Вы тут

Незвычайны фэст прайшоў у вёсцы Любкі Вілейскага раёна


Калі коратка сказаць пра падзею, якую я здымаў мінулымі выхаднымі, то гэта проста: фэст на вясковым падвор'і ў фармаце ўспамінаў, душэўных пасядзелак і заліхвацкіх танцаў пад зорамі. Але я павінен растлумачыць, чаму менавіта ў вёсцы Любкі Вілейскага раёна і чаму ў такім фармаце адбываўся незвычайны фэст...


Невялікая вёска Любкі летам ператвараецца ў дачны пасёлак — сюды на канікулы і адпачынкі вяртаюцца дзеці, унукі і праўнукі тых, хто будаваў хаты, гаспадарыў, гадаваў нашчадкаў, жыў сённяшнім днём і марыў пра «светлую будучыню»,  любіў свае традыцыі і святы. А фэсты і вяселлі тут былі даволі часта. Цяпер у Любках зімаваць застаюцца не болей за два дзясяткі чалавек пераважна старэйшага ўзросту, побыт вяскоўцаў змяніўся, а нашчадкі ўжо не ведаюць ні гісторыі, ні традыцый, тым больш сваіх радаводаў, прозвішчаў, мянушак... А яны таксама «любэцкія» — як раней казалі пра жыхароў вёскі Любкі.

А вось жыхарка Маладзечна Вольга Трубач з такім станам спраў не згаджаецца і ўжо трэцяе лета на падворку свайго прадзеда Міхала Кабака (ён быў з роду Палюшыных) праводзіць адмысловыя фэсты.

Летась і пазалетась імпрэзы нагадвалі фальклорныя і танцавальныя маладзёжныя летнікі, а сёлетні фармат быў напоўнены клопатам узнаўлення духоўнай памяці і сувязі любчанскіх пакаленняў: каб унукі і праўнукі не адрываліся ад сваіх спрадвечных каранёў, не забывалі сваю малую радзіму і продкаў. Нездарма адным з пунктаў мерапрыемства стала фотавыстаўка «Любэцкія», на якой былі прадстаўлены фотакарткі з сямейных альбомаў.

Адбылася і прэзентацыя незвычайнай карты «Любкі: сядзібы і ваколіцы», для якой Вольга са сваёю сястрою Ірынай даследавалі фамільныя вясковыя радаводы і зрабілі адмысловую «энцыклапедыю» накшталт турыстычнага даведніка вёскі —  з вуліцамі, сядзібамі і прозвішчамі былых і цяперашніх гаспадароў. Убачыўшы сябе на адбітках, вяскоўцы не хавалі эмоцый і слёз. А потым усе разам фатаграфаваліся каля «сцяны памяці» і спявалі песні сваёй маладосці.

Фэст у Любках наведала каля васьмідзесяці чалавек. Акрамя аднавяскоўцаў Вольгі, былі і бабулі-пявунні з суседніх Каралеўцаў, і маладыя захавальнікі народных побытавых танцаў з Мінска, Гродна, Барысава, Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні, з літоўскага Друскінінкая. Давала танцавальны майстар-клас вядомы ў харэаграфіі педагог Зінаіда Губарава-Крупская. Пад зорамі працягваліся вясёлыя скокі пад традыцыйную музыку. Гарманісты Аляксей Крукоўскі, Уладзімір Ганчароў і Мікалай Кашкан, даведаўшыся пра фэст, прыехалі з Мінска, кларнетыст Раман Яраш з Беразіна, а дудар Антон Бельскі і цымбаліст Іван Валынец з Вілейкі, капэла «Гарадзенскіх дворыкаў» даехала з далёкага Гродна, а духавік Канстанцін Канцавы — з Магілёва, дзяўчаты-скрыпачкі з Маладзечна і Ракава. У выкананні музыкаў гучалі полькі і вальсы, факстроты і танга, кракавяк і абэрак, падэспань і нарэчанька, субота і мяцеліца, лявоніца і, нават, шаміль — болей за тры дзясяткі танцаў ведаюць і выконваюць заўзятары народнай традыцыйнай культуры.

— «Любкі-фэст» не адбыўся б, калі б у правядзенні не прынялі ўдзел мае сяброўкі з этнаграфічна-фальклорнага гурта «Кола» з Маладзечна, з якімі я не першы год прапагандую беларускую культуру, — кажа Вольга Трубач. — Спадзяюся, падзея надоўга застанецца ў памяці, а на наступны год фэст ператворыцца ў традыцыю.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.