Вы тут

Паклікаў Давыд-Гарадок


Старанна працуюць людзі ды ўмеюць і адпачываць хораша на Століншчыне, у палескай глыбінцы


Мікола Котаў і Кацярына Пяршлевіч

Сваёю малою радзімай лічу я ўсё Палессе, а яно ж вялікае! Наведаў нядаўна Століншчыну — мясціны поўдня Брэсцкай вобласці, што сталі мне роднымі. Там у вёсцы Рамель, якая славіцца племяннымі коньмі, аграгаспадаркай “Палесская ніва” (цяпер — адкрытае акцыянернае таварыства, якім кіруе Аляксей Бародзіч), яшчэ ў 70‑я гады заснаваны быў ансамбль танца “Ніва”. Прыемна ўсведамляць, што ўкладзеныя табой намаганні далі, як кажуць, добры ўраджай. І па сёння гурт у цудоўнай творчай форме: гэта ўзорны аматарскі ансамбль народнага танца “Ніва” Рэмельскага цэнтра культуры й адпачынку. Дарэчы, гурт быў трэцім са створаных мной на Палессі. Першым заявіў пра сябе аж на Крамлёўскай сцэне ў Маскве ансамбль “Прыпяць”, другім ствараўся “Верасок” — у вёсцы Верасніца Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны. Старэйшаму сёлета — 55. І ўсе яны радуюць палешукоў сваім мастацтвам, перадаюць багатую танцавальную культуру краю нашчадкам у спадчыну.

На гэты раз мяне з сябрамі, самадзейнымі артыстамі, запрасілі на Століншчыну ў святочную пару: Давыд-Гарадок адзначаў 75‑годдзе Вызвалення. Гараджане вельмі душэўна, вялікай грамадою ўшаноўвалі памяць тых, хто абараняў Радзіму ад ворага, хто не вярнуўся з палёў бітваў дадому. Мала цяпер засталося з намі ветэранаў вайны, і ўсе яны — у пашане.

Прыехалі мы на свята з артыстамі Тэатра фальклору “Матуліна хата”. Дапамог нам здзейсніць творчую паездку вядомы прадпрымальнік, пісьменнік Валеры Сарока — чалавек вялікай душы, неабыякавы да народнага мастацтва. Цудоўныя падарункі — пяць кніг аўтара — былі ўручаны гараджанам на сцэне. Іх атрымаў Вячаслаў Стаднік, старшыня гарвыканкама. Ветэран ансамбля “Прыпяць” і афіцэр запасу, удзельнік Тэатра фальклору Іван Матох зачытаў прывітальныя словы.

Наша спеўна-музычная кампазіцыя прыйшлася даспадобы гледачам. На сцэне былі артысткі Кацярына Пяршлевіч, Валянціна Абібок-Барыгіна, Вольга Якушэвіч, гарманіст Сяргей Страх.

Святочны творчы дэсант у Давыд-Гарадку

Свята на галоўнай плошчы Давыд-Гарадка доўжылася да позняй ночы. Эх, умеюць жа весяліцца палешукі! Арганічна, з добрым гумарам вёў канцэртную праграму Міхась Шыкунец — мясцовы, давыд-гарадоцкі талент.

Мікола Котаў, мастацкі кіраўнік Тэатра фальклору “Матуліна хата”.

Ад рэдакцыі. Мікола Конанавіч паведаміў нам, што нядаўна ён атрымаў падарункі з Цюмені — сувенірную дудачку, смачныя цукеркі, буклеты ансамбля “Лянок”. Ім кіруе наша зямлячка, ураджэнка Палесся (з Петрыкава) Клаўдзія Зуева. У тым ансамблі даўно спявае Святлана Рамнёва, яна — дачка Вольгі Якушэвіч, салісткі фальклорнага гурта “Спасаўка” з вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна. Праз Святлану ды Вольгу Кірылаўну й дайшло цёплае прывітанне з зямлі Сібірскай.

Мікола Конанавіч перадае падзяку землякам у Цюмень з надзеяй, што Тэатр фальклору “Матуліна хата” яшчэ сустрэнецца з “Лянком” на адной сцэне.

Фота Васіля КУЛІКОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.