Вы тут

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль


У Паставах у спартыўна-турыстычным комплексе «Азяркі» 18 жніўня прайшоў Першы інклюзіўны фестываль для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе». Тут сабраліся сем'і, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей, не толькі з усёй Пастаўшчыны, але і з суседніх раёнаў — Браслаўскага і Глыбоцкага. А валанцёры, аніматары ды іншыя ўдзельнікі, якія і дапамаглі зрабіць свята, з'ехаліся ледзь не з усёй Віцебшчыны. «Наша мэта — вывесці за межы кватэры асаблівых дзяцей і іх бацькоў, даць апошнім магчымасць адпачыць і абстрагавацца ад клопату пра хворае дзіця», — сказала нам арганізатар фестывалю пастаўчанка Рыта Шылей. Улічваючы, што і праз тры гадзіны, на якія быў разлічаны фестываль, госці не спяшаліся пакідаць спартыўна-турыстычны комплекс, мэта была дасягнута.


Аб'яднаць неабыякавых і...

— Ідэя правядзення такога свята ўзнікла ў мяне, калі мы з дачкой былі на рэабілітацыі ў Польшчы, — кажа Рыта Шылей. — Там праводзяцца бясплатныя гарадскія мерапрыемствы, дзе для дзяцей і дарослых прадугледжаны розныя забавы, пачастункі і падарункі. Такія святы праводзіліся і ў варшаўскай клініцы OLІNEK, дзе мы знаходзіліся. Іх арганізуе або сам гаспадар, або хтосьці з сем'яў дзетак. Вось у чэрвені мы з маёй Соняй пабывалі на такім свяце, прысвечаным Дню абароны дзяцей. Гэта на самай справе стварае класны эмацыянальны фон.

А вярнуўшыся дадому, Рыта вырашыла арганізаваць штосьці падобнае ў Пастаўскім раёне. Прычым фестываль міжволі атрымаўся маштабны. Для ўдзелу ў ім зарэгістравалася больш за 80 сем'яў! А калі ўлічваць, што ў многіх сем'ях некалькі дзетак, то ў «Азяркі» толькі малых прыехала больш за сотню, а таксама больш за паўтары сотні бацькоў.

Але пра ўсё па парадку. Арганізаваць такое вялікае мерапрыемства ў адзіночку, безумоўна, немагчыма. З самага пачатку Рыце дапамагала валанцёр Настасся Макаед. Падтрымалі дзяўчат многія — і дзяржаўныя ўстановы, і мясцовыя прадпрымальнікі, і проста нераўнадушныя людзі. Першым, да каго звярнулася Рыта, быў генеральны дырэктар установы «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» Станіслаў Чымбург, які выдзеліў пляцоўку для фестывалю. Падтрымалі ідэю ў райвыканкаме і мясцовым цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Адгукнуліся і іншыя арганізацыі і прадпрымальнікі, а таксама валанцёры.

У выніку гасцей забаўлялі аніматары, якія прыехалі з Глыбокага, Полацка і Мядзела. Фатографы арганізавалі чатыры фотазоны, дзе адразу можна было атрымаць свае фотаздымкі. Машыны з мыльнымі бурбалкамі, паветраныя шарыкі, роставыя лялькі і цыркавая студыя, міні-заапарк і катанне на конях — новыя прыгоды і ўражанні падпільноўвалі дзяцей літаральна за кожным дрэвам. Кіраваў святам прафесійны вядучы — Аляксей Грамыка спецыяльна прыехаў з Масквы.

Рыта Шылей з дачкой Соняй

У фудзоне можна было пачаставацца смажанай бульбай, побач варылася рыбная поліўка і смажыліся каўбаскі. Пагранічнікі разгарнулі палявую кухню. Хапала і салодкіх пачастункаў — куды ж без іх. Вагончык з салодкай ватай, напрыклад, выставіў мясцовы прадпрымальнік. Іншыя пачастункі, той жа зефір ручной работы, даведаўшыся пра свята, перадавалі сем'і з асаблівымі дзецьмі нават з Магілёва.

Не застаўся ўбаку і дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Ветразь». Яго галоўны ўрач Сяргей Петухоў, які не першы год працуе з асаблівымі дзецьмі, не толькі даў слушныя парады наконт арганізацыі святочнай пляцоўкі, але і вылучыў 20 валанцёраў з ліку медыкаў цэнтра, якія аказвалі прафесійную дапамогу. Яны арганізавалі санітарную зону для дзяцей і работу псіхолага.

