Вы тут

Ля ракі на гэты раз Ясь знайшоў... процівагаз


Што было, — было: адзін з вернікаў і ў адчаі, можна сказаць, у сінагогу прыйшоў, сказаў: «Рэбе, у мяне такія праблемы, такія праблемы! Я не магу з імі справіцца... Што рабіць? Што думаць?..» — «Мойша, — пачуў у адказ, — Бог кожнаму пасылае праблемы па ягоных сілах. Так што ў цябе адно з двух: альбо ты можаш з імі справіцца, альбо гэта не твае праблемы».

То-бок у Мойшы варыянтаў два. У нашым жа звяздоўскім конкурсе на лепшы подпіс да здымка, мусіць, больш за сто дваццаць два, а выбраць давядзецца адзін — найлепшы. Праўда, гэта будзе потым, а пакуль...


«Зноў доўгачаканая рубрыка! Нарэшце!.. Разумеем, што даецца яна не проста, — пішуць сужэнцы Астроўскія з Мінска, — але ж сёння без яе, без гумару, без чарговага задання ну проста ніяк!.. Гэты вось, новы здымак (можна яшчэ раз глянуць на верхні. — Аўт.) напомніў нам многае: і цудоўныя мясціны роднага краю, і ваеннае ліхалецце, і Чарнобыль... Яно і зразумела: вельмі шмат што жыццё кладзе нам на плечы...»

Адкуль, трэба разумець, і досыць сумнае:

Факт на здымку не з вясёлых:

Кветак шмат, ды гінуць пчолы,

Бо аграрнікі заўзята

Распыляюць хімікаты:

Ім што поле, то нагода,

А прыродзе — шкода, шкода,

Ад якой — і як заўсёды —

Шмат праблем...

Яшчэ і з мёдам.

Пра іншыя, не менш балючыя, нагадваюць іншыя чытачы — у тым ліку і ад імя героя... Спадар Віктар Сабалеўскі з Узды, у прыватнасці, піша:

Звабілі ад гмахаў

Родныя сялібы...

Ды ні ў лузе пахаў,

Ні ў ставочку рыбы.

Нібы марсіянін,

Здзіўлены, гуляю.

Ганьба нам, зямляне:

Чысціні шукаю!

А замест яе (і з тога ж канверта)...

Ля Дзвіны ці Нёмна,

Прыпяці ці Сожа

«Шчасцейка» раптоўна

Напаткаці можа:

Ці вада з мазутам,

Ці ў траве бляшанка...

Ад такіх пакутаў

Засцярогся Янка.

Цяжка ў процівагазе, вядома ж... А што рабіць? Зразумела, прыстасоўвацца. Вось і прыстасаваліся, бедныя. І людзі, і палеткі, і кветкі. Больш за тое... «Іх пылку, які ў час цвіцення рассейваюць тычынкі ў пошуках свайго песціка, заўсёды бывае з запасам. І не дзіва, што для чалавека пылок той можа стаць як моцным стымулятарам, так і моцным алергенам», — з веданнем справы піша спадар Іван Сіманёнак з Паставаў. Яго радкі:

Офіснаму клерку

Родная прырода

На пачатку лета

Прычыніла шкоду:

Засвярбела ў носе,

Набрынялі вочы,

Алергена носьбіт —

Жоўценькі пылочак.

Трэба разумець, якраз ад яго, лятучага, той клерк і сам бароніцца з дапамогай процівагаза, і (на думку спадара Міколы Кісяля з Мінска) іншым прапануе:

Той, хто любіць пахі лета,

Ды хвароб баіцца,

Хай запомніць, што вось гэтак

Можна бараніцца:

Усцягнуў процівагаз

І гуляй, як дзікабраз.

У тэму тут і радкі спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавічаў:

Паглядзіце, ягамосці, —

Гэта з будучыні госці...

Стрэнеш недзе

ды сам-насам, —

Каб не стаў заікам часам.

А некалі ж, некалі гулялі зусім не так! «Усе цёплыя дні майго маленства, — успамінае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — прайшлі на вадаёмах. Каля нашай вёскі некалі здабывалі торф. Дык вось у былых кар'ерах і вялікай варонцы часоў вайны, запоўненых чысцюткай вадой, мы, дзеці, вучыліся плаваць, набіраліся спрыту і сіл, можа, нават лячыліся, бо там да ўсяго вадзіліся п'яўкі. Здаралася, што нейкія з іх маглі і «грызануць», а для здароўя ад гэтага толькі карысць...»

«Цяпер, — шкадуе спадар Гаўрыш, — тых вадаёмаў няма. На іншых таксама не пакупаешся, бо там то брудная вада, то забарона: нельга, значыць, ні купацца, ні рыбу лавіць... А дзе ж тады расці нашым дзецям ды ўнукам, дзе адпачываць дарослым?»

