Вы тут

Як ​валанцёры дапамагалі жыхарам вёскі Стахоўцы уцяпліць дамы


Валанцёры з розных рэгіёнаў краіны і замежжа сабраліся разам, каб дапамагчы жыхарам вёскі Стахоўцы, што на Мядзельшчыне, уцяпліць дамы і ўвесці ў эксплуатацыю новыя экалагічныя ачышчальныя збудаванні. Гэты праект нарадзіўся яшчэ ў 1994 годзе, пасля таго як жыхары з розных вёсак Беларусі былі вымушаны пакінуць родныя мясціны з-за радыяцыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. Тады перасяленцы атрымалі новую малую радзіму, але з часам з'явіліся праблемы — недастаткова добрае ўцяпленне дамоў і састарэлая сістэма водаачысткі. Гэтым летам у рамках сумеснага праекта міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання «Экабудаўнік» і нямецкай дабрачыннай арганізацыі «Дамы замест Чарнобыля» пры падтрымцы Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта і Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі быў арганізаваны маладзёжны будаўнічы лагер. Уся ахвотная моладзь магла далучыцца да добрай справы і атрымаць карысны досвед.


Уцяпленнем дома займаюцца дзяўчаты

— Сем'і, якія тут жывуць, кожны год могуць падаваць заяўку на тое, каб валанцёры дапамаглі ім уцяпліць іх дом. Беларускія і нямецкія валанцёры сталі будаваць жыллё для перасяленцаў, пачынаючы з 1994 года. Дамы былі простыя, выбар матэрыялаў — невялікі. Паралельна развівалася інфраструктура, але ачышчальныя збудаванні патрабавалі мадэрнізацыі. Зараз у Стахоўцах жыве 31 сям'я, і амаль усе хочуць зрабіць свае дамы больш цёплымі, — расказвае дырэктар праекта Юрый СУПРЫНОВІЧ.

Падчас маладзёжнай будаўнічай змены валанцёры жылі ў мясцовых жыхароў. Гэтым летам змена доўжылася з 27 ліпеня да 14 жніўня. Удзельнікі кэмпа займаліся ўцяпленнем аднаго з дамоў плітамі з трыснягу, а таксама дапамагалі ва ўзвядзенні новых збудаванняў, якія вырашаць праблему водаадвядзення ў гэтай мясцовасці.

— Яны нашмат больш экалагічныя за папярэднія. Вада, якая праходзіць праз такую сістэму, становіцца на 95 працэнтаў чысцейшая. Такая ачыстка прыдатная толькі для маленькіх вёсак з насельніцтвам 500 чалавек. Абраны спосаб максімальна набліжаны да прыроднага і патрабуе малых выдаткаў энергіі, — працягвае суразмоўнік.

Беларускім хлопцам і дзяўчатам, якія працуюць у рамках праграмы, ад 18 да 31 года. А вось самаму даросламу з нямецкіх валанцёраў — аж 73. Жывуць яны не толькі ў дамах, але і ў палатках, «каб быць бліжэй да прыроды». Рабочы дзень пачынаецца ва ўсіх у восем гадзін раніцы і заканчваецца а шостай вечара. Пасля вольны час бавяць па-рознаму, у гэтым ім дапамагаюць дзве перакладчыцы — Таццяна ХУЦКАЯ і Алена АНДРАЙЧУК.

— Кожны дзень мы прыдумляем штосьці цікавае. Падчас адкрыцця змены збіраліся на свежым паветры, палілі вогнішча, знаёміліся і пяклі салодкія булачкі. У іншыя дні — экскурсіі па розных гарадах і месцах, фестывалі, канцэрты, — расказвае Алена.

Цікава, што матывуе хлопцаў і дзяўчат на тое, каб замест адпачынку каля мора накіравацца ў вёску ды яшчэ і працаваць?

— Усе, хто тут знаходзіцца, маюць вялікую матывацыю, нам няма калі сумаваць! — кажа Таццяна. — Многія ездзяць сюды для таго, каб падцягнуць або вывучыць нямецкую мову. І ў іх гэта атрымліваецца! Ёсць тыя, хто пасля некалькіх гадоў работы ў лагеры амаль кожны дзень піша, пытае, як праходзяць нашыя будні, што было незвычайнага, якія поспехі ў будаўніцтве. Я прыязджаю на Мядзельшчыну ў якасці перакладчыцы з нямецкай мовы пяты раз. Радуе, што з кожным годам колькасць ахвотных далучыцца да праекта ўзрастае.

