Вы тут

У Белтэлерадыёкампаніі прайшло жывое праслухоўванне дзіцячага «Еўрабачання-2019»


У аўторак у самай вялікай студыі «600 метраў» тэлецэнтра на Макаёнка, 9 прайшло адкрытае праслухоўванне юных артыстаў, якія жадаюць прадставіць сёлета Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні» ў польскіх Глівіцах.


Як расказалі «Звяздзе» ў прэс-службе медыяхолдынга, гэтым разам на нацыянальны адбор паступіла 44 заяўкі — яны, дарэчы, прымаліся выключна ў электронным фармаце, праз сайт tvr.by. Аднак пасля праверкі на адпаведнасць усім умовам конкурснага палажэння колькасць удзельнікаў жывога праслухоўвання яшчэ крыху зменшылася — да 38. Але геаграфія канкурсантаў не звузілася: акрамя мінчан, заўважаем у спісе прэтэндэнтаў калектывы і сольных выканаўцаў з Жодзіна, Гомеля, Віцебска, Ашмян, Магілёва, Брэста, Лепеля. Даволі многа ўжо вопытных канкурсантаў, хто ўдзельнічае ў адборы не першы раз: Маша Жыліна, Арына Пехцерава, Арцём Скароль, Ліза Мея, гурты Monkey Tops і «Нясумны ўзрост». Але, бадай, самая відавочная адметнасць цяперашняга нацыянальнага адбору — амаль стапрацэнтная гегемонія дзяўчат, артыстаў-хлопцаў можна пералічыць па пальцах адной рукі.

Пакуль канкурсанты размінаюцца на хуткамоўках, распяваюцца, распраўляюць сцэнічныя ўборы і папраўляюць прычоскі ўсіх колераў вясёлкі, знаёмімся з яшчэ адным спісам — прафесійнага журы. Ацэньваць выступленні юных артыстаў ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў гэтым разам запрасілі старшыню Саюза кампазітараў Алену Атрашкевіч, выкладчыка кафедры мастацтва эстрады БДУКМ Таццяну Дробышаву, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзею Коршунаву, намесніка начальніка ўпраўлення прафесійнага мастацтва Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Таццяну Пархамовіч, тэлевядучага і каментатара «Еўрабачання» Яўгена Перліна, прадзюсара і кампазітара Максіма Алейнікава, а таксама Лідзію Заблоцкую і Аляксандра Мінёнка, якія прадстаўлялі нашу краіну на дзіцячым «Еўрабачанні» ў 2011 і 2016 гадах адпаведна. У кожнага з іх свае крытэрыі ацэнкі і рэцэпты поспеху. Так, Яўген Перлін мяркуе, што «песня мусіць быць моднай і сучаснай, а выканаўцы — спяваць шчыра і чыста». А малады спявак Аляксандр Мінёнак з пазіцыі былога канкурсанта перакананы, што галоўнае — каб песня ішла ад сэрца: «Вельмі бачна, калі некаторыя ўдзельнікі занадта хвалююцца і нават баяцца, і гэта не ідзе на карысць. Галоўнае, выходзячы на сцэну, не баяцца, а быць самім сабой і выкладвацца так, як быццам у цябе апошняе выступленне на сцэне, перадаць свае пачуцці і эмоцыі гледачам».

Зрэшты, большасць удзельнікаў, здаецца, і без гэтай парады атрымлівае сапраўдную асалоду ад выступленняў, і пакуль бацькі і педагогі нервуюцца лініяй тэлекамер, падпяваюць і прытанцоўваюць асабліва ўдалым нумарам. Нават калі ў гурта «Нясумны ўзрост» пачынаюць «фаніць» мікрафоны, хлопцы і дзяўчаты не зважаюць на тэхнічныя праблемы, а круцяць рэквізіт-чамадан з вышыванкай, і працягваюць выступленне — дарэчы, вельмі завадную беларускамоўную песеньку «Файна», якая расказвае пра тое, як файна ў Беларусі «знаёміцца, вучыцца і тусіць» — і не толькі.

«Чамадан для выступлення зроблены, можна сказаць, гэтымі самымі рукамі!» — з усмешкай расказвае за кулісамі актрыса і тэлевядучая Вера Палякова — яе сын якраз выступаў у гэтым складзе гурта. Наогул, «Нясумны ўзрост» — калектыў вялікі, гэта цэлая эстрадная студыя, якая зладжана на базе аддзялення эстраднага вакалу сталічнай школы мастацтваў № 2 і ў якой кожны ўдзельнік вывучае сальфеджыа, харэаграфію, а пры жаданні і розныя музычныя інструменты. Калектыў раней двойчы ўдзельнічаў у адборах на дзіцячае «Еўрабачанне» і штораз выглядаў пераканаўча. Хоць Вера Палякова, якая глядзела выступленне і як мама, і як педагог, настроена даволі крытычна: «Я сама заўжды імкнуся да ідэалу, і ведаю, дзе магло быць лепш. Але ўсякі вопыт, я лічу, карысны, таму не засмучаюся, ці трапім мы ў фінальную дзясятку. Галоўнае, што дзеці ўпэўнена трымаюцца на сцэне і што гэта песня дакладна не згубіцца, бо мы спецыяльна зрабілі яркі нумар, маленькае шоу, якое можна паказваць не толькі ў нашай краіне: усюды разумеюць слова «файна». А яшчэ актрыса падзялілася, што спецыяльна дзеля таго, каб трапіць у «Нясумны ўзрост», яе сын Арцём Макей... сеў на дыету і з красавіка скінуў 8 кілаграмаў!

