Вы тут

Каля 40 працэнтаў месячнай нормы ападкаў выпала за ноч у Ваўкавыску


Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Дажджы ўначы з 19 на 20 жніўня прайшлі па ўсёй тэрыторыі Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей, паўночна-заходнім і цэнтральным раёнам Брэсцкай вобласці. Больш за ўсё ападкаў за ноч выпала на метэастанцыі Ваўкавыск Гродзенскай вобласцi -- 29 міліметраў. Гэта больш за траціну месячнай нормы -- каля 40 працэнтаў. На другім месцы Пружаны Брэсцкай вобласці -- 27 міліметраў ападкаў.

Так, увечары 19 жніўня па тэрыторыі Мінскай вобласці прайшоў навальнічны фронт, які прывёў да перабояў у электразабеспячэнні некаторых населеных пунктаў рэгіёну. Па інфармацыі РУП "Мінскэнерга", усю ноч энергетыкі вялі аднаўленчыя работы, было задзейнічана 25 работнікаў і 12 адзінак тэхнікі. Да раніцы 20 жніўня ў большасці пацярпелых населеных пунктаў электразабеспячэнне было адноўлена.

Моцныя дажджы, месцамі з градам, прайшлі ў Брэсце, затапіўшы шэраг вуліц. Тут жа, у абласным цэнтры, падчас моцнай залевы задыміўся… аўтамабіль хуткай дапамогі. Па інфармацыі абласнога ўпраўлення МНС, здарылася гэта падчас руху. Інцыдэнт адбыўся 19 жніўня прыкладна ў 21.35. На пульт дзяжурнага паступіла паведамленне аб тым, што на скрыжаванні вуліц Маскоўскай і 28 ліпеня загарэўся аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі. На месца выкліку накіравалі дзве адзінкі спецтэхнікі. Праз тры хвіліны ратавальнікі былі на месцы, аднак іх дапамога не спатрэбілася. Кіроўца хуткай самастойна справіўся з праблемай. Відавочна, пры выездзе машыны на выклік да пацыента падчас залевы адбылося кароткае замыканне электраправодкі ў салоне аўтамабіля. Вадзіцель з дапамогай парашковага вогнетушыцеля самастойна ліквідаваў тленне праводкі. Паралельна былі праінфармаваныя МНС і ДАІ. Выклік быў аператыўна перададзены іншай брыгадзе СМП.

Моцны ўраган прайшоўся ноччу 20 жніўня праз Глубокае. У сеціве можна было пабачыць паваленыя дрэвы, слупы агароджы стадыёна, сарваныя дахі дамоў. Паведамлялася пра град у Зэльве…

Заўтра, 21 жніўня, па паўночнаму захаду краіны абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц, моцных ліўняў і парывістага ветру.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.