Вы тут

Слонім. Горад над Шчарай


Пра Слонім, які хутка стане сталіцай Дня беларускага пісьменства, можна распавядаць бясконца


З 1040 года пачатак

Палац Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін Слоніма сёння

Слонім заснаваны ў першай палове XI стагоддзя. У 1040 годзе адбыўся паход кіеўскага палка князя Яраслава Мудрага на паселішчы панёманскай Літвы (Гарадзеншчыны). Як пішуць даследчыкі, спасылаючыся на вядомага польскага гісторыка XV стагоддзя Яна Длугаша, Яраслаў Мудры, «спаткаўшыся на палях сломінскіх (слонімскіх) з літвінамі, перамог іх так, што затым, праехаўшы ўласна Літву да самага Нёмана, прымусіў яе на нейкі час падпарадкавацца».

На думку гісторыкаў, калі існавалі «палі слонімскія», то, лагічна, мусіў існаваць і сам Слонім. Такім чынам, са спасылкай на слыннага гісторыка Длугаша ў гістарычных даведках пра Слонім з’явілася дата — 1040 год. Некаторыя памылкова пішуць 1036 год, але ў гістарычнай перспектыве 3—5 гадоў асаблівага значэння не маюць. Згадваецца горад пад 1040 годам і ў летапісе «Аповесць мінулых гадоў». З 1040 да 1252 года ён пабачыў і перажыў шмат бітваў, захопаў і адбудоў. Так, у 1103 годзе каля Слоніма адбылася бітва паўднёварускіх дружын з мясцовымі абаронцамі, але горад атрымалася ўратаваць. У 1241 годзе на Слонім напалі войскі татарскага хана Койдана і амаль цалкам знішчылі гарадскі драўляны замак. На дапамогу прыйшлі дружыны вялікага князя ВКЛ Міндоўга. Усе разам вызвалілі горад ад захопнікаў і адбудавалі замак. З 1245 года Слонім ахоўваўся дружынамі гэтага князя, а з 1248 года тут кіраваў сын Міндоўга Войшалк.

Слановыя косці ці салома?

 Да XIV стагоддзя назва горада ў пісьмовых крыніцах згадвалася як Услонім, Вслонім, Васлонім. Пытанне паходжання назвы і сёння цікавіць даследчыкаў. Адны з іх падтрымліваюць версію, што горад названы так, бо тут знаходзілі шмат слановых і мамантавых касцей. Іншыя кажуць, што назва паходзіць ад польскіх слоў «слома» (салома) ці «слоніна» (сала), спасылаючыся на саламяныя стрэхі старых будынкаў горада і шырокі гандаль салам. А гісторык Васіль Мялешка некалі пісаў, што назва Слонім паходзіць ад слоў «сленіс», «сленумас», што азначае «нізіна», «нізінны». Мясцовы ж краязнавец Васіль Супрун сцвярджаў, што назва «Услонім» паходзіць ад слова «ўслон», «услона» — заслон, пэўнае збудаванне, што засланяе. Бо, як вядома, рака Шчара, што працякае праз горад, яшчэ ў старажытныя часы была важнай магістраллю, якая злучала Палессе з Панямоннем і Прыбалтыкай.

З канца XIII стагоддзя Слонім уваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае. Пры князю Альгерду горад ахоўваўся яго братам Кейстутам, які валодаў і Трокамі. Князь з сынам Вітаўтам часта бывалі ў слонімскім замку і добра ведалі гэты край. Пасля смерці Кейстута горад перайшоў пад кіраўніцтва Вітаўта. Князь любіў Слонім, ён часта тут бываў, а ў 1409 годзе завітаў сюды з жонкай Ганнай.

Дарэчы, 1410 годзе ў Грунвальдскай бітве пад камандаваннем вялікага князя Вітаўта змагаліся і слонімскія харугвы. А пасля перамогі Слонімскае княства было ператворана ў Слонімскі павет. Каля 1490 года вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягелончык побач з Замкавай плошчай пабудаваў першы ў горадзе касцёл. Цяпер на гэтым месцы ўзвышаецца касцёл Святога Андрэя. Вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага і кароль польскі Жыгімонт I Стары ў 1532 годзе даў гораду Магдэбургскае права.

