Вы тут

Відэафільм, які зрабіла Лія


На чарговым конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXІ стагоддзя” быў адзначаны відэафільм “Ад беларускіх раўнін да вяршыняў Каўказа”


Лія Тхашыгугава з дыпломам

У сваім допісе з Нальчыка Павел Сідарук, старшыня савета Кабардзіна-Балкарскага Грамадскага руху “За яднанне, сябры!”, паведаміў радасную навіну. І мы з ім шчыра парадаваліся за беларусаў Кабардзіна-Балкарыі, за вучаніцу 5‑й школы горада Майскі Лію Тхашыгугаву, якая зрабіла відэафільм. На пачатку яго (тое бачна з дасланага сцэнара) дзяўчына расказвае, што займаецца ў Нальчыку ў Дзіцячай акадэміі творчасці “Солнечный город”, якая ў супрацы з многімі арганізацыямі. Сярод сяброў акадэміі — суполка “За яднанне, сябры!”, якая працуе больш за 10 гадоў. “Рух падтрымлівае культуру й традыцыі беларусаў у Кабардзіна-Балкарыі, а такіх у нас больш за 1000, — расказвае за кадрам Лія. — А яшчэ адна задача суполкі “За яднанне, сябры!”, — падтрымка й развіццё дружалюбных стасункаў з прадстаўнікамі ўсіх народаў і народнасцяў, што жывуць тут”. Беларусы, паведамляе далей, праводзяць сустрэчы, рэалізуюць праекты, у якіх і навучэнцы акадэміі часта ўдзельнічаюць.

Між тым, вынікае з фільма, у Кабардзіна-Балкарскім дзяржуніверсітэце на філалагічным аддзяленні вывучаюць беларускую мову й літаратуру. Заняткі праводзяцца факультатыўна. Студэнты вывучаць мову, чытаюць беларускіх класікаў у арыгінале, праводзяць творчыя сустрэчы, паэтычныя вечарыны. “Такія сустрэчы дапамагаюць нам зразумець, што нашы народы аб’ядноўвае вельмі многае: імкненне да прыгожага, гасціннасць, беражлівае стаўленне да традыцый, працавітасць”, — разважае юная рэжысёрка. Згадвае й пра старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у часе якой больш за 8 тысяч ураджэнцаў Кабардзіна-Балкарыі ваявалі з ворагам на тэрыторыі Беларусі за агульную тады нашу Радзіму. “Сотні адважных сыноў Кабардзіна-Балкарыі прынялі першы ўдар гітлераўцаў, тысячы вызвалялі Беларусь пасля пералому вайны, — гучыць за кадрам. — Сярод іх былі й вядомыя паэты Алім Кешокаў, Кайсын Куліеў, Алі Шагенцукаў”. Нагадаем, што Алі Асхадавіч — класік кабардзінскай літаратуры. Вайна прывяла яго ў Беларусь, восенню 41‑га ён трапіў у палон пад Бабруйскам, там і загінуў. Пра тое, дарэчы, з наводкай Паўла Сідарука мы раней пісалі — гл. “Няскораны паэт з Баксана” — ГР, 25. 02.2016.

Што вядома пра конкурс “Таленты XXІ стагоддзя? З дасланых Паўлам Сідаруком матэрыялаў вынікае, што праводзяць яго Міністэрства асветы Расіі сумесна з Мінадукацыі Беларусі пры падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы раз у два гады, пачынаючы з 2009‑га, за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы. Сёлета конкурс праходзіў з 14 па 19 мая ў горадзе Каралёў Маскоўскай вобласці. Паўдзельнічала ў ім 218 чалавек з Расіі, 109 — з Беларусі. Конкурс спрыяе пашырэнню расійска-беларускай інтэграцыйнай супрацы ў сферы адукацыі, умацаванню сяброўскіх сувязяў між тымі, хто займаецца тэхнічнай творчасцю. Ён дапамагае выявіць і падтрымаць таленавітых і адораных дзяцей у галіне навукова-тэхнічнай творчасці, развіць у іх цікавасць да інжынерна-тэхнічных прафесій, даследчай дзейнасці. У складзе журы — вядомыя навукоўцы, вядучыя выкладчыкі ВНУ, педагогі-наватары з Беларусі ды Расіі. Па традыцыі ў якасці ганаровых гасцей запрашаюць вядомых дзеячаў навукі, тэхнікі й вытворчасці, вядомых канструктараў, лётчыкаў-касманаўтаў. Праграма конкурсу — гэта 8 навуковых секцый. Акрамя тэарэтычнай падрыхтоўкі каманды выконваюць практычную частку заданняў: удзельнікі абараняюць уласныя вынаходкі, праекты, мадэлі ці ўзоры.

Даніла Елісееў (справа) і Тамірлан Нагоеў — пераможцы конкурсу

Правядзенне конкурсу — гэта клопаты супрацоўнікаў Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай ды тэхнічнай творчасці Беларусі, Федэральнага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў Расіі. Раней конкурсы праходзілі ў Беларусі (2009, 2013, 2017) і ў Расіі (2011, 2015), сёмы ў маі 2021‑га будзе прымаць Беларусь. Кожны конкурс — гэта, вядома ж, незабыўная падзея ў жыцці хлопчыкаў і дзяўчынак. На гэты раз у ім, піша Павел Сідарук, паўдзельнічалі 7 каманд з Беларусі ды 15 каманд з федэральных адміністрацыйных акругаў Расіі — гэта пераможцы, прызёры абласных і рэгіянальных конкурсаў. Каля 300 юных даследчыкаў, рацыяналізатараў, вынаходнікаў, астраномаў, праграмістаў ва ўзросце 14–18 гадоў прывезлі на суд журы, абмеркаванне аднагодкаў свае навуковыя распрацоўкі, праекты. Ладзілася выстава навукова-тэхнічнай творчасці, тэматычныя Дні Беларусі, Расіі, Навукі. Канцэртныя праграмы, творчыя вечары, майстар-класы навукоўцаў і вядомых вынаходнікаў, займальныя сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі — усё гэта было ў праграме конкурсу.

Кабардзіна-Балкарскую Рэспубліку, удакладняе Павел Сідарук, прадставілі 12 хлопчыкаў і дзяўчынак з Дзіцячай акадэміі творчасці “Солнечный город”, камандай кіравалі заслужаная работніца адукацыі КБР Таццяна Наўяніс і загадчыца аддзела навукова-даследчай і канструктарскай работы ў акадэміі Элена Наўяніс. Цікава, што абсалютнымі пераможцамі конкурсу сталі Даніла Елісееў з 6‑й гімназіі Мінска з праектам “Рабочая станцыя D3D” і навучэнец згаданай Дзіцячай акадэміі творчасці “Солнечный город” з Нальчыка Тамірлан Нагоеў з праектам “Мабільныя міні-ГЭС колавага й гірлянднага тыпу для забеспячэння электраэнергіяй у цяжкадаступных горных раёнах”. А відэафільм “Ад беларускіх раўнін да вяршыняў Каўказа”, які зрабіла Лія Тхашыгугава, на секцыі “Відэафільм” заняў ганаровае трэцяе месца.

Іван Іванаў

Фота soyuz.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?