Вы тут

Чым Адэса прываблівае турыстаў


«Я не ведаю, хто вінаваты. Сонца? Мора? Неба? Але пад гэтым сонцам, каля гэтага мора, пад гэтым небам нараджаюцца асаблівыя людзі», — так напісаў пра Адэсу Леанід Уцёсаў. Казачная архітэктура, адметныя жыхары, атмасфера лёгкасці і свабоды... Мне цэлы год сніўся адпачынак на беразе Чорнага мора, і я нарэшце вярнулася туды, у сталіцу гарачага лета, салёнага паветра і паху акацый, якія зачапілі мяне яшчэ летась. Чаму ж з ёй не так проста развітацца, і што яшчэ можа прывабіць турыстаў?


Кантраст старога і новага

Кніжны рынак.

Мабыць, вы чулі неафіцыйныя, троху пафасныя, але такія папулярныя назвы: Адэса-мама, перліна ля мора, паўднёвая Пальміра. І яны заслужаныя — пампезнасць і гонар адчуваюцца яшчэ на ўездзе: масіўныя будынкі і каларытныя вуліцы прымушаюць адчуць некаторае трапятанне. Але я б назвала Адэсу горадам кантрастаў. Там паспяхова спалучаецца дыханне старога і новага — шматвекавыя гісторыка-культурныя каштоўнасці і бліскучыя шкляныя гандлёвыя цэнтры, помнікі Дзюку дэ Рышэлье і Стыву Джобсу, брукаванка і асфальт, опера і сучасная танцавальная музыка... Кантраст заўважны і ў людзях. Напрыклад, улетку днём вы рэдка ўбачыце моладзь. Хтосьці ўжо на рабоце, а нехта яшчэ спіць. Яе час надыходзіць ноччу: у парках, барах, на дыскатэках ці проста на вуліцах. А калі і выхапіце некалькі твараў пад сонцам, наўрад ці запомніце сярод масы сталых прадаўцоў, што па-майстэрску прывабліваюць пакупнікоў, бабуль і дзядуль, якія заўсёды кудысьці спяшаюцца, ды мам з дзецьмі. І толькі графіці на сценах нагадваюць, што са змярканнем надыходзіць час весяліцца тым, хто толькі нядаўна вярнуўся ці прачнуўся...

Такі так, слухаем вас

Мясцовыя жыхары сапраўды асаблівыя. Пазнаць адэсіта няцяжка: яго выдае гаворка, акурат як у анекдотах. «Такі так», «Каб табе добра было!», «Ды не давядзі Гасподзь», «Я маю вам шо-та сказаць» — вясёлыя папулярныя выказванні... Да таго ж, вы заўсёды пазнаеце карэнных па інтанацыі, інтуітыўна. Бо так больш нідзе не размаўляюць. Характар у іх таксама адметны. Людзі яны лёгкія, з хітрынкай у вачах, упартыя, але не злосныя. Аднак лепш, канешне, не выпрабоўваць ім нервы.

Узяць разбег ад Дзюка

Гасцініца «Вялікая Маскоўская» на вуліцы Дэрыбасаўскай.

Толькі пляжны адпачынак — занадта сумна. Хочацца ж атрымаць успаміны не ў выглядзе шакаладнага загару і лішніх кілаграмаў, набраных у рэстаранах і кавярнях, а адчуць асалоду ад прагулак, новых месцаў, знаёмстваў.

Калі вы ў горадзе першы раз — лепш спачатку наведаць самыя папулярныя турыстычныя месцы, можна нават заказаць экскурсію. Я прапаную такі спіс: прагуляцца па знакамітай Дэрыбасаўскай (лепш і днём, і вечарам), адпачыць у Гарадскім садзе, адстаяць вялікую чаргу, каб пасядзець на 12-м крэсле, схадзіць на Марскі вакзал і палюбавацца на караблі, спусціцца і падняцца па вялізнай Пацёмкінскай лесвіцы, сфатаграфавацца побач з помнікамі Дзюку дэ Рышэлье і Кацярыне ІІ, знайсці як мага больш скульптур катоў і львоў. Калі вы аматар футбола — наведаць матч на вялізным стадыёне ФК «Чарнаморац», а калі любіце культурны адпачынак — захапіцца пастаноўкамі ў Адэскім дзяржаўным тэатры оперы і балета.