Актуальнае пытанне. І такі ж адказ:

Каб здаровымі застацца,

Пішуць, нельга тут купацца:

Цячэ хімія з палёў,

Ад яе хварэе кроў...

На пікет прыйшоў Арцём:

«Абаронім вадаём!»

Прыйшоў, як вы заўважылі, падрыхтаваўшыся — у процівагазе... Стаяць у ім, ну вядома ж, не мёд. (Прыкладна як хвораму... «Доктар, — шэпча той, — я ледзь дыхаю, я нічога не бачу...» — «Аплаціце рахункі, — чуе ў адказ, — і я тут жа загадаю, каб з галавы ў вас знялі мяшок».)

Як пасля гэтага чалавек задыхае, вы здагадаліся. А спадарыня Наталля Шкут са Светлагоршчыны яшчэ і напісала:

З прамзоны

ці не ў першы раз

На хутар выехаў Сярожа.

На твар надзеў процівагаз —

Азонам дыхаць ён не можа.

Кажуць, што ад яго і сапраўды галава пачынае балець, бо (заўвага ад спадарыні Валянціны Гудачковай:

Пахі траў — не для мужчын:

Падавайце ім бензін).

Тут, выходзіць, не тое «падалі». Вось хлапец і бароніцца. Ці ўсё ж трэніруецца?

Перад чым? Тое вядома спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:

Ясь знайшоў процівагаз

На гарышчы у дзядулі,

Прымярае ў першы раз:

Хутка ў войска... Там не гулі.

І ў салдаты, не у сваты:

Не заявіш: «Не пайду!»...

А надумаеш хавацца,

Дык пад рукі павядуць.

Зрэшты, можа, і сам папросіцца — як адзін студэнт: прыйшоў ён на першую пару — не тое ў політэхнічны, не тое ў радыё-, пад дыктоўку выкладчыка запісаў тэму заняткаў: «Рэчаісная функцыя камплекснай пераменнай. Сюр'ектыўныя, ін'ектыўныя і біяктыўныя функцыі» — і адразу ж на тэлефон: «Алё, ваенкамат? Я перадумаў. Калі ў вас можна прайсці медкамісію?»

Трэба разумець, захацеў хлапчына служыць. Чым гэта можа абярнуцца, убачыла на здымку спадарыня Гудачкова:

Навабранцу быў прыказ

Берагчы процівагаз!

Захаваў у час вучэнняў!

Ды... згубілася адзенне.

Што на беразе ракі ды ў такой вось высокай траве, мякка кажучы, небяспечна.

Чым канкрэтна, — ведае спадарыня Чыгрынава. Яна ж — не тое просіць, не тое засцерагае:

Не хадзіў бы ты, сынок,

Тут без ботаў і парток:

У трусы «нырне» вужака

І... мужчына ты — ніякі.

Дарэчы, пра мужчын (пра іх — як кажуць жанкі — любой часінай дарэчы)... І таму

Каля рэчкі, каля гаю

Свайго любага пазнаю:

У яго трусы малыя,

Ножкі тонкія, худыя, —

піша спадарыня Галіна Пятроўская са Смаргоншчыны, неяк «не заўважыўшы», процівагаз на твары. З таго ж канверта яшчэ восем заліхвацкіх радкоў:

Лета, рэчка, сенажаць —

Анямелая...

Клічу дзевак паляжаць,

Калі... смелыя.

Калі не? Калі доўга альбо і зусім не ідзе тая адна-адзіная, тады ўжо іншая карціна, іншы і настрой:

Свеціць сонца на ўсё неба,

Сэрца — птушкай у грудзях...

Мяне мілка разлюбіла —

Утаплюся у слязах.

А значыць, сам хлапчына іх пралівае (процівагаз на твары, каб гэтай слабіны нябачна было)... Ці ўсё ж не сам, а (паводле спадарыні Чыгрынавай)... яго крэдыторы да рэчкі «давялі» (ці, можа, і да ручкі):

Не пабіла грады градам,

Не пужаў нажом бандыт...

Ясь застаўся з голым задам

Праз даляравы крэдыт.

І тут вось што крыўдна, папярэджвалі чалавека: ён у банку быў, абмяркоўваў умовы крэдытавання, калі дзверы там расчыніліся і трое з пісталетамі ў гвалт: «Стаяць!.. Гэта аграбленне!» — «Ды я ведаю, — адказаў ім Ясь. — Але ж цешча ўсе вантробы ад'ела: «Бяры крэдыт...», ды «Бяры крэдыт...», «Будуй жыллё» ды «Будуй...»

