Вы тут

Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў


У самым пачатку кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта размова павінна стаць гістарычнай.


У аснове стабільнасці – давер

«Хачу, каб вы разумелі сутнасць сённяшняй размовы, – сказаў ён. – Я рэдка карыстаюся рознага роду патэтыкай і высокімі словамі, але сёння скажу, што наша з вамі сустрэча ў рамках гэтай нарады павінна стаць гістарычнай. Гістарычнай у тым сэнсе, што тут, у гэтай зале, сабраліся ўсе тыя, ад каго залежыць суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны, а ў аснове іх ляжыць стабільнасць. А ў аснове гэтай стабільнасці ляжыць унутрыпалітычная сітуацыя ў нашай дзяржаве і давер людзей да ўлады».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на нарадзе сабраліся ўсе тыя, хто вызначае лёс краіны і лёс кожнага з яе грамадзян: «Ад нас з вамі залежыць, якой будзе краіна і як будуць жыць нашы людзі, і якімі будуць гэтыя людзі».

Нарада павінна стаць гістарычнай, бо сітуацыя з недахопамі ў праваахоўнай сістэме, пра якія пойдзе гаворка, павінна змяніцца кардынальна ў лепшы бок.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сустракаецца з прадстаўнікамі праваахоўнага блоку краіны не для выслухоўвання справаздачы, і не для таго, каб казаць у іх бок прыгожыя словы. Тым не менш, важна адзначыць і іх галоўную заслугу.

«Мы бачым, што адбываецца вакол нас. Нашы людзі, тым больш мы, калі бачым, што адбываецца ў нашых суседзяў, нашых братоў як на ўсходзе, так і на захадзе, часта кажам па-народнаму: дзякуй Богу, што гэта не ў нас! Дзякуй Богу, што мы не нарадзілі ў краіне клас алігархаў, якія не проста разрульваюць тыя або іншыя сітуацыі, але руляць краінай.  Не дазволілі бандытам і злачынцам падзяліць краіну на часткі, «крышаваць» гэтыя часткі, паразітуючы на нашых людзях. Гэта найвялікшае дасягненне не толькі апошняга часу, але ўсяго перыяду незалежнай Беларусі.  І гэта зроблена, дзякуючы той палітыцы, якую праводзіць улада, і дзякуючы, у прыватнасці, таму, што робіце вы, прадстаўнікі праваахоўных органаў. Гэта галоўнае», – рэзюмаваў ён.

Паказчыкі не павінны быць вышэй за чалавека

«У аснове нашай палітыкі заўсёды былі, ёсць і будуць чалавек і справядлівыя адносіны да яго, – падкрэсліў Прэзідэнт – Я пра гэта часта кажу. Многія думаюць, што для нейкага піяру або папулізму. Калі вы так думаеце, вам ва ўладзе рабіць няма чаго».

Абарона правоў чалавека, яго жыцця – гэта першасная задача праваахоўнай сістэмы, нагадаў кіраўнік дзяржавы. А давер да гэтай праваахоўнай сістэмы з боку насельніцтва з'яўляецца адным з галоўных паказчыкаў эфектыўнасці, прафесіяналізму і законнасці дзеянняў усіх супрацоўнікаў сілавых органаў. Надзвычай важна гэты давер зберагчы, што немагчыма без самага строгага выканання закона.

«У першую чаргу мы, і перш за ўсё вы, абавязаны забяспечваць прэзумпцыю невінаватасці. І ў той жа час павінен працаваць прынцып непазбежнасці пакарання за злачынства, – акцэнтаваў Аляксандр Лукашэнка. – Менавіта гэта патрабуе ад нас з вамі народ, на вернасць якому мы прысягалі. Тым больш, што сёння праваахоўныя органы забяспечаны ўсім неабходным для работы. Таму людзі і дзяржава маюць права разлічваць на адпаведны вынік».

Але, на жаль, звароты грамадзян і правапрымяняльная практыка выяўляюць праблемы. Пры чым у шэрагу выпадкаў досыць вострыя. Прэзідэнт прывёў у прыклад справу галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў. «Я не так адназначна ацэньваю яе… Але гэта вельмі яркі прыклад работы як па сутнасці, так і па форме, у прыватнасці, міліцыі»– заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што колькасць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сведчаць пра сур'ёзныя недахопы і пралікі ў рабоце аператыўна-вышуковых і следчых падраздзяленняў і пракуратуры.