Тое самае знакамітае 12-е крэсла.

Але калі вы не прыхільнік хадзіць туды, куды і ўсе, стварайце асабісты спіс. Знайдзіце блогі ў інтэрнэце, старонкі адэсітаў у сацыяльных сетках, профілі ў інстаграме, захапляйцеся фотаздымкамі невядомых месцаў і спрабуйце знайсці іх у рэальнасці. Часта ў горадзе ўстанаўліваюць арт-аб'екты, якія можна наведаць за сімвалічную суму ці ўвогуле бясплатна.

Гуляць без плана

Незвычайна і прыемна аказалася пракаціцца на парусніку (як у песні: «Белеет мой парус, такой одинокий»), а затым пакупацца ў адкрытым моры, дзе вада падаецца цяплейшай, чым каля берага. Кошт — прыблізна 9,6 долара. Калі вы яшчэ не былі ў беларускім аквапарку, здорава правесці палову дня ў адэскім за 15,5 долара. Не проста ўбачыць, але і пагладзіць янотаў, іх родзічаў насух, лемураў, дзікабразаў і іншых незвычайных жывёл усяго за пяць «зялёных» будзе прыемна і дзецям, і дарослым у мясцовым кантактным заапарку.

Парусныя караблі і кацеры каля прычала.

Звычайна Адэса прапаноўвае шмат мерапрыемстваў і забаў. Я, напрыклад, сёлета трапіла на бясплатны канцэрт знакамітага ўкраінскага гурта «Океан Эльзи». Галоўнае — не прайсці міма афіш.

Увогуле, я лічу, што, паехаўшы адпачываць, не абавязкова мець план. Проста гуляйце, і горад сам вам падорыць уражанні і ўспаміны.

«Салодкія» цэны на жыллё

Калі вы ўсё ж такі захацелі ўбачыць магію горада на ўласныя вочы, што трэба зрабіць перш-наперш? Канешне ж, знайсці жыллё. Гатэль, мне здаецца, здымаюць нячаста. Звычайна арандуюць кватэры пасутачна. Нягледзячы на тое, што на чыгуначным вакзале вас заўсёды чакаюць з прапановамі гаспадары, выгадней за ўсё будзе знайсці жыллё самастойна. Неабходна толькі ўвесці ў пошукавік у інтэрнэце адпаведны запыт, перайсці на прапанаваныя сайты, дзе можна выбраць раён пражывання, а таксама пажаданы кошт і ўмовы, прагледзець фотаздымкі.

Калі вы, як і я, едзеце не столькі ляжаць, колькі гуляць, то смела выбірайце дом не каля мора, а ў цэнтры: каля «Прывоза», на вуліцах Кацярынінскай, Рышэльеўскай, Канатнай, Малой ці Вялікай Арнауцкай. Калі наадварот, то глядзіце на карце пляж, які падабаецца, і побач з ім шукайце кватэру. У першым выпадку атрымаецца даражэй, каля 250 долараў за дзесяць сутак на дваіх (аднаму нявыгадна). Затое і да мора, і да знакамітай Дэрыбасаўскай — не больш за трыццаць хвілін. На краі Адэсы можна знайсці «салодкую» цану: каля 60 долараў. Аднак да цэнтра — цэлая гадзіна.

Пасля вам трэба будзе проста забраніраваць упадабанае месца, звязаўшыся з арэндадаўцам праз сайт ці месенджары (Vіbеr, Whаts Uр, Tеlеgrаm). І да горада мары застанецца толькі дабрацца: на самалёце за некалькі гадзін, у цягніку, машыне ці аўтобусе за суткі. Розніца, канешне ж, у кошце. А некаторыя выбіраюць шлях з мноствам перасадак: з Мінска да Гомеля, адтуль да Кіева, а затым да канечнай. Выходзіць танней, але больш клопатна. Я заказала білет на аўтобус — за 75 долараў у два бакі. Умераны тэмп, санітарныя прыпынкі кожныя тры гадзіны... Мінус адзін — невядома, колькі часу спатрэбіцца на мяжы.

