць медыцынскія паслугі, напрыклад рабіць унутрымышачныя ін'екцыі, часам ім не хапае і пэўных ведаў для гэтага. Сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа здольны выконваць функцыі і сацыяльнага, і медработніка. Летась дапамогу на даму атрымала паўтары тысячы чалавек. Сярод падапечных — людзі састарэлага ўзросту з мноствам захворванняў, з псіхічнымі расстройствамі, анкалагічнымі і іншымі цяжкімі хранічнымі захворваннямі, дарослыя і дзеці з інваліднасцю, людзі, што жывуць з ВІЧ/СНІД. Трэба сказаць, што палова гэтых пацыентаў — людзі з інваліднасцю 1-й групы альбо тыя, хто пакуль не паспеў гэту інваліднасць аформіць, зусім адзінокія ці тыя, чыіх сваякоў няма побач і няма каму пра іх паклапаціцца. Усе паслугі яны атрымліваюць бясплатна.

Сацыяльны заказ

Летась у медыка-сацыяльнай службе Чырвонага Крыжа працавала 225 супрацоўнікаў (медыцынскія сёстры, малодшыя сёстры, сацыяльныя работнікі і псіхолагі), ім дапамагалі 844 валанцёры.

Выдаткі на ўтрыманне медыка-сацыяльнай службы склалі 750 тысяч рублёў. Палова з іх пакрываецца дзяржавай (гэта заробкі медработнікаў). Астатняе арганізацыя здабывае сама. Напрыклад, сродкі, якімі карыстаюцца медсёстры (антысептыкі, перавязачныя матэрыялы, медтэхніка), набываюцца Чырвоным Крыжам. Таму для арганізацыі важныя спонсарская дапамога, членскія ўзносы і добраахвотныя ахвяраванні. Так, дзякуючы супрацоўніцтву з платформай «Імёны» (праект «Патранажная служба ў рэгіёнах») удалося сабраць грошы на работу сясцёр міласэрнасці ў Вілейскім, Пружанскім раёнах, а таксама ў Светлагорску, Асіповічах, Жыткавічах і Калінкавічах.

Новыя формы работы дазваляюць пашырацца і адпаведна павялічваць колькасць людзей, якія атрымліваюць увагу і клопат. Дзякуючы дзяржаўнаму сацыяльнаму заказу арганізацыя адкрыла стаўкі медыцынскіх сясцёр, якія спяшаюцца да адзінокіх бабуль і дзядуль, што ў той ці іншай ступені страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння. Прычым пад комплексны догляд (медыцынскі, індывідуальны, сацыяльныя паслугі) пацыенты трапляюць на працяглы час, у сярэднім каля пяці гадоў.

— Дзяржаўны сацыяльны заказ — гэта механізм прыцягнення недзяржаўных арганізацый да аказання сацыяльных паслуг, забеспячэння патрэб людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і якім неабходныя часам унікальныя паслугі, што не аказваюцца дзяржаўнымі службамі, — заўважае намеснік кіраўніка аддзела медыка-сацыяльнай работы Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Святловіч. — Да таго ж планавалася павысіць якасць падобных паслуг, меркавалася, што паступова будуць уцягвацца новыя некамерцыйныя арганізацыі і паміж імі будзе канкурэнцыя. Заказчыкамі ж выступяць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. На кожнай тэрыторыі ёсць прыярытэтныя, найбольш вострыя праблемы, вызначаюцца катэгорыі насельніцтва, якім трэба дапамога, і якія менавіта павінны быць паслугі.

З кожным годам супрацоўніцтва дзяржаўных службаў і грамадскіх арганізацый пашыраецца. Так, калі ў 2013 годзе Чырвоны Крыж рэалізоўваў адзін дагавор на аказанне паслуг у межах дзяржзаказу, то летась іх было ўжо 60, у выніку 835 чалавек з 57 раёнаў усіх абласцей Беларусі атрымалі кваліфікаваную дапамогу.

