Вы тут

Як выдаліць пластык з Сусветнага акіяна


Штогод чалавецтва выкідвае ў акіян да 14 мільёнаў тон пластыка, 40 % з якога лічыцца «свежым». Гэта значыць, ён трапляе ў ваду на працягу таго ж года, у які і быў выраблены.


Ма­лень­кія маг­ніт­ныя шпуль­кі па­ме­рам менш  за мі­лі­метр, здоль­ныя раз­бу­раць мік­ра­плас­тык.

Калі вас не палохае гэтая лічба, то вось вам просты прыклад: у акіяне больш кавалкаў пластыку, чым зорак у галактыцы Млечны Шлях. Пры гэтым вялікая частка гэтага пластыку наогул не з'яўляецца біяраскладальнай ці раскладаецца вельмі дрэнна: у сярэднім пластык раскладаецца ад 100 да 1000 гадоў. І гэта сапраўдная праблема, бо ён ужо выклікае гібель мноства насельнікаў мораў і акіянаў. Аднак у навукоўцаў, здаецца, ёсць рашэнне гэтай праблемы, піша hі-news.ru.

Каб паменшыць колькасць пластыку ў акіяне, для пачатку трэба было б абмежаваць яго вытворчасць, наладзіць утылізацыю і пачаць вырабляць нармальныя біяраскладальныя і бясшкодныя для прыроды віды гэтага матэрыялу. Але што рабіць з той празмернай колькасцю пластыку, якая ўжо знаходзіцца ў сусветным акіяне? У новым даследаванні, апублікаваным у часопісе Matter, навукоўцы апісваюць новы тып тэхналогіі, якая магла б дапамагчы: маленькія магнітныя «нанашпулькі», якія з'яўляюцца каталізатарамі хімічных рэакцый, здольных расшчапляць пластык. Прычым не на шкодныя кампаненты, як, напрыклад, пры спальванні, а на вуглякіслы газ і ваду.

Самі металічныя шпулькі пакрытыя азотам і марганцам. Гэтыя два хімічныя элементы ўзаемадзейнічаюць з нанашпулькамі і ствараюць высокаактыўныя малекулы кіслароду, якія, у сваю чаргу, «атакуюць» пластык. У выніку на выхадзе атрымліваюцца вуглякіслы газ, вада і шэраг нейтральных соляў, бяскрыўдных для жывых арганізмаў.

Для праверкі работы сваёй вынаходкі навукоўцы дадалі нанашпулькі ва ўзоры вады, забруджаныя мікрапластыкам (вельмі дробныя часціцы пластыку), для таго каб працэс пайшоў хутчэй. У выніку за восем гадзін у розных узорах вады навукоўцы назіралі скарачэнне канцэнтрацыі мікрапластыку ў межах ад 30 да 50 %. Пры гэтым шпулькі лёгка здабываюцца з вады звычайным магнітам і іх, само сабой, можна выкарыстоўваць паўторна.

«Наша даследаванне ўсё яшчэ знаходзіцца на стадыі доказу жыццяздольнасці канцэпцыі, — заяўляюць навукоўцы. — Але ўжо на гэтым этапе мы можам казаць пра тое, што наш падыход працуе. Вядома, трэба пратэставаць шпулькі ў больш адпаведных умовах і больш дакладна вывучыць склад вады пасля стапрацэнтнага распаду пластыку. Але мы спадзяёмся, што нашы пошукі завершацца поспехам».

Хочацца дадаць, што бяскрыўдныя (са слоў навукоўцаў) солі, якія атрымліваюцца ў выніку ўздзеяння шпулек, сапраўды патрабуюць далейшага падрабязнага вывучэння. Бо нават калі яны не шкодныя самі па сабе (што, зноў жа, пакуль яшчэ не даказана), то яны могуць уступаць у злучэнні з іншымі рэчывамі і ўтвараць больш складаныя злучэнні, якія ўжо могуць уяўляць пагрозу.

Іван Купарвас

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.