У імя Сапегі

Інтэнсіўнае развіццё прыпадае на той час, калі старастам стаў вялікі літоўскі канцлер Леў Сапега. Ён спрыяў развіццю культуры і прамысловасці горада, узвышэнню яго палітычнай значнасці, заснаваў у горадзе над Шчарай першы ткацкі цэх. Калі вы ўпершыню завіталі ў Слонім, лепш за ўсё пачаць знаёмства з горадам менавіта з плошчы Льва Сапегі. Тут узвышаецца касцёл Святога Андрэя, пабудаваны ў 1775 годзе. Святары распавядуць гісторыю пра тое, як у слонімскім касцёле ў адмысловым куфэрку захоўвалася сэрца Міхала Казіміра Агінскага.

З плошчы Льва Сапегі вы можаце перайсці праз некалькі мастоў і трапіць у гарадскі парк, праз які працякае вядомы канал Агінскага. (Так-так, я не памыліўся, менавіта канал Агінскага.) Справа ў тым, што росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя звязаны з дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. У 1771 годзе Агінскі перайшоў на бок Барскай канфедэрацыі, але не змог са сваім войскам захапіць Нясвіж і Слуцк. У ноч на 23 верасня 1771 года яго трохтысячнае войска было разбіта рускімі войскамі Суворава. Пасля паразы Міхал Казімір Агінскі эмігрыраваў. Але праз чатыры гады вярнуўся ў Слонім, дзе пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў тэатр і капэлу. Па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны ў Слоніме і канал.

У тэатры Агінскага працавалі прафесійныя беларускія, польскія, нямецкія, італьянскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Тэатр меў філіялы. Рэпертуар, які ставіўся на сцэне тэатра, уключаў 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і больш як 460 іншых музычных твораў. У 1781 годзе функцыянаваў «плывучы тэатр» на баржах на Агінскім канале. А «дом оперы» меў вялікую сцэну, прыстасаваную для паказу любых барочных спектакляў, оперных і балетных, для выхаду вялікай колькасці спевакоў і артыстаў, для баталій коннікаў і водных феерый (частка сцэны затаплялася вадой з канала, і па ёй плавалі лодкі), для складаных дэкарацый, розных сцэнічных эфектаў. Побач з тэатрам у 1765 годзе пачала дзейнічаць першая кавярня («кафенхаус»). Гэта быў шыкоўны цагляны будынак, аздоблены шаўковымі шпалерамі і гравюрамі на медзі. Посуд тут быў фаянсавы варшаўскай вытворчасці.

«Русо — мой калега!»

Паштоўка. Першая палова ХХ ст.

Міхал Казімір Агінскі пісаў музыку і літаратурныя творы, некаторыя з іх былі надрукаваны ў слонімскай друкарні. Як згадваецца ў крыніцах, калі памёр ЖанЖак Русо, Агінскі выправіўся да караля і сказаў: «Ваша міласць, памёр мой калега!». Кароль палічыў, што гаворка ідзе пра польскага гетмана Сасноўскага. «Не, — запярэчыў Агінскі, — я маю на ўвазе смерць Русо!». Калі ж ён убачыў здзіўленне караля, то патлумачыў: «Бо Русо ж напісаў музыку да оперы Le Devin du Village. Я таксама пісаў лібрэта і музыку да опер, якія былі пастаўлены ў Слоніме. У гэтым сэнсе Русо — мой калега!».

Тэатр Агінскага ў Слоніме знаходзіўся на Опернай вуліцы. На вялікі жаль, будынак тэатра да сённяшніх дзён не захаваўся. Але ёсць у нас Оперная вуліца — назвы такой не мае ні адзін горад у свеце. Захавалася аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я. Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Палова першага паверха аўстэрыі выкарыстоўвалася як гасцёўня, перакрытая чатырма ветразевымі скляпеннямі з цэнтральнай апорай. Пад гэтай часткаю дома знаходзяцца шырокія скляпеністыя сутарэнні. Цэнтральная лесвіца вузкага вестыбюля вядзе на другі жылы паверх. Аўстэрыя — адзіная пабудова аднаго з найцікавейшых палацавых ансамбляў Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя, што ацалела.

