Вы тут

Алесь Бадак: ...Уся палітра беларускай літаратуры


Не за гарамі 2020 год. І, несумненна, у розных галінах дзейнасці думаюць пра перспектывы, пра тое, якім наступны год павінен быць у тым ці іншым кірунку. Так і ў выдавецкіх клопатах — нельга працаваць, жыць без уяўлення перспектыў, уяўлення пра заўтрашні дзень. Мы сустрэліся з дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем БАДАКОМ, каб пагаварыць пра найбліжэйшыя і, магчыма, больш далёкія перспектывы.


— Алесь Мікалаевіч, якім будзе наступны год для вашага выдавецтва?

— Спадзяюся, што плённым. Ужо сёння мы ўяўляем, якія кнігі выпусцім, некаторую частку з іх ужо пачынаем рыхтаваць. На крайні выпадак ёсць рукапісы, фарміруюцца адносіны з аўтарамі. А самае галоўнае — інфармуем бібліятэкі і кнігарні пра канкрэтныя планы выдання кніг у 2020 годзе.

— І колькі назваў кніг збіраецеся выдаць? На чым выбудоўваеце галоўныя акцэнты?

— Перш-наперш у полі зроку «Мастацкай літаратуры» — зразумела, мастацкая літаратура. Як класіка, так і сучасная. Гэта наш традыцыйны клопат. І здраджваць яму мы не збіраемся. А што да колькасці назваў, то іх плануем выдаць 85. Праўда, адразу заўважу, што гэтыя арыенціры носяць характар перспектыўны. Магчыма, нешта дадасца. А штосьці — пры ўмове, што эканоміка выдання будзе кульгаць, што не будуць сабраны замовы, — давядзецца ўсё ж пакуль што адкласці. Канчаткова зацвердзім план 2020 года крышачку пазней, недзе праз паўтара-два месяцы.

— Вы гаварылі пра класіку... Кнігі каго з вядомых пісьменнікаў пабачаць свет?

— Працягнем выданне «Залатой калекцыі беларускай літаратуры»...

— Прабачце, гэта 50-томнік...

— Так, гэта 50-томнік, які фактычна адлюстроўвае ўсю гісторыю беларускай літаратуры. Выпусцім 19-ы том — у яго ўвойдуць аповесці 1920—1930-х гадоў. А наступны — 20-ы — будзе прысвечаны паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Мяркуем выдаць і 21-ы том, у які ўвойдуць найлепшыя творы вялікага беларускага драматурга, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Як на мой розум, такую бібліятэку варта мець дома кожнаму настаўніку беларускай мовы і літаратуры. Іначай як жа выкладаць родную літаратуру?! Ды і для літаратуразнаўцаў, крытыкаў, для школьных і ўніверсітэцкіх бібліятэк такая «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» — неацэнны скарб.

— У «Мастацкай літаратуры» выдаваліся ў апошнія гады і зборы твораў...

— Працягваем гэты кірунак і цяпер. Выйдуць у 2020 годзе два тамы з 25-томнага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча — дзевятнаццаты і дваццаты. А яшчэ — пяты і шосты тамы з дзесяцітомніка народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. І па гэтым жа раздзеле «Зборы твораў, выбраныя творы» яшчэ выдадзім зборнік народнага паэта Беларусі Максіма Танка «Выбраныя творы, успаміны, фотаздымкі». Павінен пабачыць свет і раман Алеся Адамовіча «Сыновья уходят в бой».

— А што з сучаснай прозы і паэзіі прыйдзе кнігамі да чытача ў 2020 годзе?

— Анатоль Бутэвіч, Ягор Конеў, Алег Ждан, Валеры Гапееў, Алесь Казека, Наталля Канстанцінава, Ларыса Калужэніна, Георгій Марчук, Андрэй Федарэнка і іншыя пісьменнікі пазнаёмяць чытача з новымі сваімі творамі. Асобна хацеў бы вылучыць раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро». Псіхалагічны дэтэктыў, які знешне працягвае тэму раней вядомых твораў пісьменніка — «Афганскай шкатулкі» і «Шчарбатага талера». Памятаеце, па «Шчарбатым талеры» была знята кінакарціна на «Беларусьфільме»? Толькі згаданыя творы ў большай ступені адрасаваны да дзіцячага чытача, да падлеткаў, а вось «Жэтон на метро» разлічаны на дарослую чытацкую аўдыторыю. У межах крымінальнай гісторыі разгортваецца вечны сюжэт злачынства і пакарання.

Упэўнены, што даспадобы прыйдзецца чытачу і кніга аповесцяў Ягора Конева «Новыя палескія рабінзоны». Не буду пераказваць сюжэт твора, які даў назву зборніку, — вельмі ўжо, пагадзіцеся, красамоўная назва. А вось аповесці «Нёманскі шлях Андрэя Станкевіча», «Андрэй Станкевіч і Таемнае мастацтва» і «Суддзя Станкевіч і вагі Феміды» запрашаюць нас у ХVІ стагоддзе, знаёмяць са славутым следчым таго часу. Творы Ягора Конева досыць дынамічныя, напоўненыя дзеяннем, багатыя на розныя прыдумкі. Чытаюцца ўсе аповесці лёгка, нязмушана.

Паспрабавалі мы яшчэ і паэксперыментаваць вось у якім плане. Рыхтуем два зборнікі апавяданняў з выразнымі тэматычнымі абсягамі — пра каханне («Вераснёвыя ночы») і пра нашых братоў меншых, пра жывёл («Святая птушка»).

— У чым жа эксперымент?