— Такія дзеці — публіка асаблівая і непрадказальная. Я вельмі хвалявалася — усё ж упершыню давялося арганізоўваць такое свята, — прызнаецца Рыта Шылей. — Але ўсё прайшло выдатна. Мерапрыемства атрымалася незабыўнае! Бацькі і дзеці разняволіліся, у канцы свята гэта была адна вялікая сям'я. Я атрымала і атрымліваю дагэтуль многа цёплых слоў падзякі. Вельмі хацелася б зрабіць гэта свята традыцыйным, хоць яшчэ з раніцы ў нядзелю я так не думала.

...зрабіць больш, чым можаш

У сям'і самой Рыты малодшая дачка, сямігадовая Соня, таксама асаблівая. Яна нарадзілася абсалютна здаровай, але пасля прышчэпкі ў нованароджанай дзяўчынкі здарыўся інсульт.

— Я не ўдзельнічаю ў дыскусіях наконт прышчэпак у сацсетках і на форумах. Я не супраць прышчэпак, і мая старэйшая дачка Дар'я вакцыянавалася, як і ўсе дзеці. Але так склаліся абставіны: нам з Соняй проста не пашчасціла, мы трапілі ў сумную статыстыку, — кажа Рыта Шылей. — Соню адразу даставілі ў рэанімацыю Маладзечанскай бальніцы, і там медыкі зрабілі ўсё магчымае, дзякуючы чаму выратавалі яе ад больш цяжкіх наступстваў.

Аднак дыягназу ДЦП, хоць і ў лёгкай ступені, усё ж не ўдалося пазбегнуць. У дзяўчынкі быў паралізаваны правы бок — рука і нага. Сям'я шмат часу і сродкаў уклала ў рэабілітацыю дачкі. У два гады яна самастойна пайшла. Некалькі разоў бацькі выязджалі за мяжу — у польскія і бельгійскія клінікі, і нагу ўдалося аднавіць. Рука пакуль не працуе, але ў сям'і добра ўсведамляюць, што рэабілітацыя — працэс вельмі доўгі.

— Соня — сапраўдны змагар! І вельмі правільна ставіцца да ўсяго: у яе няма праблем. Нягледзячы на затрымку маўлення, яна наведвала звычайны дзіцячы садок. А з 1 верасня пойдзе ў першы клас звычайнай школы. Таксама яна наведвае секцыю каратэ — нам параілі польскія рэабілітолагі. І робіць вялікія поспехі: у яе вялікая матывацыя не адставаць ад іншых дзяцей, і яна навучылася такім рухам, якія не ўдавалася асвоіць у клініцы. У Соні шмат сяброў. Рухаецца хтосьці на інваліднай калясцы ці ходзіць нагамі — яна не робіць адрозненняў. Яе сябры-калясачнікі катаюць яе ў сябе на каленях — для Соні гэта абсалютна нармальна.

Рыта і сама выразны прыклад таго, як жыць, заўважаючы не праблемы, а прыгажосць вакол. Яна, акрамя таго, што даглядае дачку, займаецца фатаграфіяй. Гэта вясельныя і сямейныя фотаздымкі, а таксама і яе асабістыя праекты. Адзін з іх — «Асаблівыя, як усе», які ў хуткім часе пастаўчанка збіраецца паказаць.

— Гэта праект не пра хваробу. Ён пра маму, тату, сяброўства. Я хачу паказаць асаблівых дзяцей шчаслівымі. Ёсць каманда ў Мюнхене, якая прапанавала мне зрабіць выстаўку ў Германіі. Але мне хацелася б спачатку паказаць яго на радзіме.

Як сапраўдны перфекцыяніст, Рыта лічыць, што праект пакуль не гатовы.

— У мяне ёсць яшчэ некалькі задум. Напрыклад, сфатаграфаваць сям'ю святара, у якой таксама выхоўваецца асаблівае дзіця. Гэта такі пасыл для таго, каб людзі пачалі задаваць сабе правільнае пытанне — не «за што?», а «для чаго?».

Таксама ў планах сфатаграфаваць тат, якія не пакінулі сям'ю з асаблівым дзіцем. А яшчэ паказаць тэму адносін братоў і сясцёр, якія няпроста выбудаваць, калі ў сям'і з'яўляецца асаблівае дзіця.

Соня Шылей

...Агніі Барто належыць знакамітая фраза «Амаль у кожнага чалавека бываюць у жыцці хвіліны, калі ён робіць больш, чым можа». У кагосьці такіх хвілін няшмат, а хтосьці пражывае так амаль усё жыццё. Наша гераіня — якраз з апошніх. Таму можна не сумнявацца, што фестываль стане традыцыйным.

Алена КРАВЕЦ

Фота Аляксея ЯЦЫНЫ

Загаловак у газеце: Асаблівыя, як усе

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.