Трэба разумець, «дабудаваўся» чалавеча: у палях ад крэдытораў хаваецца. А можа — як лічыць спадар Сіманёнак — тут зусім іншы варыянт, з рубрыкі «Крымінальная хроніка»? То-бок «пашчасціла» хлопцу дзеўку сустрэць, з якой так хораша ўсё пачыналася: падабрала, абагрэла... А ўрэшце — абабрала і выгнала. Гэта — калі апісваць празаічным радком, калі паэтычным...

Над купальскаю вадой

Пазнаватым ранкам

Топча жоўты зверабой

Голы-босы Янка.

Страціў розум ён і твар,

Да любошчаў падкі...

Не дапяў — у дзеўкі дар

Яшчэ той махляркі!

Між іншым, можа ён і ў хлопцаў быць. А вось які?

«Гадоў колькі таму ў адной з гарадскіх кватэр «парвала» трубу ацяплення, — успамінае спадар Мікалай Старых з Гомеля. — Сантэхнікі прыехалі на ліквідацыю аварыі. Дзверы адчынілі і як не рухнулі: кватэра (амаль да столі!) была завалена розным барахлом. А паколькі яно яшчэ і намокла... Іншага выйсця не было: пад вокны падагналі трактар, у прычэп паскідалі ўсё «дабро» і вывезлі на сметнік. Так што жывы Курылка!» — сцвярджае шаноўны Мікалай Валянцінавіч. Ад яго ж:

Ля ракі на гэты раз

Ясь знайшоў... процівагаз

І на кумпал свой надзеў...

Да сябе кіруе ў хлеў...

Кажа: «Усякая драбніца

Калі-небудзь ды згадзіцца...»

Ну а я зрабіў выснову:

Перад намі Плюшкін новы.

«А вось і не, зусім не!» — упэўнены сужэнцы Астроўскія:

Спорту ў нас даўно пашана:

Дайвінг — любы для Івана.

І на шчасце юнака

Ёсць празрыстая рака.

Там нырае ён заўзята.

То адзін, то разам з братам.

Чэмпіёнам хутка стане.

Мы — упэўнены ў Іване!

А спадарыня Любоў Чыгрынава «ківае» між тым на... Пятра, лічыць, што ён такі скарыстаўся сэлфі-палкай, якую тры гады таму жонка падарыла на 23 лютага: дастаў ёю трусы, што заваліліся за пральную машыну, і нават у іх прыбраўся, а потым

Бачу, у нас на сэлфі мода?

Вырашыў праславіцца:

Хтось «нанёс» тату з нагоды,

Ён у «масцы» плавіцца.

І каб толькі:

Закарцела-такі Пецю

«Засвяціцца» ў інтэрнэце,

Дык на твар у гэты раз

Нацягнуў процівагаз.

Карацей, чым бы дзіця ні цешылася... А бацькі пазіраюць ды ціхую гамонку вядуць: «Не ўяўляю, як мы будзем яго ад грудзей адлучаць?» — «Ну як?.. Скажам: «Сынок, ты ўжо вялікі, табе ў войска пара, мама з табой пайсці не можа»...

А таму напрыканцы — заклік ад спадарыні Пятроўскай:

У анлайнах, выбачайце,

Годзе, хлопчыкі, сядзець:

Болей грошай зарабляйце —

Жонкі знойдуць, дзе іх дзець!

(Размова дваіх: «Дарагая, калі нашы зберажэнні скласці разам, атрымаецца вялікая кучка?» — «Атрымаецца ямка»).

Вось на гэтай не вельмі вясёлай ноце і можна было б завяршыць чарговы агляд, калі б не трэ было падводзіць вынікі...

Такім чынам, на думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі пра два боты і аўтобус, пакінутыя некім у лесе (гл. нумар «Звязды» за 22 чэрвеня), склалі спадарыні Любоў Чыгрынава з Мінска, Наталля Шкут са Светлагоршчыны, Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Карына Цануніна з Вілейкі, спадары Мікалай Старых з Гомеля, Валерый Гаўрыш з Чавусаў і Мікалай Касмачэўскі....

З гэтым вось, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету на чацвёрты квартал 2019 года накіроўваецца ў Наваполацк.

Хочаце, каб «Звязда» прыходзіла і да вас? Як той казаў, не пытанне: афармляйце падпіску, альбо, уважліва паглядзеўшы на новы конкурсны здымак, тварыце! То-бок прыдумвайце кароткі (не больш за восем радкоў) подпіс (а можна і некалькі...), дасылайце ў рэдакцыю.

Шанц на выйгрыш мае
кожны.

Валянціна Доўнар

Фота Анатоля Клешчука

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага адбору, не трапілі на старонкі газеты — гэтым разам. Затое наступным...

Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.