— Пад адной вокладкай сабраны як класічныя творы, так і апавяданні сучаснікаў. Вось у кнізе «Вераснёвыя ночы» Якуба Коласа, Кузьму Чорнага, Міхася Зарэцкага, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Івана Навуменку, Анатоля Кудраўца, Вячаслава Адамчыка дапаўняюць героі нашых сучаснікаў Аляксея Дударава, Андрэя Федарэнкі, Алены Брава і пісьменнікаў больш маладых. Мне здаецца, у такім збіранні ёсць пэўная логіка — тут і партрэт беларускай прозы праз многія дзесяцігоддзі, і шматаблічча герояў. Праз такія зборнікі прыадкрываюцца і вобразы прадстаўнікоў нашага народа з розных пакаленняў. Хіба не цікава паўзірацца ў думкі і памкненні папярэднікаў?.. А следам — і паразважаць, наколькі мы падобныя ці адрозныя.

Дарэчы, жаданне паяднаць розныя эпохі, розныя часіны кіравала намі, калі мы праектавалі серыю «Бібліятэка гістарычнай прозы». Збіраемся ў ёй выдаць творы Леаніда Дайнекі («Меч князя Вячкі»), Кастуся Тарасава («Пагоня на Грунвальд»), Вітаўта Чаропкі («Храм без Бога»). У выхадных звестках пазначым стагоддзе, да якога прымеркаваны змест твора. А яшчэ дададзім у кожны том архіўныя дакументы, што дапоўняць мастацкі тэкст. Такім чынам, будзем спадзявацца, за гады будзе выкладзена гісторыя Айчыны праз ёмісты збор кніг.

— У свой час у Мінску было выдавецтва «Юнацтва», якое працавала з разлікам на юнага чытача, на дашкольнікаў, малодшых школьнікаў, падлеткаў, юнакоў і дзяўчат. Пасля выдавецтва далучылі да «Мастацкай літаратуры». Значыць, вы і гэтымі тэматычнымі абсягамі апякуецеся?

— Так, мы фактычна адначасна і функцыі «Юнацтва» выконваем. У тэматычным плане на 2020 год да такіх кніг можна смела аднесці больш за 30 назваў. І таксама — размова і пра класікаў, і пра сучаснікаў. Збіраемся выдаць кнігі Раісы Баравіковай, Івана Юркіна, Пятра Васючэнкі, Галіны Пшонік, Ірыны Тулупавай, Міхася Пазнякова, Міколы Мятліцкага, Марыны Помаз-Лайковай... Серыя «100 пытанняў пра Беларусь» будзе складацца з асобных лаканічных, вельмі ілюстрацыйных зборнічкаў — «10 пытанняў пра беларусаў», «10 пытанняў пра нашых славутых гістарычных асоб», «10 пытанняў пра беларускія гарады і вёскі», «10 пытанняў пра беларускія рэкі і азёры», «10 пытанняў пра звяроў» і г. д. Году малой радзімы прысвяцілі серыю «Нашы сімвалы» — выйдуць калектыўныя зборнікі вершаў «Васілёк і валошка», «Буслава айчына», «Зубры-гаспадары», «Бульбінка», «Лён-лянок», «Шыпшынавыя пацеркі». Я яшчэ назваў бы гэтую адмысловую серыю «школай радзімазнаўства». Імкненне выхоўваць патрыятычныя пачуцці — самая важкая сацыяльная, грамадзянская задача для пісьменнікаў.

— Што яшчэ дададзіце, Алесь Мікалаевіч, да расповеду пра планы «Мастацкай...» у 2020 годзе?

— Гатовы расказваць пра кожную кнігу досыць падрабязна. Але спяшаюся заўважыць, што выдавецтва не забылася пра такіх аўтараў, як народны паэт Рыгор Барадулін, як Алесь Пісьмянкоў, Аляксей Пысін, Віктар Карамазаў, Генрых Далідовіч...

— У выдавецтва ёсць серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Таксама з яе за гады склалася вялікая і цікавая бібліятэка, якая дапамагае стварыць асветніцкі партрэт нашай Айчыны праз персаналіі, расповед пра жыццё, творчасць сапраўды цікавых нашых суайчыннікаў. За мінулыя гады ў серыі былі выдадзены кнігі пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Кузьму Чорнага, Янку Маўра... Ці будзе працяг у серыі ў 2020 годзе?

— Ужо рыхтуем да выдання ў «ЖЗЛБ» кнігі пра народнага пісьменніка Беларусі драматурга Андрэя Макаёнка і вядомага беларускага дзяржаўнага дзеяча Аляксандра Кузьміна. Мне здаецца, асабліва цікавай атрымаецца кніга пра Аляксандра Трыфанавіча. Яго біяграфія напоўнена многімі падзеямі ХХ стагоддзя. Кузьмін больш за дваццаць гадоў працаваў у ЦК КПБ, доўгі адрэзак часу займаў пасаду сакратара ЦК па ідэалогіі. Сябраваў з многімі творчымі людзьмі. Захаваліся ўспаміны Васіля Быкава, Івана Шамякіна, многіх пісьменнікаў, гісторыкаў пра сустрэчы, размовы з Кузьміным, вядомы яго ўнёсак у стварэнне серыі гісторыка-дакументальных хронік «Памяць», якая ў Беларусі была прысвечана кожнаму раёну краіны.

— Новыя кнігі — гэта новыя сустрэчы, новыя з'явы. І можна толькі падзякаваць выдавецтву «Мастацкая літаратура», што яно робіць усё магчымае, каб іх было як мага болей!

Гутарыў Мікола Берлеж

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».