Пераможца дзіцячага конкурсу «Славянскага базару ў Віцебску» Ксенія Галецкая пасля вялікага поспеху вырашыла не збаўляць абароты і ўгаварыла маці і педагогаў падаць заяўку на дзіцячае «Еўрабачанне». І хоць на праслухоўванне 12-гадовая спявачка прыйшла з моцнай прастудай, песню «A better world» пра герояў новага пакалення, якія могуць змяніць свет да лепшага, яна выканала ўпэўнена і моцна — вось што значыць характар і конкурсная загартоўка.

Прыемным уражаннем ад сёлетняга адбору стала значная колькасць не проста сучасных, модных аранжыровак, але і тэкстаў з сэнсам, і пры гэтым — на роднай мове. Карэспандэнты «Звязды» налічылі добры дзясятак песень, напісаных часткова альбо цалкам на беларускай. «Мы з Машай Жылінай мэтанакіравана б’ём у адну кропку, — расказвае кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Святлана Стацэнка, — і летась, і пазалетась у яе былі выдатныя беларускамоўныя песні, якія высока ацанілі гледачы і журы. Хоць многія ўгаворвалі нас паспрабаваць штосьці іншае, але сёлета мы вырашылі не здраджваць традыцыям. У песні «Спявала, гукала, чакала» ўсё сышлося: прыгожая, стыльная, модная і беларускамоўная. Машы Жылінай і Арцёму Скаролю, якія па ўзросце апошні раз могуць спрабаваць прайсці на дзіцячае «Еўрабачанне», я так і сказала: «Не думайце, ці выберуць вас, ці не выберуць, а выходзьце, атрымайце поўны кайф, перадайце гэта задавальненне гледачам і пастаўце прыгожую, тлустую кропку». І калі далей яны захочуць падавацца ўжо на дарослае «Еўрабачанне» — я іх толькі падтрымаю».

У спісах канкурсантаў заўважаем прозвішчы некаторых удзельнікаў дарослага адбору, якія спрабуюць скарыць «Еўрабачанне» ў тым ліку ў якасці аўтараў песень: некалькі юных артыстаў выконваюць кампазіцыі Майкла Соўла, Юзары, Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка, NavіBand, Alen Hіt. Праўда, часам адчуваецца пэўны дысананс ва ўзросце ўдзельнікаў і песень ці аранжыровак — хто б растлумачыў, чаму радкі «цукеркі, мармеладкі нашы лепшыя сябры» гучаць пад агрэсіўную музыку, і чаму дзяўчаты-падлеткі выконваюць цалкам дарослыя балады пра ролі, якія мы выбіраем, нас выбіраюць?.. Тым не менш журы ўважліва праслухоўвае абсалютна ўсіх ахвотных — на гэта спатрэбілася без малога тры гадзіны — і ўжо сёння ўвечары абвесціць шчаслівую «дзясятку». А мо, «сямёрку» ці «васьмёрку» — паводле палажэння нацыянальнага адбору, фіналістаў можа быць ад сямі да дзесяці.

Не пазней за 27 верасня пройдзе і ўласна фінальны гала-канцэрт, на якім гледачы і журы выберуць чарговага дэлегата на дзіцячае «Еўрабачанне». Сам жа сямнаццаты па ліку міжнародны конкурс, нагадаем, пройдзе 24 лістапада ў Глівіцах (Сілезія, Польшча) пад крыламі сваёй афіцыйнай эмблемы — паветранага змея і дэвізам Share the Joy — «Падзяліся радасцю».

Па выніках жывога праслухоўвання, якое прайшло ў студыі медыяхолдынгу, журы склала спіс удзельнікаў фінальнага гала-канцэрту. У ім 10 выканаўцаў і калектываў:

  • Марыя Ермакова,
  • Сафія Храловіч,
  • Марыя Жыліна,
  • Арына Пехцерава,
  • Анастасія Жабко,
  • Елізавета Міснікава, 
  • Сафія Рустамава,
  • Гурт «Зефір»,
  • Ксенія Галецкая,
  • Гурт «Monkey Tops».

Такім чынам, барацьбу за права прадставіць Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні-2019» працягнуць выключна дзяўчаты — прадстаўніцы Мінска, Магілёва, Гомеля і Брэста. 21 жніўня пройдзе жараб’ёўка ўдзельнікаў, а сам фінальны канцэрт адбудзецца ў прамым эфіры не пазней за 27 верасня.</p>

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».