Вы тут

Абрэзка агрэсту пасля збору ўраджаю


Агрэст — куст, які лёгка пускае новыя парасткі і кожны сезон патрабуе стараннага догляду і своечасовай апрацоўкі расліны. Калі гэтага не рабіць, то галін робіцца вельмі шмат, а выдаляць лішнія парасткі, пакрытыя вострымі калючкамі, — не вельмі проста. Акрамя таго, агрэст любіць святло — ад гэтага наўпрост залежыць якасць ураджаю. Харчаванне, якое атрымлівае расліна з каранёў, раўнамерна размяркоўваецца па галінах. Чым парасткаў больш, тым меншыя плады.


Абрэзкі агрэсту нельга рабіць стыхійна. Гэты працэс ажыццяўляецца па вызначаных правілах.

Задача садоўніка складаецца ў тым, каб сачыць за канцамі парасткаў, якія адрастаюць, і выдаляць «мёртвыя» галіны. Калі парасткі слабыя і кароткія (менш за 7 см), то іх варта абрэзаць да месца, дзе галіна ўтварыла моцныя і здаровыя адгалінаванні. На тонкіх далікатных канцах ягады ўсё роўна не з'явяцца, затое пажыўныя рэчывы, паступаючы ў верхавінныя пупышкі, забяруць жыццёвую сілу ў больш здаровых парасткаў.

Што рабіць з нулявымі парасткамі?

Нулявымі парасткамі называюцца галіны, якія растуць каля паверхні зямлі. Іх пажадана абрэзаць на чвэрць. Тады куст пусціць шмат новых парасткаў. Трэба ўважліва агледзець галіны з вонкавага боку. Выявіўшы самую моцную пупышку, парасткі трэба абрэзаць на 10 см вышэй. У гэтым выпадку новая галінка будзе расці вонкі, а не ўглыб.

Калі лепш займацца абрэзкай агрэсту?

Садоўнікі не любяць рабіць абрэзку вясной, таму што перыяд, дапушчальны для выдалення лішніх парасткаў, вельмі кароткі. Лепш распачынаць работу ўвосень, калі куст «засынае» і працэсы засваення пажыўных рэчываў у ім запавольваюцца.

Абрэзка пасля збору ўраджаю добрая тым, што няўзброеным вокам можна заўважыць слабыя і загінулыя галіны і не спяшаючыся іх выдаліць. А вясной застанецца толькі сфарміраваць куст.

Асаблівасці восеньскай апрацоўкі агрэсту

Вельмі важны догляд агрэсту восенню. Абрэзка праз год пасля пасадкі абавязковая. Усе неабходныя дзеянні трэба завяршыць яшчэ да надыходу халадоў, каб расліна паспела «прыйсці ў сябе» і месцы абрэзаў сталі сухімі. Увосень дазволена выдаленне мёртвых і слабых галін, але не варта караціць парасткі. Расліна пусціць новыя галінкі, надыдзе мароз, і маладыя галінкі могуць загінуць.

Што варта рабіць

Дбайны агляд кары дазволіць зрабіць правільныя высновы пра ўзрост галінак.

Счарнелыя, цёмныя, безжыццёвыя парасткі трэба выдаліць адразу ж.

Калі кусту шмат гадоў і амаль усе галіны ўжо не пладаносяць, нельга рэзаць усе галіны за адзін заход. Пры сезонным абразанні неабходна пакінуць як мінімум траціну галінак.

Можна смела выдаляць галіны, размешчаныя занадта нізка ці далёка ад асноўнага куста.

Правільнае абразанне агрэсту восенню дазволіць у перыяд актыўнага раставання снегу толькі прыбраць з кустоў падмерзлыя за зіму галінкі, пакараціць тонкія парасткі і абрэзаць тыя, што выраслі каля зямлі.

Абрэзка агрэсту павінна ажыццяўляцца кожны год

Агрэст пачынае актыўна пладаносіць праз 5-6 гадоў пасля пасадкі куста ў зямлю, таму што першыя гады ідзе фарміраванне каранёвай сістэмы. Ягад яшчэ няма, лісця мала.

Фарміруючы куст, варта пакідаць па 3-4 нулявыя парасткі. Дзякуючы гэтаму на кусце за 5-гадовы перыяд з'явіцца вялікая колькасць (прыкладна 25) моцных галінак неаднолькавага ўзросту. Праз азначаны перыяд куст агрэсту пачне прыносіць выдатны ўраджай. На працягу 4-5 наступных гадоў ягады будуць багата пакрываць галінкі, а ва ўзросце 8-9 гадоў пачнецца працэс старэння.

Як толькі з зямлі з'яўляецца чарговы парастак, яго трэба зрабіць карацейшым на чвэрць, сачыць, каб усе галіны «грэліся» ў промнях святла, і не забывацца абразаць галіны, якія імкнуцца прарасці ўглыб куста.

Чаго не варта рабіць?

Важна не здзяйсняць памылак пры апрацоўцы агрэсту, каб работы папярэдніх гадоў не прайшлі дарэмна.

Абрэзка агрэсту летам можа скончыцца сумна, таму што новыя парасткі будуць яшчэ занадта далікатныя і слабыя, каб вытрымаць націск першых восеньскіх і зімовых маразоў.

Калі галінкі пладаносяць, нельга выдаляць іх сёлетнія прыросты. Варта агледзець іх увесну і абрэзаць тыя, што пачарнелі і высахлі. Парастак чарнее, калі яго пашкоджвае мучністая раса, і гіне, калі да маразоў не паспеў пакрыцца шчыльнай светлай карой. Летняя апрацоўка куста зводзіцца да таго, каб у першых чыслах ліпеня адшчыкнуць верхавінныя пупышкі ў галінак, тым самым перакрываючы паступленне пажыўных рэчываў у самыя верхавіны.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.