Вы тут

Чым карысная пятрушка?


Пятрушка — адзін з папулярных відаў зеляніны на нашым стале. Цікава, што яе прымянялі здаўна, прычым не заўсёды ў кулінарных мэтах. У антычнай Грэцыі яна служыла... упрыгажэннем на магілах продкаў, таксама з яе рабілі вянкі пераможцам алімпійскіх гульняў. А вось выкарыстоўваць пятрушку ў ежу пачалі старажытныя рымляне, праўда, яна падавалася толькі знатным патрыцыям...Сёння пятрушка дапаўняе і прыпраўляе амаль любую страву, яе вырошчваюць на агародах і балконах аж да надыходу першых зімовых замаразкаў. Якія вітаміны ўтрымлівае гэта зеляніна і чаму пучок пятрушкі больш карысны, чым паўкіло апельсінаў, дапамагла разабрацца ўрач-лабарант Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Бацян.


Есці пятрушку ў салатах, у якасці прыправы для гарніраў і іншых страў мы прызвычаіліся. Нават з гарачай ежай гэта расліна не траціць сваіх карысных уласцівасцяў. Але важна ведаць: зеляніна дадаецца ў гатовую страву, а не падчас прыгатавання.

— У пятрушцы ўтрымліваецца вялікая колькасць вітамінаў, яна спрыяе пахудзенню і ўмацаванню імунітэту, — пералічвае Ірына Бацян. — Дзякуючы вітаміну А яна дапамагае захаваць зрок, удзельнічае ў будове бялку з незаменных амінакіслот, бо ў 100 грамах зеляніны іх утрымліваецца 4,4 грама. Я б параіла ўжываць пятрушку вегетарыянцам, бо яны адмаўляюцца ад мяса і ў сувязі з гэтым іх арганізм адчувае дэфіцыт амінакіслот.

Таксама пятрушка ўмацоўвае і адбельвае зубы. Адбельванне адбываецца дзякуючы мноству арганічных кіслот, а ўмацаванне — з-за фосфару і кальцыю, якія ў ёй утрымліваюцца. Дзякуючы вітамінам Е, А і С і фоліевай кіслаце пятрушка прадухіляе ранняе старэнне. Вітаміны выступаюць у якасці антыаксідантаў, а фоліевая кіслата спрыяе хуткаму абнаўленню клетак. У адным пучку пятрушкі ўтрымліваецца больш вітаміну С, чым у паўкіло апельсінаў. Праўда, каб захаваць у зеляніне як мага больш яе карысных рэчываў, яе варта наразаць, а не секчы.

— Адна сталовая лыжка пятрушкі забяспечвае наш арганізм сутачнай нормай такога неабходнага мікраэлемента, як марганец, — нагадвае ўрач. — Яна, дарэчы, з'яўляецца аптымальнай дабаўкай у меню тых, хто жадае пахудзець.

Яшчэ адна перавага гэтай расліны — захаванне практычна ўсіх карысных кампанентаў незалежна ад тыпу апрацоўкі. У свежым выглядзе ў шчыльным пакеце без доступу кіслароду пятрушка ляжыць каля двух тыдняў. Гэты тэрмін можна падоўжыць, калі змясціць галінкі ў шклянку з вадой. Яшчэ адзін спосаб зберагчы ўраджай — замарозіць ці высушыць зеляніну. Перад замарозкай расліну трэба памыць і прасушыць, нарэзаць, скласці ў герметычны пакет і змясціць у маразільную камеру. Замарожваюць раслінныя прадукты ў асноўным у камерах з сухой замарозкай, але падыдуць і статычныя — расліна не згубіць сваіх карысных уласцівасцяў.

Зручна карыстацца і сушанай пятрушкай. Высушыць яе можна рознымі спосабамі. Лепш за ўсё раскласці на тканіне і пачакаць, пакуль яна высахне ў натуральных умовах. Каб паскорыць працэс, можна выкарыстаць духоўку. Прыадчыніце дзверцы духавой шафы і сушыце зеляніну пры тэмпературы каля 40 градусаў.

Што занадта...

— Прачытаўшы пра карысць гэтай культуры, некаторыя могуць вырашыць, што шкоды ад яе дакладна не будзе і можна есці колькі заўгодна. Але гэта не так, не варта злоўжываць ніякім прадуктам, у тым ліку і пятрушкай, — папярэджвае Ірына Бацян. — Ад гэтага можа ўзнікнуць галаўны боль, млоснасць, вадкі стул і моцнае зніжэнне вагі. Варта прытрымлівацца сутачнай нормы ужывання гэтай зеляніны. Яна складае ўсяго 50 грамаў (сярэдні пучок). Проціпаказаннямі да ўжывання пятрушкі з'яўляюцца індывідуальная непераноснасць, вострыя захворванні мочапалавой сістэмы і нырак, абвастрэнне хвароб стрававальнай сістэмы і ў некаторых выпадках — цяжарнасць.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Пучок у дзень

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.