«У людзей часам складваецца ўражанне, што сёння супрацоўнікаў праваахоўных органаў у першую чаргу цікавіць не жыццё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфектыўнасць іх працы, – дадаў ён. – Пры гэтым фальсіфікацыя ў ходзе расследавання крымінальных спраў такая, што лепш бы вы не заводзілі гэтыя крымінальныя справы».

Аляксандр Лукашэнка вельмі эмацыйна выказаўся наконт апошняга і заўважыў, што тыя людзі ў пагонах, якія дапускаюць фальсіфікацыю падчас расследавання злачынства,  не проста не павінны насіць пагоны, яны павінны быць выключаныя з грамадства раней за тых, чые справы расследуюць. 

«Яшчэ горш, калі гэта суправаджаецца выкарыстаннем актыўных сілавых метадаў, несувымерных сітуацыям, якія ўзнікаюць, – дадаў Прэзідэнт. – Бачыце, вяршыцелі лёсаў! Уварваўшыся ў дом,  пры дзецях, цяжарных жонках, пакласці чалавека тварам на падлогу, як гэта ў вас прынята казаць, заламаць рукі, паламаць некалькі рэбраў… і гэта вяршыцелі лёсаў! Гэта бязмозглыя людзі, якім  таксама не месца ў праваахоўнай сістэме!»

Яшчэ адна недапушчальная практыка – ціск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу. «Гэта не забяспечванне законнасці. І гэта не адносіцца да  таго крытэрыю, пра які я толькі што сказаў –  справядлівасці, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. – Сёння мы павінны выявіць усе прычыны, з-за якіх падобнае становіцца магчымым. Вызначыць, што рабіць, каб не дапусціць у будучым  парушэнне правоў грамадзян у нашай краіне».

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што яго, у першую чаргу, цікавіць пазіцыя Генеральнай пракуратуры як вышэйшага наглядальнага органа за захаваннем законнасці. Для поўнага і дакладнага бачання ўсёй карціны будзе таксама прадстаўлена і меркаванне Вярхоўнага суда.


Выключыць памылкі на першым этапе

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што напярэдадні нарады даручыў даследаваць работу праваахоўных органаў і далажыць яму. Ён прыняў рашэнне азнаёміць з тым, што адбываецца ў правахоўнай сістэме, не толькі ўдзельнікаў нарады, але і грамадства. 

Прэзідэнт назваў шэраг недахопаў у арганізацыі дасудовай вытворчасці. 

Першае — нізкая якасць даследчых праверак і самога папярэдняга следства. «Практыка пракурорскага нагляду сведчыць, што асноўнымі характэрнымі недахопамі ў рабоце органаў унутраных спраў з’яўляецца павярхоўнае даследаванне заяў і паведамленняў аб злачынствах, а таксама недастатковая дасведчанасць аператыўных супрацоўнікаў аб крымінальных з’явах на аб’ектах аператыўнага абслугоўвання. У шэрагу выпадкаў гэта прыводзіць да таго, што вінаватыя асобы, карыстаючыся сваёй беспакараннасцю, здзяйсняюць больш цяжкія злачынствы», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. 

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, асноўная прычына недахопаў работы аператыўных падраздзяленняў — аслаблены ведамасны кантроль на ўзроўні гар-, райадзелаў упраўлення ўнутраных спраў. Па тых жа прычынах у недастатковай ступені праводзіцца работа па супрацьдзеянні эканамічнай злачыннасці органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. 

Галоўная «хвароба» аператыўнікаў — імкненне выканаць паказчыкі, адрапартаваць, але не папярэдзіць злачынства, не выключыць умовы, якія да яго прыводзяць.

«Істотныя негатыўныя з’явы фіксуюцца Генеральнай пракуратурай таксама ў рабоце следчых падраздзяленняў, — праінфармаваў Прэзідэнт. — У тым ліку адзначаецца непрыняцце следчымі належных мер да збору доказаў і ацэнкі, што ў шэрагу выпадкаў цягне недапушчальнасць такіх доказаў».

Нядбайныя адносіны следчых да афармлення працэсуальных дакументаў і крымінальных спраў, няякаснае правядзенне першасных, неадкладных следчых дзеянняў, няпоўная работа па кампенсацыі шкоды, зробленай злачынствам, прыводзяць да таго, што дзяржаўныя абвінаваўцы прад’яўляюць у судзе новае абвінавачанне або арганізоўваюць збор дадатковых доказаў. У перыяд з 2017 года па перше паўгоддзе 2019-га такое адбылося па 400 справах у адносінах да 683 асоб. 