Наогул з 2013 да 2018 года ў краіне было заключана 274 дагаворы на рэалізацыю дзяржаўнага сацыяльнага заказа (па звестках Мінпрацы і сацыяльнай абароны), сярод іх 197 дагавораў рэалізаваны Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа. Але, як заўважае Таццяна Святловіч, што датычыцца аказання дапамогі на даму, тут работы хопіць на многія арганізацыі: «Практыка паказвае, што і тым сем'ям, дзе ёсць каму прыгледзець за прыкаваным да ложка сваяком, спатрэбіцца такая паслуга. Падобная дапамога на 25 працэнтаў зніжае сузалежнасць сваякоў, яны могуць не браць лісток часовай непрацаздольнасці, не сыходзіць на палову ці чвэрць стаўкі, а спакойна працаваць, рабіць унёсак у эканоміку краіны.

Да таго ж сёння многія дзеці (напрыклад, якія з'ехалі на заробкі і пражыванне ў іншыя гарады і краіны) згодны плаціць за клопат пра іх састарэлых бацькоў. Таму Чырвоны Крыж паступова будзе развіваць і такія паслугі. Арганізацыя выступіла заснавальнікам унітарнага прадпрыемства «Тэрыторыя дапамогі», куды можа звяртацца плацежаздольнае насельніцтва. Увесь прыбытак пускаецца на падтрымку і развіццё службы сясцёр міласэрнасці. Дзейнічае філасофія: набываючы паслугі для сваіх блізкіх, чалавек пры гэтым дапамагае і яшчэ камусьці, каго медсёстры даглядаюць на бязвыплатнай аснове.

Чаму нас гэтаму ніхто не навучыў?

Натуральна, чалавеку, які злёг, камфортней, калі яго будуць даглядаць родныя. Але спрактыкаваны сваяк можа зрабіць масу памылак, справакаваць ускладненні, пролежні, зрабіць свайму падапечнаму балюча. Кваліфікаваная дапамога для такіх хворых сёння кардынальна мяняецца. «Догляд — гэта не проста набор дзеянняў, а комплекс мерапрыемстваў, які ўключае дапамогу пры розных захворваннях, арганізацыю прасторы ўнутры кватэры, — заўважае трэнер Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа па першай дапамозе, доглядзе і кінестэціксе Алена Русіновіч. — Сядзелка не павінна быць ад слова «сядзець». Навошта вам чалавек, які проста будзе знаходзіцца побач з хворым у кватэры і глядзець тэлевізар? Гэта спецыяліст, які дапамагае сям'і, не толькі даглядае падапечнага, але і імкнецца захаваць той патэнцыял, які ў хворага застаўся, развіваць яго, аднаўляць асобныя рухі і максімальна захаваць здольнасць да самаабслугоўвання».

Калі ў сям'і з'яўляецца цяжкахворы, гэта карэнным чынам мяняе жыццё ўсіх. Людзі вымушаны даглядаць хворага круглыя суткі. І гэта цяжка і эмацыянальна, і фізічна. Часта яны папросту не ведаюць, што рабіць. А ўявіце, што цяжкахворага сужэнца даводзіцца глядзець яго састарэлай жонцы. Спрабуючы прыўзняць, перасунуць цяжкага мужа, яна можа і сабе нашкодзіць. Таму сёння спецыялісты вучаць простым дзеянням, якія дапамогуць здзяйсняць догляд на належным узроўні і мінімізуюць фізічную нагрузку. Для гэтага трэба зразумець, якім чынам мы рухаемся самі. Паспрабуйце падняць са стула сядзячага чалавека. Хутчэй за ўсё вы будзеце папросту цягнуць яго проста ўверх, трымаючы пад пахі ці за руку. А цяпер самі ўстаньце такім жа чынам, з прамой спінай. Мы ж, калі падымаемся з крэсла, крыху нахіляемся наперад. Што перашкаджае прапанаваць нахіліцца нашым падапечным? А такіх нюансаў многа. Менавіта на іх і звяртаюць увагу трэнеры па кінестэціксе. Прычым гэтаму нельга навучыцца дыстанцыйна, па інтэрнэце. Такія заняткі інтэрактыўныя, на 70 працэнтаў складаюцца з практыкі і толькі на 30 — з тэорыі.

Чырвоны Крыж праводзіць майстар-класы і трэнінгі як для партнёрскіх арганізацый (тых жа сядзелак, медсясцёр, супрацоўнікаў інтэрнатаў і сацыяльных службаў), так і для сваякоў цяжкахворых. Часта пасля заняткаў удзячныя людзі наракаюць: «Ну чаму нас раней гэтаму ніхто не навучыў?»

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Сядзелка не ад слова «сядзець» або Догляд па правілах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.