Вы тут

Камандзір студэнцкага атрада: Гугліла, як правільна палоць


— Пакеты на абутак узялі? — глядзіць на нашы з фатографам красоўкі з белымі падэшвамі Ліза КУЛІК. — Я, напэўна, свае кеды пасля жнівеньскай змены выкіну — «адпрацавалі» тут сваё.


Камандзір сельскагаспадарчага атрада Ліза Кулік.

Тут — гэта ў сельскагаспадарчым атрадзе БДУ, які дзейнічае на ўніверсітэцкім вучэбна-доследным прадпрыемстве «Шчомысліца». Летам моладзь у асноўным занятая на праполцы.

— Недабору ў нас няма, — кажа Ульяна БЫЧКОВА, прадстаўнік камітэта БРСМ БДУ, якая суправаджае нас. — Зараз працуюць 15 чалавек. Камандзір атрада — Ліза. Дзяўчына вельмі адказная. Да таго ж шчыравала тут у чэрвені — усё ведае, дапамагае адаптавацца навічкам.

Ліза вучыцца на другім курсе факультэта міжнародных адносін. Камандзір бадзёра праводзіць экскурсію па ўніверсітэцкіх уладаннях:

— Гэта мы паспелі зрабіць за раніцу, — паказвае на ўчастак поля з хмызняковымі раслінамі і парасткамі дэкаратыўных саджанцаў. — Для студэнта-дзённіка знайсці падпрацоўку з афіцыйным працаўладкаваннем дастаткова цяжка. Неафіцыйны заробак — заўсёды рызыка, а тут гарантыі. Ды яшчэ досвед. Спрабаваць нешта новае заўсёды цікава. У наступным годзе хачу пайсці ў студатрад, які заняты на «Атланце».

Дарэчы, сёлета ў БДУ было арганізавана каля 30 студэнцкіх атрадаў, якія дзейнічаюць на розных аб'ектах сталіцы. Усяго на іх працуе звыш 260 чалавек.

— Дзяніс у нас перадавік, стаханавец, — хваліць калегу Ліза.

— Стараемся. Дарослае жыццё — яно такое, — усміхаецца чацвёртакурснік геафака Дзяніс КОРЗУН. — Мне, як будучаму геолагу, канешне, цікавей капацца глыбей, чым проста палоць. Тут рай для батанікаў. Але, як кажуць, грошы не пахнуць.

Дарэчы, пра заробак. Халтурыць у сельскагаспадарчым атрадзе нявыгадна — плацяць за колькасць выкананай работы. За квадратны метр атрымліваецца адзінаццаць капеек. Калі не ленавацца, то за дзень можна прапалоць каля 80 метраў. Працоўная змена доўжыцца месяц.

— У чэрвені, напрыклад, я атрымала 235 рублёў, — расказвае Ліза. — Увесь заробак пайшоў на падарожжы па Беларусі: з'ездзіла да сяброў, сваякоў.

Грошы за работу ў гэтым месяцы студэнтка плануе аддаць на рамонт мабільнага тэлефона і, калі хопіць, на новае паліто. Дзяніс таксама думае абнавіць гардэроб: «Галоўнае — купіць крутыя красоўкі і да навучальнага года, лічы, падрыхтаваны».

Другакурснік гістфака Юрый ВАШКЕВІЧ пакуль не вырашыў, на што патраціць заробак:

— Гэта тое самае, што дзяліць шкуру незабітага мядзведзя. Былі б грошы, а прымяненне ім знойдзецца!

— Ой, што гэта? — выцягвае рукі далонямі ўверх Дзяніс. — Не, памыліўся. Мы дажджу тут чакаем як благаславення! Можна крыху адпачыць, пакуль лье з неба, — усміхаецца. — Увогуле, пасля дажджу працаваць лягчэй — зямля мяккая.

Рабочы дзень у атрадаўцаў — з 8 да 16 гадзін. Выхадныя — субота і нядзеля. Абед — святое! Моладзь прыносіць ежу з дому: бутэрброды, локшына хуткага прыгатавання, гарбата, кава.

— У кожнага тут свая тэхналогія праполкі. Першыя дні гарадскія, такія як я, не ведалі, з якога боку лепей за матыку ўзяцца, — успамінае камандзір атрада. — Не разумелі і парадак: спачатку рукамі рваць траву, потым прыладай, альбо наадварот. Цяжка і фізічна. Памятаю, што нават гугліла, як правільна палоць, якую лепей позу прыняць, каб спіна не балела!

Дзяўчаты працуюць у пальчатках — берагуць манікюр і далікатную скуру рук. Жартуюць, што інакш замест класічнага «белага фрэнча» да канца дня атрымліваецца чорны. Нехта перастрахоўваецца: спачатку надзявае медыцынскія гумовыя пальчаткі, зверху — з тканіны.

Улада БУРЧЫЦ вучыцца на другім курсе фізічнага факультэта:

— Я ведаю, што такое агарод, — бабуля ў вёсцы жыве. Але тут нязвыкла, што такія доўгія градкі. Глядзіш — і не бачыш канца. Гэта спачатку пужала.

— Мы нашым прыгажуням стараемся дапамагаць, калі яны просяць. Напрыклад, вырваць вялікае пустазелле, — дадае Юрый.

На гутарку і фатаграфаванне ахвотней пагаджаюцца хлопцы, чым дзяўчаты. Апошнія спасылаюцца на непрэзентабельны знешні выгляд. «Нават на градках хочуць выглядаць як каралевы», — кінуў нехта з хлопцаў-атрадаўцаў.

— Самае цяжкае ў нашай рабоце — пачаць. Настроіцца на неабходную хвалю дапамагае бадзёрая музыка, — дзеліцца Дзяніс.

— Я аўдыякнігі слухаю, — дадае Ліза. — З апошняга — зборнік апавяданняў і аповесцяў Джэка Лондана.

Праца на градках, кажа моладзь, — цудоўная магчымасць пабыць сам-насам са сваімі думкамі. Для дзяўчат — загар! А яшчэ — яднанне з прыродай. Хлопцы і дзяўчаты прыгадваюць, што побач з полем лес, яны бачылі вавёрак, мышэй, кратоў, зайцоў — бясплатны заапарк.

На перыяд занятасці ў студатрадах моладзі даецца інтэрнат ад навучальнай установы. А для іншагародніх гэта добрая эканомія. Асабліва, калі сам зарабляеш і ведаеш цану грашам. Дзяніс, напрыклад, некалі падпрацоўваў на малочным камбінаце, пастухом, менеджарам па продажах, на будоўлі. Ліза спрабавала сябе ў якасці прамоўтара, кансультанта ў парфумернай краме, натуршчыцы. Збіраецца на час вучобы пайсці працаваць у рэстаран хуткага харчавання, кажа, графік там зручны. «Пакуль маладыя, трэба круціцца. Адпачываць будзем на пенсіі», — падагульняюць будатрадаўцы.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Гугліла, як правільна палоць», ці Якім ён бывае — загар на градках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.

Грамадства

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Расказала ўрач Наталля Карпук.

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.

Жыллё

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Падобныя звароты ад фізічных асоб — не рэдкасць.