Пакуль мы размаўлялі з дзяўчатамі, не заўважылі, як дайшлі да першага аб'екта працы валанцёраў — ачышчальных збудаванняў. Работа патрабуе канцэнтрацыі і добрай фізічнай падрыхтоўкі, таму перад ёй — сытныя сняданкі. Каб лепш зразумець сутнасць таго, чым займаюцца маладыя людзі, пагутарылі з некаторымі з іх.

На будоўлі шчыруе Павел Маліноўскі.

Павел МАЛІНОЎСКІ, студэнт лячэбнага факультэта Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, даведаўся пра магчымасць валанцёрства ад сябра — зацікавіўся. З мінулага года хлопец пачаў вывучаць нямецкую мову.

— Падабаецца, што кожны дзень не падобны на іншы. Валанцёрства — новы вопыт для мяне, вельмі карысны. Бывае, што не разумеем адно аднаго з нямецкімі сябрамі, але гэта дае большую матывацыю на вывучэнне мовы. Да таго ж, акрамя работы, не забываем пра добры адпачынак — нават турнір па валейболе ладзім.

Вось так бавіць свой вольны час студэнтка Дар'я Вароніч.

А як адчуваюць сябе дзяўчаты ў якасці будаўнікоў? Дар'я ВАРОНІЧ, студэнтка факультэта замежных моў Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, упэўнена, што такая праца вартая таго, каб займацца ёю ў вольны час.

— Успрымаю валанцёрства як адпачынак. Па жыцці я адкрыты і жыццялюбны чалавек, мне падабаецца знаёміцца з новымі людзьмі, з незнаёмымі краінамі, іх культурай. Дарэчы, нямецкія хлопцы і дзяўчаты таксама імкнуцца даведацца больш пра Беларусь, пра нашу мову, што прыемна. А яшчэ жыхары вёскі дзеляцца з намі гісторыямі пра сваю мясцовасць, нават праводзяць экскурсіі. Мне спадабалася ў курортным пасёлку Нарач, у Нарачанскім парку, а таксама ў Аптэкарскім садзе, дзе вельмі маляўнічыя краявіды. Скажу шчыра, мае сябры і знаёмыя неадназначна адрэагавалі на тое, чым тут займаюся. Маўляў, не вельмі дзявочы занятак, нецікавы. Але я так не лічу, налета таксама планую сюды прыехаць.

Тут будуюць ачышчальныя збудаванні.

А што цягне замежных гасцей у невялічкую беларускую вёску? Лайф ЗОМЭР — дваццаціпяцігадовы немец, даволі доўгі час жыве ў Швейцарыі. На будоўлі хлопец каардынуе працэс і адказвае за іншых. Яму вельмі падабаюцца нашы краявіды.

— Так, дзеля гэтага я тут і знаходжуся (усміхаецца. — Аўт.). А калі сур'ёзна, крута тое, што калі мы ўсе раз'язджаемся па сваіх дамах, усё роўна падтрымліваем сувязь у сацсетках і месенджарах. Дарэчы, пра магчымасць валанцёрства на Мядзельшчыне даведаўся даўно, яшчэ калі вучыўся ў школе, цяпер я тут ужо пяты раз. На жаль, руская мова пакуль што мне не даецца, я нават дагэтуль не запомніў імёны перакладчыц, з якімі працую пяты год. Звяртаючыся да Таццяны, кажу: «Ты Аня або Таня? Ах, так, Таня!» — ці то жартам, ці то ўсур'ёз кажа хлопец. — Падчас змены ў кэмпе мы з'ездзілі ў Полацк, Віцебск, Мінск, Лепель і іншыя месцы — усюды прыгожа. Гэты год — не апошні, калі я тут працую, на наступны таксама прыеду, але дзеля іншага маладзёжнага праекта. А беларускія валанцёры, каму да 31 года, у наступным годзе паедуць да нас, у Германію, на работу. Лічу, што такі абмен вопытам карысны для ўсіх нас.

На другім аб'екце працы — дзяўчаты. Як расказалі работнікі, уцяпленне дамоў з выкарыстаннем пліт з трыснёгу — даўгавечнае і якаснае. Сама сыравіна расце на азёрах, таму пры неабходнасці яе можна замяніць. Гэта вельмі экалагічна. Да таго ж у Стахоўцах ладзіцца і вытворчасць такой прадукцыі.

Гэта будаўнічая змена для валанцёраў — не апошняя. Налета моладзі будзе прапанаваны новы праект — далучыцца да будаўніцтва майстэрняў для людзей з інваліднасцю ў Лепелі.

Дар'я ШЛАПАКОВА, Мінск — Мядзельскі раён — Мінск

Фота Вольгі АСТАПОВІЧ

Загаловак у газеце: Чыстай вады і цёплых сцен!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.