Слонім часоў Агінскага нярэдка называлі палескімі Афінамі. Сюды ў святочныя дні з’язджаліся вяльможы і багатая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Скверы, сады, аранжарэі і рыбныя ставы стваралі і даглядалі найлепшыя спецыялісты Еўропы. Дарэчы, у Слоніме пры двары Міхала Казіміра Агінскага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады яго пляменніка Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара вядомага ўсім паланэза «Развітанне з Радзімай». Тэатральны шлях, які пачаў у Слоніме Міхал Казімір Агінскі амаль 300 гадоў назад, доўжыцца і сёння. У горадзе існуе прафесійны дзяржаўны драматычны тэатр, які ставіць спектаклі па п’есах беларускіх, расійскіх, польскіх, французскіх і італьянскіх драматургаў як для дарослых, так і для маленькіх гледачоў. А пяць гадоў назад калектыў тэатра пераехаў у новы ўласны будынак, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Дарэчы, насупраць тэатра ў Дзень беларускага пісьменства будзе адкрыты помнік былому старасту Слоніма Льву Сапегу, а каля канала Агінскага ўстановяць бюст Міхалу Казіміру Агінскаму.

Крочым далей

Калі пазнаёміліся з мясцінамі, звязанымі са Львом Сапегам і Агінскімі, можаце наведаць у цэнтры Слоніма і кляштар бернардзінак, і кляштар бернардзінцаў, СпасаПраабражэнскі сабор, сінагогу. Слонімская сінагога — самы стары архітэктурны помнік у нашым горадзе. Яна пабудавана ў 1642 годзе. У будучыні плануецца адрэстаўраваць яе і адкрыць тут беларускі рэспубліканскі музей яўрэйскага мастацтва. Слонім — горад шматканфесійны. На левым беразе канала Агінскага знаходзіцца мячэць. Можна завітаць і сюды, дзе імам слонімскай мусульманскай абшчыны Сулейман Байрашэўскі раскажа гісторыю мусульман на нашай зямлі, зробіць экскурсію па мячэці. Татары ў Слоніме пасяліліся ў XVI стагоддзі, а ў 1765 годзе тут ужо была мячэць.

У госці да Стаброўскага і Лойкі

Пазнаёміўшыся з усімі канфесіямі і іх храмамі, варта вярнуцца ў цэнтр горада і наведаць краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага. Ён быў археолагам, краязнаўцам, гісторыкам, філосафам і на аснове ўласнай калекцыі стварыў у 1929 годзе краязнаўчы музей, на адкрыццё якога прыязджаў нават Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі. Сёлета ўстанова адзначыць 90-годдзе. Сапраўдны росквіт музей атрымаў у канцы 1939 года і на пачатку 1940-х гадоў. Жыхары горада і раёна ахвотна наведвалі яго. Дзякуючы нашаму гісторыку і краязнаўцу, ён узбагаціўся — мінералагічнай і палеанталагічнай экспазіцыямі, выстаўкамі па гісторыі і рэлігіі, карцінамі, нумізматыкай, этнаграфічным матэрыялам. Усё складвалася даволі добра, але раптам — вайна. У чэрвені 1941 года гаспадарамі ў Слоніме ўжо былі немцы. І ўсё ж 2 кастрычніка 1942 года на Паркавай вуліцы, 42 у старажытным горадзе над Шчарай музей зноў адчыніў свае дзверы.

Ад краязнаўчага музея вам трэба толькі перайсці вуліцу — і трапіце ў музей кнігі Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Гэта першы музей кнігі ў Гродзенскай вобласці. Складаецца ён з трох залаў. Адна зала прысвечана класіку, другая — распавядае пра літаратурную Слонімшчыну, а трэцяя — гэта музей самага знакамітага слонімца — Алега Лойкі, пісьменніка і педагога, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А яшчэ вы абавязкова павінны завітаць у Альбярцін — стары мікрараён горада. Раней тут знаходзілася сядзіба маршалка шляхты Слонімскага павета Войцеха Пуслоўскага. Да сённяшніх дзён захаваўся яго палац, дзе некалі была багатая калекцыя твораў мастацтва, захаваліся флігель, стайня і пейзажны парк.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота з архіва аўтара

Друкуецца ў газеце "Літаратура і мастацтва"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?