Акрамя таго, наяўнасць грубых працэсуальных парушэнняў у рабоце следчых прыводзіла да прыняцця ў адносінах да абвінавачаных рашэнняў рэабілітуючага характару. 
У 2018 годзе колькасць вернутых пракурорамі крымінальных спраў следчым для вытворчасці дадатковага папярэдняга расследавання павялічылася амаль на 12 працэнтаў і склала ў 2018 годзе 631 справу (557 — у 2017 годзе, 363 — у першым паўгоддзе 2019-га).

На факты парушэнняў следчых рэагуюць і суды. У 2018 годзе ў адрас органаў следства накіравана 660 прыватных пастаноў, у першым паўгоддзі 2019 года — 372 прыватныя пастановы. Пры змяншэнні агульнай колькасці разгледжаных судамі спраў удзельная вага прыватных пастаноў сістэматычна расце. 


Недапушчальна «падганяць» справу

Другі важны недахоп — злоўжыванне службовымі асобамі праваахоўных органаў сваімі абавязкамі. «Тое, супраць чаго павінны праваахоўнікі змагацца, ім у віну ставіцца», — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

Найбольш распаўсюджаныя парушэнні — ціск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу: падазроных, абвінавачаных, адвакатаў, а таксама суддзяў; фальсіфікацыя доказаў; умяшанне ў ход разбіральніцтва па крымінальных справах і матэрыялах праверак. 

Указаныя факты абумоўлены як карыслівымі матывамі — подкуп з мэтай прыняцця канкрэтнага рашэння, жаданне атрымаць асабістую карысць, так і імкненнем службовых асоб забяспечыць выкананне даведзеных кіраўніцтвам паказчыкаў аператыўна-службовай дзейнасці і статыстычнай справаздачнасці. «Дзікунства!» — коратка пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка.

Усяго за апошнія два з паловай гады судамі краіны былі асуджаныя 24 былыя супрацоўнікі аператыўных і следчых падраздзяленняў за здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў пры выяўленні злачынстваў і расследаванні крымінальных спраў. «Усяго нічога, але гэта толькі пачатак, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Пасля сённяшняй гістарычнай нарады па ўсіх гэтых пытаннях ціск будзе ўзмоцнены...»

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў: для тых людзей, у адносінах да якіх былі дапушчаны праваахоўнікамі парушэнні, трагедыя ніколі не застанецца ў мінулым.

Прэзідэнт досыць рэзка выказаўся з нагоды фактаў празмернага прымянення ў адносінах да грамадзян сілы і спецсродкаў. «Выкарыстоўваюць спецпадраздзяленні, у прыватнасці „Алмаз“. Няславяць хлопцаў толькі. Трэба звярнуць увагу на гэтыя спецслужбы, іх трэба ўзяць пад кантроль, — загадаў ён. — Гэта не справа: прымушаюць двухметровых хлопцаў вагой 150 кілаграм ва ўсім абмундзіраванні, з кіямі, боепрыпасамі і зброяй, урывацца ў дамы грамадзян і здзеквацца з іх!»

Яшчэ адно парушэнне датычыцца абгрунтаванасці завядзення крымінальных спраў і практыкі абрання меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. 

У 2017 годзе па краіне было зарэгістравана 87 326 злачынстваў, заведзена 91,5 тысяча крымінальных спраў. У 2018 годзе зарэгістравана 83 800 злачынстваў, заведзена 91,6 тысяч крымінальных спраў, за першае паўгоддзе сёлета — 48 200 злачынстваў зарэгістравана і 44,7 тысячы крымінальных спраў заведзена. Пры гэтым толькі падраздзяленнямі Следчага камітэта спынены па рэабілітуючых падставах у 2017 годзе каля 4000 крымінальных спраў, у 2018 годзе — 4500, у першай палове 2019-га — 2150.


Беларускія суды з 1 студзеня пераходзяць на поўны аўдыё- і відэазапіс судовых працэсаў

"Мы з 1 студзеня пераходзім на поўны аўдыё- і відэазапіс судовых працэсаў. Тады, я думаю, многія праблемы, якія існуюць сёння ў частцы ацэнкі, дэманстрацыі доказаў, будуць зняты", - сказаў старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала. Паступова пратаколы на папяровых носьбітах будуць сыходзіць у мінулае, усе паказанні будуць даслоўна зафіксаваныя, а значыць, у бакоў не будзе ўзнікаць па іх заўваг і спрэчак.

"І самі працэсы будуць праходзіць цалкам у іншым рэжыме - рэжыме павагі да закону. Гэта будзе дадатковы стымул для выразнага правядзення судовых працэсаў", - дадаў ён.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА і па матэрыялах БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.