Вы тут

Розныя полюсы


Чалавек, як вядома, істота недасканалая. («Што летам рабіць горача, тое зімой — холадна».) Адзін часам б'ецца, як тая рыба аб лёд, каб нечага дамагчыся, а другому, які мае ўсё, гэта і дарам не патрэбна. Або, бывае, мы прымаем нейкія рашэнні, якія і патлумачыць цяжка. Вось у Барселоне ў сярэдзіне лета — уявіце, там яно было! («— Заўтра лета. — Што гэта? — Не ведаю, мне дзед расказваў, карацей, гэта быццам калі снегу няма».) — прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва дазволілі плаваць топлес у любым басейне ці вадаёме на ўсёй тэрыторыі горада. Улады адрэагавалі такім чынам на шматлікія скаргі як асобных жанчын, так і грамадскіх арганізацый. Маўляў, гэты падыход супярэчыць раней прынятаму закону аб «роўнасці ў адзенні»: мужчыны ж купаюцца толькі ў адных плаўках, «без верху», дык нельга і слабаму полу забараняць або навязваць нейкія нормы. А і тое — чаго іспанак так прыніжаць! («Калі вялікія грудзі — адзіная вартасць жанчыны, дык недахопаў у яе няма».)


А раней паведамлялася пра тое, што інданезійскі парк забаў апрануў... статуі русалак з голымі грудзямі ў залацістыя топы. Адміністрацыя патлумачыла свой крок пераходам да сямейнага фармату і абаронай традыцыйных каштоўнасцяў. Быццам і не паспрачаешся... А аўтар скульптур заявіла, што такім чынам наведвальнікаў пазбавілі магчымасці любавацца прыгажосцю мастацтва. І тут логіка ёсць... А яшчэ раней, памятаеце, Музей гісторыі і мастацтва ў Жэневе абвінаваціў Facebook у цэнзуры пасля таго, як сацсетка забараніла размяшчэнне ў профілі музея фота аголеных антычных (?!) статуй — Венеры Арлезінскай і рымскага салдата. Здымкі планавалася размясціць у якасці рэкламы да выстаўкі. Сацсетка паведаміла, што не дае дазволу на посты, у якіх прысутнічае аголенасць, «нават калі яна не нясе сексуальнага характару». Адміністрацыя музея ўсё ж апублікавала здымкі статуй у сваім профілі, але з надпісамі «Цэнзура» на інтымных месцах. («— Ты абяцаў ажаніцца са мной гэтым летам. — Давай будзем шчырымі — ці ж гэта лета?»)

Маленькае тулава, тонкія ногі і павялічаны зад — павальнае захапленне дзяўчат такімі прапорцыямі цела шмат у чым абумоўлена фатаграфіямі знакамітасцяў у сацыяльных сетках. Хоць эксперты папярэджваюць, што імкненне да нерэалістычных ідэалаў вядзе да псіхічнага расстройства. І вось на фоне гэтых заяў мы бачым, як самая вядомая манекеншчыца ў катэгорыі plus-sіze 155-кілаграмовая Тэс Халідэй выкладвае сябе любімую ў басейне з самага смелага ракурсу, дэманструючы неабдымную «пятую кропку». («Гэта ў батарэйкі бываюць плюсы і мінусы. А я ідэальная».) І хоць многім падпісчыкам гэта традыцыйна не спадабалася, такая ж вялікая іх армія палічыла ўбачанае вельмі сексуальным...

Дарэчы, пра апошняе. Вы чулі гісторыю пра тое, як нападаючы футбольнага клуба «Лас-Пальмас» нігерыец Эмануэль Эменіке развёўся з Міс Нігерыя — 2013 і ажаніўся з... Міс Нігерыя — 2014? Шчыра кажучы, не зусім зразумелы матыў учынку. Лічбу хацеў «падсвяжыць»? («— Саламон Маркавіч! Навошта вы гэта зрабілі? — Шо з таго, што я зрабіў, навошта?») «Тут жыве каханне і будзе жыць вечна», — напісала пасля вяселля шчаслівая нявеста. Што ж, можа быць, можа быць... А вось кароль Тайланда Рама Х ажаніўся з 40-гадовай начальніцай сваёй аховы, генералам, на хвіліначку. Пішуць, што раней яна працавала сцюардэсай і, напэўна, пазнаёмілася з манархам падчас аднаго з палётаў. Новая жонка караля, чыё імя вельмі цяжка вымавіць, — чацвёртая па ліку. («Шэйх недзе ўбачыў прыгожую славянскую дзяўчыну і пасылае памочніка, маўляў, зрабі ад яго імя прапанову. Той абяцае залатыя горы і напрыканцы дадае, што абранніца будзе дзясятай па ліку жонкай шэйха. «Зараз! Я яшчэ ў чарзе да мужыка стаяць буду?!» — адказвае дзяўчына».) З зусім свежых навін: нарвежская прынцэса Марта Луіза адмовілася ад тытула з-за кахання да Дэрэка Верэты, амерыканскага шамана, як ён сам сябе называе, паходжаннем з Гаіці. Яна так у яго закаханая, кажа, той цалкам змяніў яе жыццё. («— Ты ж вярстальшчык? — Так. — Дык навярстай мне ўпушчанае!») Ну, як адмовілася ад тытулу? Адбылося тое пасля бізнес-турнэ па Нарвегіі і Даніі пад назвай «Прынцэса і шаман». Гэтая прадпрымальнасць вельмі ўзрушыла каралеўскую сям'ю і кансерватыўную частку грамадства, так што далей зарабляць парачка будзе без гучных назваў. А на афіцыйных мерапрыемствах прынцэсу будуць па-ранейшаму называць «Яе Вялікасцю»...

Вернемся да надвор'я з яго полюсамі тэмператур і нашымі спрадвечнымі нараканнямі на яго. («У нас ёсць чатыры сезоны: «ну і дубак», «надакучыла гэта балота», «памерці можна ад гэтай спёкі» і «калі той дождж скончыцца».) Сёлета напачатку мы выказвалі незадаволенасць гарачынёй, а потым, не паспеўшы азірнуцца, ужо халадэчай. («Кажуць, што раней летам нават купаліся».) Дык вось у Мінску падчас непагадзі хлопец з дзяўчынай у якасці адмысловага пратэсту супраць нудоты з гэтай нагоды зладзілі купанне на надзіманых кругах і катанне на самакаце і скейце ў... вялікай лужыне. На фоне агульнага бурчання яны насуперак абставінам выбралі полюс пазітыву. («У дзяцінстве лета было эпохай, а цяпер толькі тры зарплаты».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.