Галоўнае — без медуз

Пляж і Чорнае мора — ледзь не галоўная прычына, па якой едуць на поўдзень Украіны. Цэны — даступныя, клімат прыемны. Таму і мне першыя дні адпачынку хацелася проста ляжаць, насычацца солямі і сонечным цяплом на аблюбаваным пляжыку. Дарэчы, іх у Адэсе шмат: знакамітыя «Ланжэрон», «Атрада», «Аркадзія», «Залаты Бераг». Усе яны прывабліваюць турыстаў. Аднак ёсць і менш вядомыя. Раю пабываць на некалькіх, распытаць пра іх і абраць той, на якім менавіта вам будзе зручна і камфортна: адкрыты ці закрыты, той, дзе нельга з жывёламі і можна, з шэзлонгамі ці без. Важна адшукаць і месца, дзе ў вадзе будзе менш водарасцяў і медуз.

На «Прывоз» па прысмакі

На знакаміты рынак схадзіць трэба абавязкова. Купіце агародніну, садавіну, але будзьце пільныя: ад доўгага ляжання яна там пачынае псавацца, лепш выбіраць самому, а не прасіць прадаўца. Найсмачнейшае сала ў маім жыцці я таксама купляла там. Хоць па яго і трэба ўставаць рана: па-першае, каб не сапсавалася, а па-другое, каб не разабралі. Завітайце і да лаўкі з прысмакамі. Чурчхела, фінікі, цукеркі, арэхі будуць прыемным дапаўненнем да вашага сняданку, абеду ці вячэры. Але частыя візіты «Прывозу» лепш не наносіць. Адзін такі паход можа вынесці з вашага кашалька 30 долараў, а купленага хопіць усяго на пару дзён, тым больш, калі едзеце сям'ёй.

«Гарадскі пляж».

Стаяць каля пліты ў водпуску не хочацца. Таму лепш набываць нешта лёгкае ці ўжо гатовае ў сеткавых крамах накшталт «Таўрыя В», «Аўрора», «Абжора» і маім любімым «Сільпо» (на іх чэках пішуць прадказанні). Можна харчавацца і ў кавярнях, рэстаранах, але пры ўмове, што дазваляе бюджэт. Калі ўзяць, напрыклад, шашлык, бульбу, салат і папіць, у лепшым выпадку атрымаецца 15 долараў на чалавека. А тое і ўдвая больш.

Асноўны транспарт Адэсы — трамвай. На ім вы можаце дабрацца амаль у любы пункт, калі правільна выбудуеце маршрут. А каштуе ўсяго пяць грывен ці 19 цэнтаў (для параўнання, у нас — 30 цэнтаў). На мой погляд, такі транспарт дадае пэўнай атмасферы вашаму падарожжу. У адэсітаў папулярныя аўтобусы, якія яны клічуць маршруткамі, праезд — троху даражэйшы, 27 цэнтаў. І там, і там часта давядзецца стаяць: паток людзей — шалёны. А вось таксі заказваць дорага. За тры кіламетры вы можаце заплаціць чатыры долары. Uber, канешне, таннейшы — два долары, але і на ім не наездзішся.

Скінуць стомленасць

Адэса — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак, 300—400 долараў павінна хапіць. А вось уражанняў горад пакідае не менш, чым дарагі горад. Туды сапраўды добра збегчы ад стомленасці, мітусні. Сачыць за хвалямі, злівацца з морам, ачышчаць галаву ад тлуму. І, гледзячы на заход сонца, праводзіць чарговы чароўны непаўторны дзень...

Юлія АДАМОВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ах, Адэса, або Прасякнуцца атмасфернасцю горада ля самага Чорнага мора

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».